Сумесныя беларуска-латышскія культурныя праекты — узаемакарысныя

Шляхам сяброўства

Сумесныя беларуска-латышскія культурныя праекты — узаемакарысныя


Актыўныя кантакты паміж Беларуссю і Латвіяй наладжаны ў розных сферах. Мне давялося паўдзельнічаць у некаторых знакавых праектах, якія, падаецца, сімвалізуюць пераход на новы якасны ўзровень супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж краінамі-суседзямі. Што заслугоўвае ўвагі?


Кнігі для сяброў: дырэктарка бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта Вэнта Коцэрэ і Алесь Суша

Першае: мы перадалі камплект найбольш значных выданняў пра Беларусь у дар Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі. Акцыя, дарэчы, не выпадковая: гэта толькі адно звяно ў ланцужку міжнародных спраў праекта “Беларусь сёння” — ён, нагадаю, ініцыяваны ў 2010 годзе міністэрствамі культуры, інфармацыі ды замежных спраў нашай краіны. Сёлета праходзіў прафесійны візіт дэлегацыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў найбуйнейшую бібліятэку Латвіі, і нам была добрая нагода прыехаць да сяброў-суседзяў з важкімі падарункамі. Латышам перададзена больш за 80 найлепшых беларускіх кніг — лаўрэатаў нацыянальных і міжнародных кніжных конкурсаў.

Другое: прэзентацыя і перадача Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі камплекта з 8 тамоў факсімільнага ўзнаўлення кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. Так прыгожа стартавала падрыхтоўка да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў суседняй краіне. Выпуск факсімільнага выдання ўсіх 25 кніг, надрукаваных Скарынам у Празе (1517—1519) і Вільні (1522—1525), — унікальны праект НББ і Банка БелВЭБ, завяршыць яго плануем да 2017 года. Выданне з максімальнай паўнатой адновіць кнігі першадрукара: захаваны асаблівасці шрыфтоў і гравюр арыгінальных выданняў, перададзены ўсе рысы, што набылі каштоўныя рарытэты за сваё 500-гадовае жыццё.

Трэцяе: прэзентацыя і перадача Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта і Беларускаму інфармацыйнаму цэнтру ў Рызе факсімільнага выдання Тураўскага Евангелля — найстаражытнай беларускай кнігі. Пра выданне, яго прэзентацыю ў Мінску, Вільнюсе, іншых гарадах газета “Голас Радзімы” падрабязна расказвала.

Чацвёртае: святочны канцэрт з нагоды закрыцця Дзён беларускай культуры ў Латвіі. Яны, як вядома, сёлета прысвячаліся Францыску Скарыне. Шыкоўную імпрэзу прымаў вельмі сучасны і прадстаўнічы будынак краіны: Нацыянальная бібліятэка Латвіі. Пад час канцэрта прагучалі знакамітыя патрыятычныя словы Ф. Скарыны на беларускай, латышскай і, упершыню, на латгальскай мове-дыялекце. Дарэчы, на адкрыцці Дзён 11 верасня я толькі выказаў надзею, што такі пераклад з’явіцца — і вось яно адбылося!

Ва ўсіх мерапрыемствах паў­дзельнічалі шматлікія прадстаўнікі кіраўніцтва і спецыялісты беларускіх і латвійскіх бібліятэк, музеяў, інфацэнтраў, Пасольства Беларусі ў Латвіі, беларуская дыяспара, навукоўцы і дзеячы культуры, шырокая грамадскасць. Таму можна смела сказаць: сяброў у Латвіі ў нас пабольшала, і культурныя сувязі будуць пашырацца.

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter