Шостае жыццё «Рыгалета»

У Вялікім тэатры — новая версія знакамітай оперы Дж. Вердзі

У Вялікім тэатры — новая версія знакамітай оперы Вердзі

Прэм’ера «Рыгалета» адбудзецца ў Вялікім тэатры 1-га і 2 сакавіка. На яго сцэне гэта шостая па ліку версія знакамітай оперы Джузэпэ Вердзі. Дзеля таго каб спектакль набыў свежую энергію і новую форму, у тэатр запрасілі аднаго з самых запатрабаваных эстонскіх рэжысёраў Неэме КУНІНГАСА, у ліку творчых дасягненняў якога — пастаноўка больш за сто опер, аперэт і мюзіклаў, праца з тэатрамі Расіі, Кітая, Еўропы.

Новы «Рыгалета» стане трэцім зваротам рэжысёра да шэдэўра Вердзі. Разам з Неэме Кунінгасам над спектаклем працавалі галоўны дырыжор Вялікага тэатра Віктар Пласкіна, сцэно¬граф з Фінляндыі Ганна Контэк, галоўны хормайстар Вялікага тэатра Ніна Ламановіч. У пастаноўцы задзейнічана тры саставы артыстаў.

Як распавёў журналістам напярэдадні прэм’еры Неэме Кунінгас, перад пачаткам працы над операй у Мінску ён меў пэўную апаску: ці не засумуюць артысты, бо спектакль ставіўся ў тэатры ўжо некалькі разоў, ці ўспрымуць яго метад працы, ці ўдасца знайсці агульную мову. Але хваляванні аказаліся марнымі.

— Знайсці агульную мову было зусім не складана, бо я выпускнік ГИТИСа, у нас адны карані, мы сваякі па мастацтве. У Мінску я сустрэўся з вельмі таленавітымі людзьмі. Да таго ж усе галоўныя выканаўцы — артысты рознага вопыту, узросту, мыслення, што было вельмі цікава мне як рэжысёру. Я рады, што ў ходзе працы склалася цудоўная творчая атмасфера, нашы сустрэчы ў рэпетыцыйнай зале былі цікавымі, добразычлівымі, вясёлымі. Наогул, лічу, у тэатры павінны працаваць людзі з пачуццём гумару, творчым настроем, скіраваным на добры вынік, — сказаў Неэме Кунінгас.

На думку рэжысёра, зараз опера перажывае вельмі складаны і цікавы перыяд. Яна паступова вяртаецца да вытокаў, сёння ўжо не трэба завабліваць публіку ў тэатр канцэптуальнымі выдумкамі, трукамі, рэжысёрскімі эксперыментамі.

— Назіраецца цікавасць гледача да герояў, падзей і адносін, якім хочацца суперажываць, яму цікавыя рэжысёры, якія распавядаюць гісторыю. Таму ў нашым «Рыгалета» мы імкнуліся, каб усе персанажы былі пазнавальнымі, а іх пачуцці — блізкімі сучаснікам, — распавёў Неэме Кунінгас.

Мастак Ганна Контэк — аўтар сцэнаграфіі і касцюмаў больш чым для 100 опер, балетаў і тэатральных пастановак, якія ідуць у розных краінах свету. Яна даўно і паспяхова супрацоўнічае з Неэме Кунінгасам, але ў «Рыгалета» — упершыню.

Для спектакля ў Мінску яна стварыла вельмі мабільную канструкцыю, якая лёгка адаптуецца для любой сцэны. Для дэкарацый сцэнограф выкарыстала подыум, які круціцца, і люстраныя сцены, што дазволіць гледачам на працягу спектакля назіраць за ўсімі дзеяннямі персанажаў. Акрамя таго, дэкарацыі зроблены з улікам акустыкі залы, што для оперы асабліва важна.

-----------------------------------------

Цікавы факт

Баючыся, што песенька Герцага (знакамітая «Сердце красавицы склонно к измене») стане вядомай яшчэ да прэм’еры оперы, кампазітар паказаў яе выканаўцам толькі на апошняй рэпетыцыі. Тым не менш, калі публіка выходзіла з тэатра, усе напявалі і насвіствалі яе матыў. Сёння ж практычна кожная арыя «Рыгалета» стаў хітом.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter