Когда пара готова к заключению брака?

Шлюб не дзеля моды

Часта ў кінафільмах можна ўбачыць прыгожую сцэну шлюбу (вянчання) у каталіцкім касцёле: маладыя стаяць каля алтара і ў прысутнасці святара паўтараюць словы сужэнскай прысягі. Многім парам гэты абрад падаецца настолькі велічным, што яны выбіраюць такую форму пачатку сваёй сям’і, нават калі ніяк не звязаны з Каталіцкім Касцёлам.

avatars.mds.yandex.net

У старажытным хрысціянстве не было асобнага абраду, які выражаў бы заснаванне новай сям’і. Мужчына і жанчына, якія хацелі стаць мужам і жонкай, рабілі гэта так, як было прынята ў Рымскай імперыі, — публічна, гэта значыць у прысутнасці сведкаў, выражалі волю аб гэтым. Яны чынілі гэта ў імя Бога, што адрознівала іх ад язычнікаў.

З цягам часу ва ўсходняй частцы Рымскай імперыі для абраду шлюбу запазычылі або надалі новае значэнне цырымоніі ўскладання вянкоў. У Міжземнамор’і вянкі ўскладалі на галаву выбітных асоб, напрыклад уладароў, спартыўных пераможцаў і гэтак далей. Вянкі, якія паступова трансфармаваліся ў кароны, да гэтага часу выкарыстоўваюць ва ўсходнім хрысціянстве ў абрадзе сужэнства.

У заходнім хрысціянстве “сэрцам” гэтага сакраманту (таінства) з’яўляецца публічнае выражэнне намеру стаць мужам і жонкай. Звычайна такі намер знешне выражаецца ў форме паўтарэння слоў сужэнскай прысягі. З гадамі гэтыя словы змяняліся. Яны розныя таксама ў залежнасці ад рэгіёну, у якім здзяйсняецца абрад шлюбу. Цяпер на беларускай мове гэтыя словы гучаць так: “Я бяру цябе сабе за жонку (мужа) і абяцаю захоўваць табе вернасць у шчасці і няшчасці, у здароўі і хваробе, а таксама любіць і шанаваць цябе ва ўсе дні жыцця майго”.

Аднак сутнасць сужэнскай прысягі заўсёды нязменная і выражае хрысціянскі падыход да шлюбу. Мужчына і жанчына тады могуць стаць мужам і жонкай, калі гатовы разам пераадольваць цяжкасці, прабачаць адзін аднаго, а іх рашэнне аб заключэнні сужэнства не абапіраецца толькі на эмоцыі і пачуцці.

Для некаторых пачуццё закаханасці з’яўляецца асноўным і часам адзіным матывам для заключэння шлюбу. Такі жыццёвы выбар можа закончыцца трагедыяй, паколькі эмоцыі і пачуцці змяняюцца, і чалавек можа апынуцца ў сітуацыі, калі рашэнне аб шлюбе будзе прынята неабдумана. Касцёльны (царкоўны) шлюб варта заключаць не дзеля прыгожых фотаздымкаў, не як даніну модзе ці таму, што так захацелі бацькі маладых, нават не толькі таму, што з’явілася пачуццё закаханасці. Шлюб могуць заключаць тыя, хто гатовы жыць не толькі для сябе, але і для іншага чалавека, тыя, хто гатовы прабачыць і любіць проста так да канца жыцця.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter