Шлях да неба

Многія хрысціянскія храмы Беларусі пабудаваны ў гонар Багародзіцы. На гербе нашай сталіцы адлюстраваны вобраз Дзевы Марыі, узятай на неба. Усё гэта сведчыць пра вялікую любоў нашага народа да Маці Хрыста і ўпэўненасць у тым, што завяршэнне яе жыцця на зямлі было незвычайным.

Хрысціянская інтуіцыя падказвае чалавеку, што смерцю не заканчваецца яго існаванне. Хоць цела яго памірае, застаецца жыць яго душа. Гэты ж хрысціянскі светапогляд дае нам надзею на тое, што ў канцы часоў наша душа ізноў будзе злучана з целам і будзе існаваць у іншай рэчаіснасці.

Ужо ў раннім хрысціянстве панавала перакананне ў асаблівасці лёсу Дзевы Марыі. Святы Ян Дамаскін пісаў пра яе: “Неабходна было, каб тая, якая, даючы свету Збаўцу, захавала непарушаным сваё дзявоцтва, пасля сваёй смерці захавала некранутым сваё цела”. Больш за тое, калі ў хрысціянскай традыцыі з глыбокай старажытнасці было прынята ўзгадваць святых у дзень іх смерці ці, як яшчэ кажуць, “нараджэння для неба”, то дзень літургічнага ўспаміну Багародзіцы, які ўзнік у ІV стагоддзі, стаў называцца Памяць Святой Марыі. У хуткім часе гэта свята было перайменавана ва Успенне Марыі (V ст.), Пераход (VІ ст.), а потым Унебаўзяцце (VІІІ ст.). 

Ва усходняй і заходняй хрысціянскіх традыцыях гэты пераход Марыі да неба прынята было адлюстроўваць па-рознаму. Чалавеку заўсёды хочацца шукаць візуалізацыі сваёй веры, а яна часта залежыць ад культурных і гістарычных абставін. 

На Усходзе прынята казаць пра “успенне” Дзевы Марыі, гэта значыць пра яе “засынанне” напрыканцы жыцця. У іканаграфіі Марыя выяўляецца лежачай на ложку, паабапал якога знаходзяцца апосталы. Тое самае свята ў заходнім хрысціянстве прынята называць Унебаўзяццем Дзевы Марыі, а Багародзіцу маляваць на абразах стоячай на хмары ў акружэнні анёлаў. Свята Успення/Унебаўзяцця адзначаецца 15 жніўня (28 жніўня тымі, хто карыстаецца юліянскім календаром). 

Для падмацавання веры ў асаблівае завяршэнне жыцця Марыі ў 1950 годзе Папа Рымскі Пій ХІІ абвесціў дагмат: “Беззаганная Маці Бога, Марыя заўсёды Дзева, пасля заканчэння свайго зямнога жыцця з душой і целам была ўзята да нябеснай славы”. Не ўсе старажытныя хрысціянскія пісьменнікі былі перакананы ў фізічнай смерці Марыі. Завяршэнне жыцця Марыі было настолькі іншым, што Касцёл (Царква) гаворыць не пра смерць, але пра пераход. 

Кожнае нашае “так”, сказанае Богу, з’яўляецца крокам да неба. Часамі гэты выбар дабра найбольш складаны для людзей, якія займаюць важнае становішча ў грамадстве, выдзяляюцца выбітнымі здольнасцямі або матэрыяльнай забяспечанасцю. Перакананыя ў сваіх сілах, яны ператвараюць у пекла жыццё тых, хто ад іх залежыць. Асабліва трагічна гэта праяўляецца ў сем’ях з дэспатычнымі мужчынамі. Кожнаму, хто прыгнятае іншых, таксама прыйдзецца сутыкнуцца з прыгнётам, часта ў форме разнастайных разбуральных залежнасцей. Ад Багародзіцы мы вучымся захоўваць мір з нашымі бліжнімі, з самім сабою.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter