Што дазволена Юпiтэру...

Я не зусім зразумеў, дзе ў гэтай вясковай гісторыі мяжа? Мяжа паміж сумненнем і магчымасцямі. Нават пасля таго, як паважаны Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці адгукнуўся на просьбу рэдакцыі (дзякуй вялікі яму!) і праверыў факты, выкладзеныя ў лісце нашага чытача з Глускага раёна. Так, так, я згодзен з кампетэнтным заключэннем: ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адказана пасля цяпер ужо трэцяй праверкі, уключаючы раённыя міліцыю і пракуратуру. Няма юрыдычных падстаў і няма за што вясковага начальніка караць...
Справы няма, а чалавек застаўся. І разам з ім застаецца адзін фактар – сумленне. Чаму менавіта намесніку старшыні СВК “Слаўкавічы” дазволена тое, што не пашкодзіла б любому індывідуальнаму забудоўшчыку? Чаму яму ўдалося дабіцца выгаднага рашэння праўлення кааператыва, па якому 15 фундаментных блокаў і 15 пліт перакрыцця з неперспектыўнага даўгабуда набыта за 252 тысячы рублёў? (Гісторыя, як вы, пэўна, ужо здагадаліся, простая: бацька з высокім, па вясковых мерках, службовым становішчам будуе для сына ў райцэнтры дом і, зразумела, шукае, як, па магчымасці, зрабіць таннейшым разумны сямейны праект.) Калі б гэта законная, паводле матэрыялаў праверкі, аперацыя праводзілася ў вялікім ці нават малым горадзе, ніхто б нічога і не казаў. А ў вёсцы ведаюць усё! І бачаць усе! І калі аднавяскоўцам цяпер позна растлумачваць, чаму дванаццаць год назад закінута будаўніцтва сталовай у Слаўкавічах – без належнай кансервацыі і абавязковай пасля гэтага штогадовай бухгалтарскай пераацэнкі аб’екта, то растлумачыць – галосна і прынародна, чаму аднаму дазволена тое, чаго іншы не даб’ецца ніколі, на мой погляд, зусім было б не лішне. Каб, ведаеце, размоў на вёсцы не было — пра ўседазволенасць начальнікам. Каб, як напісаў у рэдакцыю чытач Міхаіл Валадзько, была мяжа абурэнню аднавяскоўцаў... Можа здацца на першы погляд, што ў адрозненне ад Глускага райвыканкома, адміністрацыі — Маскоўскага райвыканкома і ахоўна-эксплуатацыйнага камунальнага унітарнага прадпрыемства “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі” вялікага горада (а не якой-небудзь там глускай весачкі!) — Мінска паклапаціліся аб людскім тэрытарыяльным настроі: “Жалоб от жителей близлежащих домов на организацию парковки не поступало», — не згаварыўшыся , заключылі яны свае адказы “Рэспубліцы” на артыкул “Што вы робіце! Як што – грошы” ад 23.01.2004 года. Райвыканкомаўцы рукой Тамары Шманенка і “гаражнікі” ў выкананні Валерыя Міхайлоўскага за саліднымі подпісамі іх кіраўнікоў ці намеснікаў запэўніваюць урадавую газету: маўляў, не варта было публічна хвалявацца з-за такіх дробязей (нагадаю, у студзеньскім артыкуле крытыкаваліся падыход да арганізацыі дзяржаўных і танных аўтастаянак у мікрараёне Малінаўка і вельмі падазронае ўзнікненне на гэтым дэфіцытным фоне камерцыйнай стаянкі па высокіх расцэнках і на дзяржаўным асфальце разваротнага кальца аўтобусаў...). Ёсць у адказе спасылкі і на рашэнне Мінгарвыканкома, і на ўзгадненні розных адказных гарадскіх устаноў, у тым ліку Камітэта архітэктуры, горадабудаўніцтва і землеўпарадкавання, і ўлад. Пры гэтым абедзве паважаныя інстанцыі сцвярджаюць, што “производственному кооперативу “Октябрьский” разрешена организация временной, сроком на один год, ночной охраняемой парковки...”. Гэта няпраўда, што “ночной”! Стаянка там – кругласутачная, таварышы кіраўнікі, і аплату там бяруць з “жителей прилегающих домов” ад месяца і надта ж высокую – сорак тысяч рублёў. На галоўныя пытанні газеты: чаму стаянка не дзяржаўная і не па 24 тысячы і хто прыняў канчатковае рашэнне аб гэтым, адказу, як вы здагадаліся, не далі. Я патэлефанаваў абодвум выканаўцам афіцыйных папер. Валерый Міхайлоўскі з УП “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі” адразу прызнаўся, што артыкула не чытаў. І дабавіў неяк таямніча і недыпламатычна: маўляў, лухта гэты артыкул, вы не там капаеце... З далейшай размовы я зразумеў, што не заўсёды паважанаму УП даюць дазвол на зямельныя ўчасткі пад стаянкі ў мнагалюдных мікрараёнах, а даюць калі-нікалі тым, хто валодае нейкімі чарадзейнымi магчымасцямі... Тамара Шманенка з райвыканкома працягвала мяне запэўніваць, што камерцыйная стаянка — начная і што дзяржаўныя стаянкі, на якіх меней чым 100 машын, нерэнтабельныя. Пра іншае – ні слова, нават пра тое, што ў выніку гэтага высокарэнтабельнага чыйгосьці дазволу (дарэчы, стаянка прыкладна на 200 машын!) пасажыры ў маршрутныя аўтобусы вымушаны караскацца прама са снежных сумётаў. — Вы былі хоць там, на месцы? – пытаюся ў суразмоўнiцы. — Канешне. Чаму ж не ўбачылі, шаноўная Тамара Міхайлаўна, таго, што відна добра і амаль усім?.. На маё тэлефоннае запытанне абяцаў разабрацца з сітуацыяй у межах сваёй кампетэнцыі, канешне, старшыня Маскоўскага райвыканкома Яўген Дукор – аўтарытэтны і прынцыповы кіраўнік мясцовай улады (як высветлілася, не ён падпісваў адказ у газету). Я ўпэўнены: яму гэта ўдасца, нават калі спатрэбіцца і дапамога пракурора...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter