“Што гэта за вочы: адно свеціць удзень, а другое — уночы”

У народных уяўленнях Месяц заўсёды супрацьпастаўлялі Сонцу. Сонца свяціла ўдзень і давала жыццё ўсяму жывому на Зямлі. Месяц, наадварот, свяціў ноччу, таму асацыіраваўся з “тым” светам, светам памерлых:”. Па меркаваннях сялян Заходняй Беларусі, Месяц — гэта “пусты незаселены свет, дзе няма нічога, толькі крыжык стаіць”. У час, калі на небе з’яўляўся малады Месяц, трэба было маліцца за тых, хто памёр нядаўна, пры гэтым прыгаворвалі: “За тыя душы, што не дачакаліся Месяца маладога”.

* На Беларусі вельмі часта Месяц называлі “цыганскім сонцам”, таму што яно свеціць “чужым”, тым, хто “не знае божай веры”.
* “З высокай дарогі глядзіць бычок крутарогі” — так у першую і трэцюю фазу звалі Месяц. Аднак часцей за ўсё ў загадках яго называлі рагатым пастухом, які пасе на небе авечак (зоры): “Поле не мерана, авечкі не злічаны, пастух рагаты”.
* Неабходна адзначыць
яшчэ адну цікавую акалічнасць: у славянскіх народаў Месяц мае дзве назвы: і мужчынскую — Месяц, і жаночую — Луна. У любоўных, вясельных і жніўных песнях  жаніх часцей за ўсё параўноўваецца з Месяцам.
* Месяц самым актыўным чынам уплываў на час нараджэння дзіцяці. Калі ён аказвае ўплыў на прылівы і адлівы на Зямлі, то, безумоўна, падпарадкоўвае сабе  і тую “ваду”, у якой развіваецца эмбрыён чалавека.
* У народзе спрадвеку існавала правіла:  усе справы, скіраваныя на працяг роду, паляпшэнне дабрабыту, пачатак будаўніцтва хаты, улазіны і г.д., трэба рабіць на “мужчынскі” Месяц — “маладзік”, і ніколі не рабіць у “жаночую” — Поўню. Параўнайце, сярод беларусаў існавала павер’е: калі на Новы год першым у хату зойдзе мужчына, гэта будзе знакам шчаслівага навалецця, дабрабыту, спрыяльных навін, а калі жанчына — наадварот.
* У народнай культуры два нябесныя свяцілы заўсёды суадносілі адно з другім, надзяляючы іх рысамі чалавека і далучаючы адно да другога пэўнай ступенню сваяцтва. Часцей за  ўсё Сонца і Месяц лічылі мужам і жонкай, радзей —  братам і сястрой. Матыў адвечнага суіснавання двух нябесных свяціл па-свойму асэнсоўваецца ў загадках і легендах: “Сястра да брата ў госці ідзе, а брат ад яе хаваецца”. Сэнс гэтай загадкі тлумачыць легенда пра тое, што некалі Сонца і Месяц былі роднымі братам і сястрой. Але злыя сілы разлучылі іх. Аднойчы яны сустрэліся і пакахалі адзін аднаго. Маці прыйшлося прызнацца, што яны родныя. Пасля таго, як іх шлюб не ўдаўся,  Месяц бяжыць ад Сонейка, як толькі ўбачыць яго на небасхіле, і з’яўляецца толькі ноччу. Гэта легенда захавала ў сабе надзвычай старажытныя сямейна-родавыя стасункі і перш за ўсё тыя архаічныя часы, калі існаваў інцэст — дазвол на шлюб паміж роднымі братам і сястрой. У больш познія часы такія шлюбы былі забаронены. Узгаданая легенда якраз і адлюстравала гэтую памежную сітуацыю. Калі ж забарона парушалася, і маладыя ўступалі ў шлюбныя адносіны, то іх магло чакаць самае жахлівае пакаранне — праклён маці, які, як вядома, нейтралізаваць было немагчыма.
* На працягу некалькіх стагоддзяў у храмах жаніх заручаўся залатым пярсцёнкам,  а нявеста — срэбраным, што адпавядала старажытным  уяўленням  і сімвалізавала саюз паміж Сонцам і Месяцам: “Залаты пярсцёнак залатым бляскам сімвалізаваў сонца, святлу якога прыпадабняўся муж у шлюбным саюзе; срэбраны — падабенства месяца — меншага свяціла, якое зіхацела адлюстраваным сонечным святлом”.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter