Шматгалосая проза Святланы Алексіевіч

Беларуская пісьменніца стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры
Нехта з чытачоў захоча ўдакладніць, што большасць кніг і артыкулаў Святланы Алексіевіч напісаны і надрукаваны на рускай мове, і што яна сябе называла ў інтэрв’ю “чалавекам рускай культуры”.  І яшчэ згадае, што атрымалі ж прэстыжную Нобелеўскую прэмію і ўраджэнец Віцебска Жарэс Алфёраў, і ўраджэнец мястэчка Вішнева Валожынскага раёна Шымон Перэс ды іншыя знакамітыя людзі свету, якія маюць родавыя карані ў Беларусі. Аднак разважым. У самім стакгольмскім дакуменце Святлана названа беларускай пісьменніцай, у той час як Жарэс Алфёраў — расійскім вучоным, а іншыя нашы суайчыннікі-лаўрэаты Нобеля (іх у маёй картатэцы каля дзясятка) увайшлі ў гісторыю як асобы ізраільскія, амерыканскія (ЗША), бельгійскія ды грамадзяне іншых дзяржаў. То, значыць, мы маем усе правы павіншаваць Святлану Алексіевіч з першым нацыянальна беларускім Нобелем! 


Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч прымае віншаванні ў Мінску

Наша асабістае знаёмства са Святланай Алексіевіч адбылося трагічнай вясной 1986-га, калі мінчанам далі загад шчыльна зачыняць вокны: маўляў, ва Украіне, на Чарнобыльскай АЭС, здарылася нейкая тэхнічная недарэчнасць… Працаваў я тады ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, сядзеў на 4-м паверсе яе галоўнага будынка. Побач быў кабінет вучонага і пісьменніка Алеся Адамовіча, дарэчы, кіраўніка маёй кандыдацкай дысертацыі і кансультанта доктарскай. Святлана Аляксандраўна прыходзіла тады да Адамовіча, свайго настаўніка, як яго называе, раіцца: як ратаваць Гомельшчыну (пра Магілёўшчыну яшчэ і не ведалі). І зрабілі яны вывад, што Адамовічу трэба спачатку звярнуцца да добра знаёмага яму сакратара ЦК кампартыі Беларусі Аляксандра Кузьміна, а потым прабівацца на прыём і да самога Гарбачова. І вось неяк Адамовіч і Алексіевіч зайшлі да мяне, каб узяць адрасы маіх маскоўскіх калег-беларусаў, якія маглі б дапамагчы ў важнай справе.  Звесткі ў маёй картатэцы, на шчасце, былі.

І тады я сказаў госці, што з аповедаў Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка ўжо ведаю пра яе гуманны ўдзел у апісанні пакут беларускіх жанчын у час Вялікай Айчыннай вайны, чытаў яе кніжку “У вайны не жаночы твар”. Потым паказаў адрэдагаваны мною тэкст артыкула пра яе для першага тома энцыклапедычнага Біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі”. Зразумела, госця не мела абсалютна нічога супраць уключэння яе ў шасцітомнік. Праўда, нарадзілася яна на ўкраінскай зямлі, у Івана-Франкоўску, дзе служыў яе бацька-вайсковец. Але ж пасля яго дэмабілізацыі сям’я вярнулася на родную Гомельшчыну, Святлана вучылася там і працавала ў беларускіх школах, стала журналісткай пасля заканчэння БДУ (1972), а потым выкарыстоўвала свае веды ў беларускіх газетах… Мне ж яна дадала для артыкула толькі звесткі пра пераклады яе кнігі на балгарскую і кітайскую мовы.

А праз які месяц Алесь Адамовіч вярнуўся з Масквы з пераможным выглядам: сустрэча з Міхаілам Гарбачовым адбылася і пачала даваць першы плён. Праз чатыры гады на канферэнцыі, арганізаванай Ватыканам, я не мог не расказаць праўду пра Чарнобыль. І праз тыдзень, пасля блаславення нас усіх Папам рымскім Янам Паўлам ІІ, цягнуў самалётам і цягніком праз Маскву разам з мовазнаўцам Вячаславам Вярэнічам першыя (па адліку) ахвяраванні для лячэння ахвяр Чарнобыля: корабы з ампуламі для Першай мінскай бальніцы. З часам расказаў пра ўсё тое пры сустрэчы са Святланай Алексіевіч, і яна задаволена ўсміхнулася ў адказ. Тады выйшла ўжо яе дакументальная кніга “Чарнобыльская малітва”, якую ў шасцітомніку ўжо не паспеў я адзначыць.     

І вось, з трэцяга заходу (кажуць, Бог тройцу любіць) прысуджана Святлане Алексіевіч Нобелеўская прэмія ў галіне літаратуры “За шматгалосае гучанне прозы і ўвекавечанне пакутаў і мужнасці”.  Між тым сама лаўрэатка не раз падкрэслівала ў інтэрв’ю, што яе кнігі — пра сілу чалавечага духу.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Святлану Алексіевіч з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год. “Ваша творчасць не пакінула абыякавымі не толькі беларусаў, але і чытачоў у многіх краінах свету”, — адзначыў Прэзідэнт. “Шчыра рады за Ваш поспех. Вельмі спадзяюся, што Ваша ўзнагарода паслужыць нашай дзяржаве і беларускаму народу,” — сказана ў віншаванні. Прэзідэнт пажадаў Святлане Алексіевіч здароўя, шчасця і новых творчых дасягненняў на карысць роднай Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter