Што ў чашы? У гэтым краі “гаворыць” дрэва і змей ладзіць добрыя світкі.

Чашнікі вядомыя з ХVI стагоддзя як мястэчка Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Упершыню яны ўзгадваюцца ў 1504 годзе. Хутчэй за ўсё назва гэтага горада ўтварылася ад пасады, якая існавала ў Старажытнай Русі. Чашнік — гэта прадстаўнік княжацкай адміністрацыі, які адказваў за пчалярства і мёдаварэнне для княжацкага стала. Па другой версіі, сваёй назвай горад абавязаны месцаразмяшчэнню. Ён знаходзіцца ў нізіне адносна паверхні Лукомскага возера, быццам бы ў чашы.

Чашнікі вядомыя з ХVI стагоддзя як мястэчка Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Упершыню яны ўзгадваюцца ў 1504 годзе. Хутчэй за ўсё назва гэтага горада ўтварылася ад пасады, якая існавала ў Старажытнай Русі. Чашнік — гэта прадстаўнік княжацкай адміністрацыі, які адказваў за пчалярства і мёдаварэнне для княжацкага стала. Па другой версіі, сваёй назвай горад абавязаны месцаразмяшчэнню. Ён знаходзіцца ў нізіне адносна паверхні Лукомскага возера, быццам бы ў чашы.

Цёплае возера
Старажытнае слова “лукома” азначае “выгіб рачнога ці азёрнага берага”. Князі  Лукомскія належалі да старажытных княжацкіх родаў у Беларусі. Што ж датычыцца самога Лукомскага возера, то яно лічыцца адным з буйнейшых у Беларусі па плошчы пасля Нарачы, Асвейскага і Чырвонага азёр. Яго плошча 36,7 квадратнага кіламетра, глыбіня — 11,5 метра. Лукомскае возера багатае на  іхтыяфаўну — тут жыве каля 20 відаў рыб.
Унікальнае возера і тым, што ў халодную пару года яно цалкам не замярзае, бо з 1969 года Лукомскае выкарыстоўваецца як ахаладжальнік Лукомскай ДРЭС. Ачышчаную ваду прадпрыемства вяртае прыкладна на 8 градусаў вышэй, чым у возеры, што аказвае значны ўплыў на ход прыродных працэсаў у вадаёме. Адзначаецца “амаладжэнне” возера, а бязлёдавы перыяд павялічыўся на два месяцы. У незамярзаючай частцы возера ахвотна зімуюць качкі. Цёплае асяроддзе спрыяе і росту водарасцяў, таму ДРЭС штогод закупляе рыб, якія іх ахвотна ядуць.

Беларускі асветнік
У Чашніцкім раёне — карані Жарэса Алфёрава, сусветна вядомага вучонага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі. І ўсё ж самым знакамітым ураджэнцам гэтага краю лічыцца беларускі асветнік-гуманіст, кнігадрукар, пісьменнік і перакладчык Васіль Цяпінскі, які нарадзіўся ў вёсцы Цяпіна.
У 1570-я гады ён арганізаваў на свае грошы друкарню, каб выдаць перакладзенае ім на старабеларускую мову “Евангелле”. Цяпінскага можна назваць чалавекам, які працягваў справу Францыска Скарыны. Васіль Цяпінскі ў поўны голас заявіў пра неабходнасць развіцця навукі, літаратуры, культуры на роднай мове, заклікаў вывучаць на ёй таксама і Закон Божы.

Унікальная царква
Адна з унікальных беларускіх цэркваў, Троіцкая, знаходзіцца якраз у Чашніцкім раёне. Для мясцовых жыхароў больш звыклая назва — Белая царква, у гонар вёскі, дзе яна з’явілася. Пабудавалі царкву ў ХVI стагоддзі на беразе возера.
Існуе меркаванне, што да стварэння гэтага помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння мае дачыненне вядомы італьянскі дойлід Арыстоцель Фіараванці. Справа ў тым, што кладка сцен і зводаў адпавядае кладцы Успенскага сабора, які пабудаваў гэты архітэктар у Маскве. І сёння спецыялістаў уражвае дакладны інжынерны разлік. Унікальныя сцены і зводы Троіцкай царквы захаваліся да нашых дзён. У адрозненне ад тыповых помнікаў архітэктуры ў Беларусі, Расіі і Італіі яны ніколі не пераробліваліся.

Мемарыяльны комплекс “Вішанькі”
У 16 кіламетрах ад Чашнікаў калісьці знаходзілася вёска Вішанькі. Аднак яе напаткаў лёс Хатыні. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны тут было 32 двары, 160 жыхароў, а ў час ваеннага ліхалецця на гэтым месцы амаль нічога не засталося — ворагі спалілі 29 двароў і 116 жыхароў. У 1984 годзе на месцы вёскі быў адкрыты мемарыяльны знак. Зараз тут знаходзіцца мемарыяльны комплекс. Наогул за 1941—1942 гады акупанты знішчылі звыш трох тысяч мірных жыхароў раёна — у Чашніках, вёсках Лукомль, Чарэя і Красналукі.

Змееў камень
Гэта дзіва знаходзіцца ля вёскі Гогалеўка. Камень мае значныя памеры — яго даўжыня амаль 10 метраў, а таўшчыня 4 метры. Сюды ён “дапоўз” са Скандынавіі 20 тысяч гадоў назад.
Паводле легенды, калісьці ў гэтым камені жыў змей, які мог прымаць чалавечае аблічча — станавіўся панам хоць куды. Ён размаўляў і, дарэчы, быў выдатным краўцом. Старыя казалі, што ў яго доме было акно, куды людзі падавалі сукно і грошы. І змей за гэта ладзіў добрую світку. Праўда, калі змея прасілі пашыць адзенне, каб ля сахі хадзіць, ён бліскуча выконваў заказ. Калі ж патрабавалі вопратку на святы, дык кравец прышываў адзін рукаў ззаду, другі — на плячах. Адно з паданняў сцвярджае, што загінуў той змей па віне сваёй каханай. Дзяўчына наўмысна не разбудзіла любага, калі пачаўся дождж з маланкай. Змей не змог уцячы ад перуна.

Паэма ў дрэве
У жыхаркі вёскі Млын Ганны Асіпковай — залатыя рукі. У іх літаральна “спявае дрэва”, бо створаныя майстрам скульптуры цудоўна перадаюць рысы чалавечых характараў і пачуцці людзей. Ганна Савельеўна ў мінулым — настаўніца малявання і чарчэння Кашчынскай школы. Нежаночай справай, разьбой па дрэве, яна захапілася дзякуючы свайму дзеду. Ён займаўся майстэрствам.
Работы Асіпковай — творчасць не толькі рук, але сэрца і душы. Нездарма іх называюць паэмай у дрэве. Часцей за ўсё ў сваіх скульптурах жанчына адлюстроўвала казачныя і біблейскія сюжэты, а таксама побыт сялян. Талент славутай жыхаркі Чашніцкага раёна ацанілі не толькі ў Беларусі і суседніх краінах, а нават у Канадзе, Балівіі, Францыі, дзе адбыліся выставы народнага майстра. Мясцовыя жыхары і нават прыезджыя з цікавасцю заглядваюць у госці да Ганны Савельеўны, каб пабачыць яе дом, упрыгожаны звонку драўлянымі скульптурамі і дэкаратыўнай разьбой.

“Крыніца” энергетыкі
Менавіта ў Чашніцкім раёне знаходзіцца флагман беларускай энергетыкі — Лукомская ДРЭС. Яна складаецца з васьмі энергаблокаў магутнасцю па 300 мегават кожны. Станцыя забяспечвае электраэнергіяй палову жыхароў Беларусі. Цікава, што ў снежні 2009 года ДРЭС святкавала такую падзею, як 40 гадоў з дня пуску першага энергаблока.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter