Шлях да шчасця просты

Кожны чалавек, які сутыкаецца з хрысціянствам, мае дачыненне да вялікай сістэмы, цэлага светапогляду. У гэту сістэму ўваходзяць веравучэнні, шматлікія прадпісанні, розныя пабожныя практыкі і гэтак далей. Ці ўсё гэта неабходна для таго, каб ісці па дарозе да Бога?

Пастаўленае пытанне можна перафразіраваць: ці можа чалавек самастойна знайсці шлях да неба? Ёсць людзі на Зямлі, якія ніколі не чулі пра Хрыста, але малаверагодна, што яны жывуць у Еўропе. Іншыя сутыкаліся са скажоным вобразам Хрыста і хрысціянства, знаходзячыся пад шкодным уплывам. У гэтых двух выпадках асоба можа спрабаваць шукаць Бога, арыентуючыся на голас свайго сумлення. Для такога чалавека гэта будуць пошукі святла, праўды, прыгажосці.

Для таго, каб падтрымаць чалавека ў гэтых пошуках, Бог сам неаднаразова адкрывае свету праўду аб тым, які Ён. Хрысціяне — гэта тыя, хто імкнецца прыняць Божае слова такім, якім яго перадае і тлумачыць Касцёл (Царква). Першым аргументам сапраўднасці таго, што гэта менавіта Божае слова, з’яўляецца тое, што яно дазваляе адкрыць у чалавеку самае высакароднае.

Сур’ёзнай перашкодай для таго, каб не толькі пачуць Божае слова, але і жыць ім, можа стаць наша пастаяннае імкненне параўноваць сябе з іншымі і пошук ідэальных людзей. Можна пастаянна знаходзіць недасканаласці ў кожным чалавеку, нават у вельмі веруючым, і такім спосабам апраўдваць свае слабасці. Можна сутыкнуцца з недасканаласцямі духоўных аўтарытэтаў і апусціць рукі, сказаўшы сабе: “Я больш не жадаю належаць да той супольнасці, дзе ёсць такія людзі”.

Чалавечая слабасць заўжды будзе праяўляцца там, дзе ёсць людзі, нават калі яны аб’яднаны глыбокай верай. Хрыстос жа прыйшоў на зямлю, каб аздаравіць хворых на грэх. У гэтым аздараўленні і заключаецца місія хрысціянства.

Бог не паддаецца прымусу з боку нейкай групы людзей. Для магічнай веры гэта думка непрымальная, бо такая вера імкнецца нейкімі маніпуляцыямі паўплываць на вышэйшыя сілы. Часамі ад хрысціянства мы чакаем таго ж самага — мноства нейкіх магічных рытуалаў і прадпісанняў, якія зрабілі б Бога залежным ад нас. Аднак дарога вучняў Хрыста простая і адначасова нялёгкая: “Глядзі з надзеяй у будучыню, не забывай верыць не толькі на словах і дапамагай паверыць іншым”.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter