Шлях да святой Еўфрасінні

Магчыма, у хуткім часе да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра вернікі змогуць прайсці толькі пешшу

Магчыма, у хуткім часе да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра вернікі змогуць прайсці толькі пешшу

Як расказаў карэспандэнту “Народнай газеты” галоўны архітэктар Полацка Андрэй БАРАВІК, нядаўна была скончана праца над дызайн-праектам “Інжынерна-транспартная інфраструктура да мікрараёна індывідуальнай забудовы ўрочышча “Гадавальнік” з рэканструкцыяй участка вуліцы Еўфрасінні Полацкай ад дома № 78 да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра”. Згодна з праектам вуліца часткова стане пешаходнай, на ёй з’явяцца новыя аб’екты інфраструктуры.

Сёння падчас рэлігійных святаў і масавага паломніцтва вернікаў вузенькая вулачка часта бывае забіта аўтамабілямі. Таму на месцы былых цяпліц каля паварота на манастыр плануецца пабудаваць аўтастаянку, дзе палачане і госці горада змогуць пакінуць свае машыны. Манастыру быў перададзены ў карыстанне ўчастак тэрыторыі аўтапарка, і пасля рэканструкцыі памяшканняў там будуць размешчаны трапезныя і гасцініца для паломнікаў, а таксама бібліятэка. Уздоўж вуліцы праекціроўшчыкі прапанавалі пабудаваць гандлёвыя аб’екты і пункты грамадскага харчавання, туалеты. Замест асфальту па дарозе да храма вернікі ўбачаць мазаікі ў візантыйскім стылі, выкладзеныя з тратуарнай пліткі. Плануецца тут і новы элемент архітэктуры — фантан у выглядзе аркі, які арганічна спалучаецца з ансамблем Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.
— Работа па рэканструкцыі вуліцы ўжо пачалася: завяршаецца будаўніцтва аўтастаянкі, праводзіцца добраўпарадкаванне тэрыторыі, стварэнне сквера, — расказвае Андрэй Баравік. — Аднак работа дастаткова складаная, і тэрмін яе заканчэння будзе залежаць у тым ліку і ад фінансавання праекта. Таму мы вывучаем магчымасці зніжэння яго кошту.

Полацк вядомы тым, што кожны год тут адкрываюць як мінімум адзін новы помнік. У гэтым годзе палачане ўжо парадаваліся з’яўленню каля магазіна “Фрыдрыхсхафен” паркавай скульптуры “Ваги”. Да канца года гарадскія ўлады плануюць устанавіць помнік дойліду Іаану — заснавальніку “полацкай” школы дойлідства, аўтару аднаго з адметнейшых беларускіх храмаў — Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя. Не так даўно ў горадзе адбыўся конкурс праектаў будучага помніка, канчаткова вобраз Іаана будзе ўзгоднены ў абласным мастацкім савеце па манументальным мастацтве. Помнік з’явіцца ў новым мікрараёне Аэрапорт, дзе зараз, дарэчы, ідзе актыўнае будаўніцтва жылля. Адну з новых вуліц мікрараёна па рашэнні гарвыканкама назавуць праспектам дойліда Іаана. Яго скульптура якраз і будзе ўстаноўлена на гэтай вуліцы на ўездзе ў горад.
— Для свайго часу дойлід Іаан быў сапраўдным наватарам, стваральнікам новага стылю ў праваслаўнай архітэктуры, — тлумачыць галоўны архітэктар Полацка. — Таму мы і вырашылі размясціць яго помнік у новым мікрараёне побач з буйнейшымі аўтамагістралямі з выхадам на Латвію і Расію. Работы по добраўпарадкаванню плошчы, дзе паставяць помнік, ужо распачаты.
Старажытны Полацк не стамляецца здзіўляць турыстаў і палачан і ўвесь час прапаноўваць ім нешта новае.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter