“Ой, не там коску паставiла!”: памылка пры падачы даных можа прывесці да велізарных лічбаў у жыроўцы

Шмат вады выцекла

З незвычайнай праблемай сутыкнуліся спецыялісты разлікова-даведачных цэнтраў. Некаторыя ўласнікі жылля так і не навучыліся правільна падаваць даныя прыбораў уліку і расходу халоднай і гарачай вады. Чым гэта можа павярнуцца для абодвух бакоў, даведвалася карэспандэнт «Р».

Разлікова-даведачны цэнтр № 3 Савецкага раёна Мінска. Каля акенца спецыяліста па камунальных разліках жанчына з квітанцыяй аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг нешта даказвае. Яе бянтэжыць вялікая сума, якую яна павінна заплаціць за ваду. Пенсіянерка спрабуе даведацца, чаму ў жыроўцы за мінулы месяц сорак кубаметраў вады, а не чатыры, як звычайна? Высвятляецца, што сама памылілася ўсяго на адну коску, калі ўводзіла даныя прыбораў уліку расходу халоднай і гарачай вады. І магчымасць самастойнай падачы даных праз сістэму АРІП часта прыводзіць да памылак. Нагадаем, з сакавіка ў сістэме аўтаматычна выстаўляюцца папярэднія і бягучыя значэннi прыбораў індывідуальнага ўліку расходу вады. А бягучыя значэннi карэкцiруе сам уласнік.

— Мы карэкцiруем паказанні, разумеючы, што за месяц у стандартнай двухпакаёвай кватэры тысячу кубаметраў вады наўрад ці выкарыстаеш, — удакладняе начальнік РДЦ № 3 Алена Голубава. — Асабліва калі звычайнае спажыванне — у межах нормы.

Спецыялісты разлікова-даведачнага цэнтра дапамогуць разабрацца ў лічбах жыровак
Фота Аляксандра СТАДУБА

Ёсць, праўда, у гэтай сітуацыі і іншая крайнасць. Гэта калі жыхары наогул не падаюць ніякіх даных. Хоць нават такія хітруны не пазбегнуць хай намінальнай, але аплаты. Новая праграма кожны месяц аўтаматычна выстаўляе да аплаты суму па сярэднім паказчыку. Або ўласнікі ўводзяць свядома заніжаныя лічбы. На што спадзяюцца — незразумела. Няўлічаныя кубаметры потым абыдуцца ў добрую капейку, папярэджвае Алена Голубава. І прыводзіць прыклад. Ёсць на ўчастку, які абслугоўваецца разлікова-даведачным цэнтрам, хранічная неплацельшчыца. Работнікі водаканала выявілі ў яе запазычанасць амаль на адну тысячу рублёў. Каб сума не ўдарыла балюча па кішэні, жанчыне далі растэрміноўку на некалькі месяцаў. Але яна як не плаціла, так і не плаціць. На шчасце, такія прыклады адзінкавыя. Звычайна людзі з аплатай кубаметраў вады стараюцца не зацягваць.

— Жыхары, зразумела, такой сітуацыяй незадаволеныя, — разводзіць рукамі Алена Голубава. — Тлумачым, што мы толькі прымаем інфармацыю па індывідуальных прыборах уліку расходу халоднай і гарачай вады. А запазычанасць утвараецца з падачы ўласнікаў кватэр.

І ўсё ж даўжнікоў у РДЦ № 3 і акрамя «водных» хапае. Сёння іх 478 больш чым з 16 тысяч асабовых рахункаў. Дзесяць злосных неплацельшчыкаў сядзяць ужо на клунках. Арэнднага жылля рызыкуюць пазбавіцца 15 сем'яў. На іх высяленне ўжо збіраюцца дакументы.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter