Шляхамі Кабзара

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшлі ўрачыстасці з нагоды 195-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшлі ўрачыстасці з нагоды 195-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі.

Тарас Шаўчэнка. Малюнак С. Дабравольскага. 1949 г.Жыццё і творчасць пачынальніка новай украінскай літаратуры звязаны з беларускай рэчаіснасцю. Упершыню нашу зямлю ён пабачыў, калі ў ліку дваровых П. Энгельгарта накіроўваўся з Украіны ў Вільню. Ёсць звесткі, што гэты шлях ён адбыў пешшу: прыгоннік ехаў у павозцы, а можа і ў карэце, чэлядзь жа пакорліва ішла ззаду. Прытым у 15-гадовага Тараса абута была толькі адна нага. І калі другой рабілася холадна, ён на хаду пераабуваў адзіны лапаць. Прынамсі, такім паказаў будучага паэта народны мастак Украіны Зяновій Кецала. На яго афорце хлопец прысеў, здарожаны, пад дрэвам, а вочы яго роспачна і разам з тым з на-дзеяй, пільна ўглядаюцца ў будучыню…

Творы ўкраінскіх мастакоў, сабраныя ў пакоі-музеі Тараса Шаўцэнкі Львоўскага палаца мастацтваў, шчодра былі прадстаўлены на выставе, якая нядаўна адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Рэй на юбілейнай урачыстасці вялі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы і дырэктар Львоўскага палаца мастацтваў, заслужаны работнік культуры Украіны Раман Наканечны. Яны расказалі пра цікавы праект украінскіх мастакоў: кожны год яны бяруць якую-небудзь частку жыццёвых дарог Тараса Шаўчэнкі, увекавечваюць іх у палотнах, графічных лістах і скульптурных выявах. Так была “асвоена” родная для паэта Чаркасчына, Падняпроўе, казахскія стэпы і ўмацаванні, дзе Кабзар адбываў пад прымусам вайсковую службу, сённяшнія Вільнюс і Санкт-Пецярбург.

На чарзе, гаварылі прамоўцы, апошняй засталася Беларусь. Украінскія мастакі збіраюцца прыехаць сюды ў наступным годзе. Таму важна высветліць, дзе пралягалі “Тарасавы шляхі”. З “беларускім трактам”, па якім Шаўчэнка ехаў з Пецярбурга ва Украіну ў 1843 годзе, а потым пад канвоем з Кіева ў Пецярбург у 1847 годзе, — усё ясна. А вось якім шляхам ён ішоў услед за павозкай Энгельгарта? Праз Гомель, Бабруйск і Мінск? Несумненна. А далей як? Адны сцвярджаюць, што кружным шляхам, з выездам па Старавіленскім тракце, другія — што праз Заслаўе і Радашковічы, трэція — што праз Ракаў і Валожын… Наступная праблема: што бачыў, што мог бачыць і чуць прыгонны хлопец? Сваё слова для украінскіх мастакоў павінны тут сказаць беларускія гісторыкі, архівісты, картографы.

На юбілейнай урачыстасці многа таксама гаварылася пра беларускіх сяброў Шаўчэнкі: мастака Браніслава Залескага з Рачкавіч, які запрашаў паэта пераехаць у яго маёнтачак на Случчыне, паэта і рэвалюцыянера Эдварда Жалігоўскага з Вілейшчыны, паэта Яна Баршчэўскага з Полаччыны. Апошні мог быць найбольш цікавы для Кабзара як фалькларыст. У сувязі з гэтым згадвалася, што аўтар “Шляхціца Завальні” памёр у 1851 годзе ў Цуднаве ва Украіне, што там, у маёнтку Жавускіх, маглі застацца яго рукапісы, варта паспрабаваць адшукаць магілу Баршчэўскага. Карацей, спраў да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (2014) засталося нямала.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter