Механизатор ОАО «Городея» Георгий Лихута больше тридцати лет выращивает и убирает хлеб

Шматразовы пераможац рэспубліканскага спаборніцтва сярод камбайнераў механізатар нясвіжскага ААТ «Гарадзея» Георгій Ліхута: «Лепш аддаць сваё, чым спадзявацца на чужое»

Кожны чалавек у сэрцы носіць той запаветны куточак, дзе нарадзіўся і зрабіў першы крок. Механізатар ААТ «Гарадзея» Георгій ЛІХУТА толькі на час вучобы і службы ў арміі пакідаў родную Нясвіжчыну. Да сялянскіх падворкаў яго невялікай вёскі Забалацце, раскінутых на крутым перакаце, падступаюць шырокія палі. Урадлівая зямля шчодра аддзячвае хлебаробам за старанне. Самаадданай працай заслужыў гонар і пашану Георгій Міхайлавіч. Больш за тры дзесяцігоддзі ён вырошчвае і ўбірае хлеб. Неаднаразова перамагаў у рэспубліканскім спаборніцтве сярод камбайнераў. На свяце-кірмашы «Дажынкі-2004» у Ваўкавыску Прэзідэнт уручыў яму дыплом з ключамі ад легкавога аўтамабіля і пажадаў надалей высока несці годнасць хлебароба.



Перадавы механізатар уганараваны медалём «За працоўныя заслугі», граматай Мінсельгасхарча, медалямі Беларускага прафсаюза працаўнікоў сельскай гаспадаркі «За заслугі» і «Нясвіжскаму раёну 75 гадоў». Ён пераможац прафесійнага конкурсу «Майстар Мінскай вобласці — 2020».

У роднай вёсцы Забалацце Георгій Ліхута застаўся пасля заканчэння сярэдняй школы. Разам з атэстатам атрымаў пасведчанне вадзіцеля аўтамабіля. Пачынаў слесарам, а ў жніво стаў памочнікам камбайнера. Хутка засвоіў кіраванне збожжаўборачным «Донам». Да прызыву ў армію працаваў у рамонтнай майстэрні. Адслужыў у Групе савецкіх войск у Польшчы, у Гарадзеі скончыў курсы механізатараў і атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста. У гаспадарцы яму выдзелілі трактар. Бацька Міхаіл Міхайлавіч дапамог адрамантаваць яго.

Працаваў Георгій заўзята, а вечарамі рыхтаваўся да паступлення. Паспяхова здаў уступныя экзамены ў Беларускі сельгастэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў. Атрымаў дыплом заатэхніка і ўзначаліў у гарадзейскай гаспадарцы жывёлагадоўчую ферму «Копцеўшчына». Упадабаў дзяўчыну з суседняй вёскі Студзёнка. Ірына пасля школы ўладкавалася на шклозавод «Нёман» у Лідскім раёне. Пераканаў яе вярнуцца дамоў. Згулялі вяселле. Гаспадарка выдзеліла маладым кватэру ў вёсцы Вялікая Лысіца.

Вясною, як абудзілася зямля і тэхніка выйшла ў поле, Георгій Ліхута рашуча вярнуўся на трактар. Летам убіраў збожжавыя. Памочнікам у яго працаваў 14-гадовы сын Дзмітрый. Па намалотах яны занялі першае месца ў гаспадарцы. На другі год таксама ўтрымалі лідарства. Калі Дзмітрый пасля васьмігодкі паступіў у сталічны тэхнікум, на жніве яго замяніў малодшы брат Яўген. Сямейны экіпаж Ліхутаў неаднаразова прызнаваўся лепшым у Нясвіжскім раёне. Адзінаццаць сезонаў Георгій Міхайлавіч адпрацаваў на «Доне» і «Ніве». З памочнікам Вячаславам Мартосам засвоілі камп'ютарнае кіраванне камбайнам.

— Два дзесяцігоддзі штолета ўбіраю на гэтым камбайне збожжа. Дарослымі сталі сыны, атрымалі вышэйшую адукацыю, — усміхаецца Ліхута. — Студэнтамі на канікулах працавалі са мной на жніве. Справа адказная, патрабуе старання і ўмення. У нас заўжды ўсё атрымлівалася ладна. За гады эксплуатацыі механізмы камбайна фізічна састарэлі. Некаторыя запчасткі ў сваёй майстэрні вырабляем. Дырэктар гаспадаркі Мікалай Салавей жартуе, што на заслужаны адпачынак пайду разам з камбайнам. Наш машынна-трактарны парк абнаўляецца беларускай тэхнікай. Старыя агрэгаты замянілі сямю гомсельмашаўскімі, і яны працуюць надзейна. Зараз на МТЗ-1221 падводжу на палетак вадкія ўдабрэнні. Падкормліваем азімыя збожжавыя. Працуе і пасяўная тэхніка. Кожны дзень дадае нам клопатаў на полі.

— Што адчуваеце такім часам?

— Вясной сэрца ахоплівае прыемнае пачуццё запатрабаванасці. Асабліва адчуў гэта пасля мінулай зімы, калі ў нас многія хварэлі на каронавірус. Паступова вяртаемся ў нармальны працоўны рытм. Масава прайшла вакцынацыя. Дні павялічваюцца, сонца грэе зямлю. З суседніх лясоў паласавацца рунню выходзяць касулі. У былыя гады хадзілі гурты дзікоў. У сваё гняздо на воданапорную вежу, што на машынным двары, вярнуліся буслы. Маладая пара гэтых птушак аблюбавала высокі слуп і летась пачала абжывацца. Чалавеку няблага павучыцца прыроднай складнасці.

З вяртаннем пералётных птушак звычайна выходзім у поле і пасля іх адлёту ў вырай завяршаем сельскагаспадарчы год. У гэты прамежак трэба паспець пасеяць, дагледзець палі, убраць ураджай. Сучасная тэхніка дапамагае з усім паспяхова спраўляцца. У кабінах трактароў, камбайнаў камфорт: працуе кандыцыянер. Прыемна бачыць, як пасля сяўбы на полі прабіваюцца ўсходы. Для мяне вясна — час ажыўлення дзейнасці. Акрамя працы ў гаспадарцы, трэба паспець агарод засеяць, прыбраць падворак, навесці парадак. Інакшым не ўяўляю свайго жыцця.

На нас, хлебаробах, вялікая адказнасць. Асабліва зараз, калі ў свеце неспакойна. Паўднёвыя суседзі наўрад ці засеюць усе свае палі. Гэта створыць дэфіцыт хлеба, іншых прадуктаў. Ужо заўважны рост цэн на харчаванне. Што вырасцім на сваёй зямлі, тое і будзем мець. Ад старання кожнага залежыць стан краіны.

Нясвіжскія высокаўраджайныя землі ў былыя стагоддзі нездарма аблюбавалі Радзівілы. Шмат чуў ад бабулі Марыі Сямёнаўны пра яе жыццё, якое выпала на час панскай Польшчы. У пасляваенныя гады, калі арганізавалі калгас, і да выхаду на заслужаны адпачынак бабуля працавала паляводам. Яна была надта набожнай і забараняла нам у выхадныя і святы што-небудзь рабіць. Неадкладнае ў такі дзень выконвалі ўпотай. У нашай сям'і было чацвёра дзяцей. З-за працы ў калгасе бацькам не было калі намі займацца. На школьныя сходы звычайна хадзіла бабуля і выхоўвала нас у строгасці. Пражыла яна амаль сто гадоў. І маёй маці Раісе Канстанцінаўне лёс падараваў доўгі век. Да выхаду на пенсію яна даглядала калгасных цялят, а бацька Міхаіл Міхайлавіч быў адным з лепшых механізатараў гаспадаркі. З братам Дзмітрыем пісаць і чытаць не ўмелі, а трактар лёгка заводзілі. Брат атрымаў вышэйшую адукацыю і працуе інжынерам у капыльскім ААТ «Пясочнае». Сёстры Людміла і Тамара дапамагалі маці ўпраўляцца на агародзе. Мы трымалі некалькі кароў, бычкоў, свіней, курэй. З братам падлеткамі касілі травы. Усёй сям'ёю ездзілі за Нясвіж нарыхтоўваць сена для жывёлы. У старэйшых класах летам на ферме падмяняў цялятніц на час іх водпуску. Зарабляў на адзенне і падрыхтоўку да школы.

— Глыбокай правінцыяй ваш куток не назавеш. Побач — чыгунка, міжнародная аўтатраса. Існуе паданне, што ад Нясвіжскага да Мірскага замка вядзе патайны падземны ход. Таямніцай пакрыта гісторыя пра залатых анёлаў, схаваных на нясвіжскай зямлі. Шмат легенд і паданняў. Не кожнаму пашчасціла мець такую малую радзіму. Ганарыцеся сваімі мясцінамі?

— Прыемна не толькі мець дачыненне да такой багатай спадчыны, але і ведаць яе гісторыю. Паглыбіць веды пра мінулае дае магчымасць Год гістарычнай памяці. Калі еду на трактары ў поле праз суседнюю вёску Галаўцы, звяртаю ўвагу на рэшткі бровара пана Абрамовіча. Дзясятак парабкаў працавалі на ім. Хіба можна параўнаць гэту вытворчасць з цукровым камбінатам, што зараз дзейнічае ў Гарадзеі. Там вялікі калектыў. Дзякуючы вытворчаму гіганту ў навакольных вёсках засталося шмат маладых сямей. У нашай Вялікалысіцкай яслях-садзе — сярэдняй школе больш за 170 выхаванцаў. Важна, што для мясцовай моладзі ёсць праца.

— А чым займаюцца вашы сыны?

— Меншы Яўген — айцішнік. Старэйшы Дзяніс скончыў інжынерны факультэт БДАТУ і працуе намеснікам начальніка вытворчасці па механізацыі ў нашай гаспадарцы. Ён знайшоў сябе ў жыцці, толькі нявесты не стае. Чакаем, калі прывядзе ў наш прасторны катэдж. Атрымалі яго ад гаспадаркі і прыватызавалі. Маем невялікую ўласную гаспадарку. Летась буран прайшоўся па нашым маладым садзе, павыварочваў і зламаў яблынькі. Пасадзім новыя дрэўцы. Праз нізок ад нашага падворка сцяжынка вядзе да бацькоўскай сядзібы. Там жыве мая аўдавелая маці. Што­дня наведваем яе.

— Якое пачуццё вас агортвае, калі пераступаеце бацькоўскі парог?

— Для мяне там усё звыкла. Здзіўляе: некаторыя суседзі, што з гарадоў прыязджаюць адпачыць у вёску, на сваіх участках маюць цяпліцы, а за імі бур'ян расце. Кажу ім, што нельга так запускаць агарод, але слухаць не хочуць. На маім падворку ўсё па-гаспадарску. Кожны куточак дагледжаны. Так і ў нашай гісторыі павінен быць парадак. Каб ніхто не перайначваў яе на свой лад.

Цікавыя факты абагачаюць чалавека. Мой стрыечны брат Валерый Берташ пасля завяршэння службы ў расійскай арміі на заслужаным адпачынку. Хапае часу для працы ў архівах, і ён заняўся вывучэннем радавода. Звярнуўся да мяне за звесткамі пра агульных продкаў. Наш род багаты на цікавых асоб. Былі ў ім хлебаробы, святары, прадстаўнікі іншых прафесій. Аднаго з родзічаў, святара, нямецка-фашысцкія акупанты расстралялі за сувязь з партызанамі. Ад ворагаў загінуў у вайну і мой дзядуля Міхаіл Ліхута.

— У Вялікую Айчынную вайну наша зямля страціла кожнага чацвёртага жыхара. Гітлераўцы намерваліся ўсталяваць так званы новы парадак, па якім прадугледжвалася знішчыць 75 працэнтаў беларускага насельніцтва, астатніх зрабіць рабамі. Такое ніколі не забываецца.

— Гэта трэба ведаць кожнаму. Чамусьці лічыцца, што мы «памяркоўныя» і жывём па прынцыпе «каб толькі не было вайны». Варта ўдумацца ў сэнс гэтых мудрых слоў. Асабліва зараз, калі побач з нашымі межамі неспакойна. Колькі ворагаў прайшло праз нашу зямлю за мінулыя стагоддзі! Перажытае асела ў душах і сэрцах на падсвядомым узроўні. Напэўна, таму ў кожнага з нас такое моцнае жаданне захаваць спакой на роднай зямлі.

— У чым вы бачыце сэнс жыцця?

— Жыць не толькі для сябе. Калі што пачынаю, імкнуся выканаць, як для сябе. Лепш патрачу больш часу, але каб атрымалася як належыць. Дырэктар гаспадаркі Мікалай Салавей мне давярае адказную работу. За 30 гадоў кіраўніцтва гаспадаркай ён ведае характар кожнага, каму што можна даручыць. Таму і справы ладзяцца: павялічваецца пагалоўе грамадскага статка, расце вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. Летась уведзена ў эксплуатацыю жывёлагадоўчая ферма ў вёсцы Вялікая Лысіца. Побач з ёю дзейнічаюць дзве рабатызаваныя фермы. Каб забяспечыць жывёлу кармамі, на 500 гектараў пашырылі пасевы кармавых культур. Прадукцыя наша высокай якасці і рэалізуецца па адпаведнай цане. Гэта дадаткова папаўняе казну, растуць заробкі. Раней многія трымалі на падворках жыўнасць, цяпер няма ў гэтым патрэбы. У магазінах багаты асартымент свежых тавараў. Пасля працоўнага дня больш часу для адпачынку. Вёскі нашы ажыўленыя. Амаль у кожным доме па двое-трое дзяцей. Ім далей развіваць гаспадарку. Жанчыны ў асноўным заняты ў жывёлагадоўлі, а мужчыны — у механізацыі, некаторыя працуюць слесарамі на фермах. Пастаянна ўзводзіцца жыллё для маладых сямей.

— Георгій Міхайлавіч, ці быў у вашым жыцці ўчынак, за які сорамна?

— Імкнуся жыць сумленна, каб дзецям не было сорамна за мяне. З маладых гадоў запомніў: за ўсё трэба плаціць, нічога дарма не даецца. Бывала, людзі выказвалі: не так паступіў. Хаця не па маёй віне гэта атрымлівалася, усё роўна перажываў, хваляваўся. У вёсцы кожны крок на вачах. Можна адным дрэнным учынкам перакрэсліць усё станоўчае. Гэта вельмі важная акалічнасць. Пра сваіх бацькоў шмат добрага чую ад людзей. Запомніў словы маці: «Лепш аддаць сваё, чым спадзявацца на чужое». Калі адчуваю, што чалавеку мая дапамога патрэбна, заўжды адгукнуся.

— Што не паспелі зрабіць?

— Грэх скардзіцца. Усё ладна складваецца. Звычайна перад тым, як бяруся за якую справу, прадумваю варыянты. Гэта апраўдвае сябе. Наш катэдж новы, але з сынамі яго па-свойму ўладкавалі. Замянілі шыфер на металачарапіцу. Нікога не наймалі, самі справіліся. І ў доме ўсё перарабілі. Дзеці падарылі пасудамыечную машыну. Кухня абсталявана рознымі бытавымі прыладамі, не горш, чым у гора­дзе. У доме тэмпературу ў любы час года падтрымлівае кандыцыянер. Для зручнасці ў кожным пакоі тэлевізар. Імкнуся паспяваць за часам. Вось толькі шкада, што ён так хутка імчыць.

subbat50@mail.ru

Фота з архіва sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter