У Мінску пачынаюцца Дні Еўрапейскай спадчыны

Шляхам стыляг

Сёння ў Мінску пачынаюцца Дні Еўрапейскай спадчыны. Гэта культурная акцыя, якая праводзіцца дзяржавамі, што ратыфікавалі Еўрапейскую культурную канвенцыю. Беларусь знаходзіцца сярод іх. Кожны год краіны — удзельніцы канвенцыі прапануюць уласныя тэмы дадзенага міжнароднага праекта. Сёлета наша краіна прадстаўляе індустрыйную спадчыну.



Месца для правядзення свята выбрана адпаведнае — вуліца Кастрычніцкая. Некалі яна называлася Ляхаўскай, Ніжняляхаўскай, потым — Варашылава, у пачатку XX стагоддзя гэта была прамысловая ўскраіна. У той перыяд там узнікла шмат прадпрыемстваў, сярод якіх станкабудаўнічы завод «Гігант», які зараз вядомы як Мінскі завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

На няцотным баку вуліцы ў 1895 годзе размяшчаліся скураныя майстэрні Рубіна, Сальмана, Дэна і Імпарта. Тады гэтыя будынкі мала нагадвалі завод: адсутнічалі вентыляцыя, электрычнасць, а для адводу сцёкавых вод выкарыстоўваўся выкапаны ў двары кало- дзеж. Толькі ў 1927 годзе на прадпрыемстве з`явіліся машынная зала, скураныя цэхі і хромавая вытворчасць. У гэтым жа годзе завод атрымаў назву «Бальшавік». Амаль трыццаць гадоў таму ён быў перанесены за межы горада. Зараз будынкі былога скуранога завода здаюцца ў арэнду і выкарыстоўваюцца ў сферы паслуг.

На Кастрычніцкай можна ўбачыць і будынкі дражджавога завода, які быў пабудаваны больш за сто гадоў таму братамі Самуілам і Файвішам Ракаўшчыкамі. Праз некаторы час яны ж узвялі і вінакурны завод. 

Былая прамысловая ўскраіна стала ў наш час своеасаблівым «модным» культурным месцам, дзе збіраецца моладзь і праводзяцца розныя мерапрыемствы, а таксама здымаюцца фільмы. Напрыклад, адна са сцэн  «Стыляг» Валерыя Тадароўскага была зроблена менавіта тут.

Сёння ж гэтае месца стане яшчэ больш цікавым. Там будуць арганізаваны выстава рэтрааўтамабіляў, арт-кірмаш, прэзентацыя графіці, а таксама выступленне сучасных паэтаў і музычных гуртоў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter