Шляхам жыцця. У 24-ы раз стартавала міжнародная сацыяльна-творчая праграма па раёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Пачатак акцыі “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця” быў дадзены канцэртам у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Ждановічы”. Праграма мае на мэце падтрымаць таленавітых дзяцей і падлеткаў на тэрыторыях, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.
Сёлета ў шляху ўдзельнічаюць Дзяржаўны ансамбль танца, музычны тэатр дзіцячай казкі “Фантазія”, заслужаная артыстка Беларусі Святлана Салодкая, артыст эстрады Ігар Задарожны, майстар пародыі Дзмітрый Грын.
Кацярына Копелева, якая каардынуе праект на працягу ўсяго часу, з 1987 года, кажа, што ў “Чарнобыльскім шляху” ўзялі ўдзел усе вядомыя зоркі сцэны. Многія артысты пачыналі са “шляху” сваю творчую біяграфію, напрыклад Паліна Смолава, Ксенія Сітнік.
Для людзей у вёсках, якія высяляліся адразу пасля чарнобыльскай катастрофы, выступленні артыстаў былі сапраўдным душэўным ратункам.
— Помню, у 1988 годзе мы прыехалі ў вёску ў Слаўгарадскім раёне, якую адсялялі, — згадвае Кацярына Іванаўна. — Людзі не хацелі пакідаць сяло, супраціўляліся эвакуацыі. Тады мы выйшлі з аўтобуса і дзве гадзіны спявалі на дварэ. Народ слухаў, а пасля пайшоў збіраць рэчы. Адна бабуля падышла да мяне і сказала: “Ну, дзеткі, цяпер можна высяляцца. Калі ёсць такія, як вы, значыць, усё роўна наша Беларусь будзе жыць”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter