Шляхі і думкі

Гісторыя інтэлектуальных пошукаў беларускага народа будзе напісана і выдадзена даследчыкамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навукДнямі выйшаў яе першы том — “Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. Том 1: эпоха Сярэднявечча”. Кніга — добры адказ тым, хто дагэтуль лічыць, што беларускай філасофіі не існуе, таму што наша краіна знаходзіцца на скрыжаванні шляхоў, рэлігій і культур.

— Так, увесь час беларуская думка атрымлівала свое-асаблівыя “прышчэпкі” звонку, — згаджаецца вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі доктар навук Тамара Тузава. — Але ж “прышчэпку” можна зрабіць толькі на самастойнае “цела”.
У кнізе ўзнаўляюцца вузлавыя моманты перадфіласофскага (міфалагічнага) светапогляду продкаў беларусаў, аналізуюцца візантыйскія, паўднёва-славянскія і заходнееўрапейскія вытокі айчыннай філасофскай спадчыны, пісьмовыя помнікі Полацкіх, Смаленскіх і Тураўскіх зямель. Разглядаюцца філасофскія, этычныя і эстэтычныя аспекты творчасці Кірылы Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай, Клімента Смаляціча, Аўрамія Смаленскага і іншых знакамітых землякоў.
“Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі” — адкрыты праект. Напісаць артыкул для зборніка мог кожны, хто займаецца вывучэннем беларускай гісторыі. Сёння ж аўтары і рэдакцыйная калегія, якія разглядаюць філасофію як вышэйшую форму інтэлектуальнай працы, з вялікім гонарам прадстаўляюць сваю работу, бо лічаць, што Беларусь як маладая дзяржава тым самым заяўляе, што ў яе разам са сваёй сусветна вядомай літаратурай і цудоўнымі творамі мастацтва ёсць і свая адметная філасофская культура. Выданне першага тома “Гісторыі...” — чарговы і вельмі значны крок сталеючай беларускай нацыі па заняцці свайго пачэснага месца ў інтэлектуальнай і геапалітычнай прасторы Еўрапейскага кантынента.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter