Што часцей запісвалі дзеля памяці яшчэ 400 гадоў назад

У Кіеве знойдзены рукапіс шляхціца з крупскіх Халопенічаў. У зборах Інстытута рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя В. Вярнадскага маю ўвагу прывабіў рукапіс першай паловы ХVІІ стагоддзя фарматам “у чвэртку” і памерам звыш 60 аркушаў. Гэта своеасаблівая запісная кніжка, у якой фіксаваліся на польскай і зрэдку на лацінскай мовах звесткі пра розныя дзяржаўныя (да прыкладу, смерць каралёў Рэчы Паспалітай, нараджэнне іх нашчадкаў), грамадскія і маёмасна-сямейныя падзеі.
Старажытныя рукапісы адкрываюць таямніцы гісторыіУ зборах Інстытута рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя В. Вярнадскага маю ўвагу прывабіў рукапіс першай паловы ХVІІ стагоддзя фарматам “у чвэртку” і памерам звыш 60 аркушаў. Гэта своеасаблівая запісная кніжка, у якой фіксаваліся на польскай і зрэдку на лацінскай мовах звесткі пра розныя дзяржаўныя (да прыкладу, смерць каралёў Рэчы Паспалітай, нараджэнне іх нашчадкаў), грамадскія і маёмасна-сямейныя падзеі.

Мяркуючы па тым, што ў рукапіснай кніжцы часта згадваюцца Орша і Віцебск, а найчасцей мястэчка Халопенічы, якое тады было ў Аршанскім павеце, а цяпер у Крупскім раёне, можна дапусціць думку, што аўтар запісаў, хутчэй за ўсё, валодаў маёнткам Халопенічы, якія тады былі прыкметным рэлігійным і гандлёвым асяродкам. На кніжцы ёсць экслібрыс, на якім імя ўладальніка чытаецца выразна — Міхайла, а вось прозвішча невыразна, прыблізна — Рэйла.

Што ж хвалявала аўтара запісаў? На першы погляд, нічога асаблівага: рэцэпты лекаў, у тым ліку “сіропу на дыхавіцу і на сухоты”, рэцэпты гарэлкі, розных гатункаў піва і медавухі. Але затым ідуць запісы аб ураджаях збажыны, колькасці жывёлы, кухоннага начыння, план нейкага будынка (магчыма, халопеніцкай сядзібы), кантракты з работнікамі (заключаліся яны і тады). А далей — рэестры даходаў і расходаў, рэестр збору падаткаў з халопеніцкага маёнтка за 1620 год. Усё гэта робіць рукапіс сур’ёзнай, каштоўнай крыніцай для гісторыі беларускай эканомікі і паўсядзённага жыцця прыгонніцкіх часоў.

Аднак найбольш цікавым нам здаецца запіс, зроблены 30 сакавіка 1621 года аб прыездзе ў Халопенічы айца Лявонція Есіфовіча (безумоўна праваслаўнага). Яму былі перададзены каштоўныя дары: келіх з “міскай” і лыжкай, рызы і, што самае важнае, кнігі: “Трыёдзь посная”, “Апостал” (можа, выданне Скарыны?), “Службоўнік” і іншыя. Кнігі былі ўзяты ў нейкага пана Мацвея Юркавіча Мутніцкага і сведчаць пра распаўсюджанасць іх сярод тагачаснай шляхты. Пералічваюцца прывезеныя для царквы “абразы з Юркевіч” — 2, “абразы ад Атрош(?)” — 4, “абразы ад пана Ейгерда” — 9.

Пад 1635 годам занатавана паведамленне пра выраб (відаць, для халопеніцкай святыні) у Вільні звона, на які ці то сам аўтар запісу, ці то віленскі ваявода даў 30 фунтаў бронзы.

Якім жа чынам рукапіс з Халопеніч трапіў у Кіеў? Адказ на гэтае пытанне дае другі ўладальніцкі запіс: “З бібліятэкі графа Іаахіма Храптовіча”. Значыць, з Аршаншчыны рукапіс спачатку трапіў ў Шчорсы пад Навагрудкам, а потым, у пачатку ХХ стагодддзя, разам з усімі зборамі славутай храптовічаўскай бібліятэкі быў перавезены як часовы дэпазіт у Кіеў.

Юрый Мыцык, прафесар Кіева-Магілянскай акадэміі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter