Што Бог злучыў

Сёння наша размова пойдзе пра сужэнства — адзін з сямі сакрамэнтаў (таінстваў) Касцёла.

Сёння наша размова пойдзе пра сужэнства — адзін з сямі сакрамэнтаў (таінстваў) Касцёла. Шлюб — адказны крок у жыцці кожнага чалавека, таму варта ведаць пра яго сэнс, асаблівасці і правільнае разуменне
ў Каталіцкім Касцёле.

Сужэнства заключаецца для ўзаемнага дабра сужонкаў, а таксама для нараджэння і выхавання дзяцей. Каталіцкі Касцёл лічыць, што шлюб заключаюць самі маладыя праз публічнае выражэнне сваёй волі да гэтага. Менавіта таму на шлюбе прысутнічаюць два сведкі. Паколькі іх функцыя заключаецца толькі ў засведчанні таго, што шлюб адбыўся, веравызнанне сведак шлюбу не мае істотнага значэння. Гэта не хросныя бацькі, што пакліканы прымаць непасрэдны ўдзел у выхаванні хрысціяніна.

Касцёл мае практыку праводзіць падрыхтоўку тых асоб, якія жадаюць узяць шлюб. Паколькі яна займае некаторы час, недастаткова прыйсці і прасіць аб шлюбе ў Касцёле напярэдадні самога дня заключэння сужэнства. Лепш зрабіць гэта прыкладна за тры месяцы да запланаванай даты шлюбу або раней. Варта пацікавіцца, якія дакументы неабходна будзе прадставіць і як будзе праходзіць падрыхтоўка да гэтага важнага жыццёвага кроку. Звычайна шлюб заключаецца ў парафіі маладога або маладой, спрошчана кажучы, гэта значыць там, дзе адзін з іх пражывае. Калі нарачоныя жадаюць пабрацца шлюбам у іншым месцы, то яны павінны атрымаць на гэта адпаведны дазвол.

Толькі смерць можа разлучыць сужонкаў. Такім чынам, ніхто не можа заключыць сужэнства ў Касцёле паўторна пры жывым сужонку. Практыкі “разводаў” у Каталіцкім Касцёле не існуе. Пры гэтым трэба адзначыць, што калі адносна нейкай пары людзей выконваецца вышэйназванае правіла, то Каталіцкі Касцёл прызнае сужэнствы, якія заключаны ў Праваслаўнай Царкве, сапраўднымі і ўспрымае асоб, якія пабраліся шлюбам у Царкве, як пашлюбаваных.

Сужэнства могуць заключыць толькі тыя мужчына і жанчына, што не маюць паміж сабой перашкод і валодаюць правільным разуменнем шлюбу, могуць прыняць на сябе і выканаць усе істотныя сужэнскія правы і абавязкі. Калі дадзеныя ўмовы не выконваюцца і гэта можна даказаць, то шлюб лічыцца несапраўдным, г. зн. такім, які не меў месца. Менавіта таму перад шлюбам нарачоныя прыходзяць на размову са святаром, падчас якой запаўняюць адпаведныя дакументы для высвятлення ўсіх неабходных падрабязнасцей на гэты конт.

Калі нейкая пара заключыла толькі “дзяржаўны” шлюб, зарэгістраваўшы свае адносіны ў дзяржаўных структурах, то, згодна з вучэннем Касцёла, такія людзі не з’яўляюцца мужам і жонкай. Чалавек, які не заключаў касцельнага сужэнства, мае сталыя інтымныя стасункі з іншай асобай, не можа ў звычайных выпадках спавядацца і прымаць святую Камунію (Прычасце). Так адбываецца таму, што такі чалавек не толькі парушае запаведзь не распуснічаць, але і не мае волі выправіцца. Адносна ўсіх пытанняў пра касцельнае сужэнства варта кансультавацца з мясцовым святаром.

“Падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: “Што наказаў вам Майсей?”. Яны сказалі: “Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца”. А Езус сказаў ім у адказ: “Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае...” (Мк 10, 2—12).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter