Што аддаў — тое і тваё

Уладзімір Ліпскi напiсаў кнiгу пра кiраўнiка «Астрамечава» Аляксея Скакуна

«Скакун на скакуне абскакаў аксакалаў, даскакаў да славы...»

«Кожны па-свойму ўслаўляе тое месца, на якім выпала яму спазнаць прыгоствы жыцця і самога сябе...» Мудрыя радкі з кнігі пісьменніка Уладзіміра Ліпскага «Мужык» міжволі прымушаюць чытача падумаць пра ўласны лёс, параўноўваючы свае сціплыя дасягненні з дастойнымі дасягненнямі героя аповяду.

Звыш трыццаці гадоў Аляксей Скакун узначальвае адну з самых перспектыўных гаспадарак краіны — СПК «Астрамечава», якое абяднала 17 вёсак і 12 тысяч гектараў зямлі...

«Аднойчы мы пачалі з Аляксеем Сцяпанавічам разгадваць нечаканы рэбус: хто Скакун у жыцці? — піша аўтар. — Вось такі адказ атрымаўся, ледзь аловак не спісаўся.

Ён — унук і сын, муж і бацька, брат і дзед, старшыня і дэпутат, вучоны і сенатар, заатэхнік і эканаміст, дыпламат і палітык, інжынер і механік, шафёр і камбайнер, араты і прамоўца, аграном і садавод, журналіст і фатограф, шахматыст і більярдыст, жартаўнік і вандроўнік...»

Вось колькі іпастасяў у гэтага крутога, інтэлігентнага аграрніка, які яшчэ на пачатку сваёй прафесійнай кар’еры так дбаў пра будучае сельскай гаспадаркі:

«Трэба нам аднойчы прачнуцца, і засаромецца, і абазліцца на саміх сябе, — вырашыў Аляксей Сцяпанавіч, — трэба з дапамогай разумных прынцыпаў выйсці на эфектыўны аграрны шлях. Трэба рашуча адмовіцца ад заскарузлай савецка-калгаснай практыкі, калі сямёра стаяць на стозе, а адзін падае ім сена, калі садзяцца есці — пацеюць, а як пачынаюць працаваць — мёрзнуць...»

На старонках дакументальнай аповесці — гістарычны экскурс і публіцыстыка, палеміка і развагі, лірыка і гумар, трапныя параўнанні. Па ўсім адчуваецца: аўтар бездакорна валодае мастацкім словам, шчодра і да месца ўжывае жывую мову беларускай вёскі: «...калі Скакун загарэўся нечым новым — не патушыш венікам, не астудзіш лёдам, не супыніш аніякім святлафорам». «Раней казалі: ад навукі дужэюць рукі. Гэтага мала. Ад навукі павінны мацнець умалот і народ, галава і тыя ж «закрома». Ведай, мужык, што гаварылі твае продкі: чалавек невучоны, як тапор нетачоны. Хочаш многа знаць — трэба меней спаць...»

Мурожныя сенажаці, поймы палескіх рэк, векавыя сосны, буслы над рознакаляровымі палеткамі... Такі сённяшні дзень «Астрамечава», дзе ўвасобіліся ў рэчаіснасць адвечныя мары нашых продкаў.

Спецыялізацыя гаспадаркі Скакуна — вытворчасць малака, мяса, вырошчванне зерня, яблыкаў. Ёсць зверагадоўчы комплекс па вырошчванню норкі, свой цэх па пашыву футравых вырабаў. Адным словам, Аляксей Сцяпанавіч змог укараніць у родных мясцінах усё перадавое, чым валодае сучасная аграрная навука. І свой багаты вопыт ахвотна перадае іншым. Можа падказаць не адну цікавую і па-дзяржаўнаму актуальную тэму. Напрыклад, такую.

«Прадукцыя сялян-мужыкоў адвечна патрэбная, і, слава богу, ёсць з кім дзяліцца. Спажыўцы аднолькава хочуць есці як у горадзе, так і ў вёсцы. Але чаму мы, задумаўся Аляксей Сцяпанавіч, павінны бясплатна карміць гандляроў, пасрэднікаў паміж нашым таварам і пакупніком?

Пра гэта ён аднойчы смела заявіў на рэспубліканскай нарадзе, на якой абмяркоўваліся задачы па павышэнні эфектыўнасці работы аграпрамысловага комплексу. Яго ўважліва слухаў і каменціраваў Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка...»

Развагі пра зямельнае пытанне і ўражанні ад паездак у аграрныя раёны развітых краін свету Скакун грунтоўна абагульняў ва ўласных кнігах. Пра яго НЭПы (навядзенне элементарнага парадку, новую эканамічную палітыку, навукова-эканамічны падыход, новую экалагічную прадукцыю...) чулі, напэўна, многія. І не дзіва: сёння Скакуна ведае ўся Беларусь. Ён не толькі кіраўнік вядомага ў краіне СПК, а і доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук. 

«Як жа не пагадзіцца з гаспадаром, які навідавоку ўсяе Беларусі перакройвае аблічча сельскіх паселішчаў, які ўдыхае ў іх жыхароў купалаўскую веру: «Я буду жыць, бо я — мужык!» — зазначае аўтар і ўсебакова даследуе біяграфію свайго героя, увасабляючы няпростую задачу паказаць, як беларускі мужык узнімаецца на вяршыню, вырашаючы праблемы сучаснай вёскі.

І робіць гэта Ліпскі, па ўласным прызнанні, дзеля высакароднай сацыяльнай мэты: «Хацелася б, каб лёс майго героя крануў ваша сэрца, каб памяць распаліла полымя настальгіі па малой радзіме, па роднай зямельцы, палітай потам вашых продкаў, каб вам прыгадаліся ў вашым радаводзе ўсе-ўсе «паны сахі і касы».

Не дзіва, што ў чытача, перагарнуўшага апошнія старонкі такога цікавага аповеду, не ўзнікае сумнення, што «па шляху, пратаптаным Аляксеем Сцяпанавічам, пойдуць яшчэ больш апантаныя мужыкі ды зробяць свой скачок у новае заўтра...»

На здымку: кніга лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Уладзіміра ЛІПСКАГА «Мужык».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter