Шлях бярозамi значаны

Алесь Пiсьмянкоў — выдатны Паэт i Чалавек, якi пакiнуў у прыгожым пiсьменстве лаканiчна-прачулыя, напоўненыя фiласофскiм сэнсам вершы

Алесь Пiсьмянкоў — выдатны Паэт i Чалавек, якi пакiнуў у прыгожым пiсьменстве лаканiчна-прачулыя, напоўненыя фiласофскiм сэнсам вершы. Ён вельмi рана пайшоў з жыцця. 25 лютага яму споўнiлася б толькi 50 гадоў. Да выхаду ў свет рыхтуецца прысвечаная Алесю Пiсьмянкову кнiга Вiктара Патапенкi, у якой аўтар вядзе чытача тымi сцяжынамi, што некалi вывелi паэта на шырокi, высаджаны бярозамi, Белы Шлях... «Р» прапануе некалькi старонак з будучай кнiгi.

«На  радзiму  сэрца  клiча»

Гарачае лета 2003 года. Мы з Алесем i яго сынамi, Максiмам i Алёшкам, ляжым на пахучым лузе, якраз у вусцi рэк Беседзь i Сураў. Пiльна ўзiраюся ў сiняе бяздонне з надзеяй распазнаць нераспазнанае i бачу, як самалёт пакiдае за сабой снежную паласу. Зараз ён пяройдзе звышгукавы стан палёту, i паветра скалыхне магутны выбух. Божа, колькi разоў я глядзеў на гэтае вiдовiшча, углядаўся ў расколатае саннай дарогай неба i марыў. 

Так было i ў гэты раз. Раптоўны выбух страсянуў усё наваколле. Здалося, што гарачае паветра шуганула ўшыркi па самлелай траве, пакацiлася аж да залацiстага сасоннiку, што велiчна ўзвышаўся над берагамi рэк. 

— Ты ведаеш, — звяртаецца да мяне Алесь, — у маленстве я любiў падоўгу назiраць за самалётамi. 

Ад пачутага ў мяне пераняло дух. Мы, я i ён, цiкавалi за аднымi i тымi ж самалётамi. Яны падымалiся з аэрадрома ў Палошкаве, што на Клiмаўшчыне, i неслiся на трэнiровачныя палёты ў заходнiм напрамку, пралятаючы Бялынкавiчы, Кубракоўку, Бароўку, Дзяражню i маю Калодзецкую. Мы прайшлi з iм пасля школы адну i тую ж раённую газету («Сцяг камунiзму» — Касцюковiчы), адзiн i той жа унiверсiтэт (БДУ iмя У. I. Ленiна), жылi некаторы час у адным iнтэрнаце на Паркавай, а пазнаёмiлiся зусiм нядаўна. Шкада. Сёння цяжка гэта ўсведамляць. 

Але ў той дзень мы пiльна сачылi за самалётам, з нецярпеннем чакалi таго глухавата-раскацiстага гуку, ад якога куры кiдалiся на курасадню. 

— Не ведаю, як мне давядзецца далей жыць, — прызнаўся Алесь, — пасля таго, як не стане бацькоўскага дома. У Мiнску я не пачую такiх выбухаў, не падыхаю такiм густым, насычаным травамi паветрам, не ўбачу гэтага хараства над Беседдзю. 

Крыху прыўзняўся, сеў, падцягнуўшы ногi да падбародка. 

— Ведаеш, я баюся, што не перажыву гэтага, — сказаў ён. 

Крыху пазней Пiсьмянковы ўсё ж прадалi дом, з надзеяй на тое, што ён будзе дагледжаны, а значыць, радаваць усiх, у тым лiку i iх. Апошнi раз Алесь пабываў на радзiме ў велiкодныя днi 2004 года. У Мiнск прыехаў самотны, заклапочаны. Сказаў, што ў Бялынкавiчах амаль усю ноч не спаў, доўгi час блукаў каля дома, потым праседзеў на беразе Беседзi. А праз дзень Алеся Пiсьмянкова не стала. Засталася паэзiя як прызнанне ў любовi да тых вытокаў, адкуль калiсьцi пачалося яго жыццё. 

«О  мой  час,  пачакай,  не  бяжы...»

 У сваiм аднайменным класiчным шаснаццацiрадковым вершы,  напiсаным па прынцыпе пiсьма Аркадзя Куляшова: //...I ёсць адказнасць перад строгiм вершам, // Перад яго пачаткам i канцом — // Каб баразну, радком пачаўшы першым, // У сноп звязаць шаснаццатым радком.// Алесь Пiсьмянкоў разважае пра час, якi вельмi хутка бяжыць, i адначасова свядома прызнаецца, што ўтрымаць  яго — безнадзейная справа. Ён верыў, i нават быў упэўнены, што сусвет iснаваў да нас, што ён будзе iснаваць i пасля нас. 

Успамiнаючы нашы сустрэчы, зараз пачынаеш усведамляць, што Пiсьмянкоў невыпадкова рабiў тыя цi iншыя ўчынкi ў сваiм жыццi. Ён iх рабiў свядома, бо прадчуваў свой лёс. Кiлаграмы праглынутай нiтраглiцэрыны — пацвярджэнне таму. Былi хвiлiны, калi мне станавiлася страшна ад тых адчувальных (прыкладаў далонь да яго грудзей) удараў сэрца, якiя прымушалi яго спынiць крок, кiнуць нейкую працу,  каб выхапiць з нагруднай кiшэнi таблетку i праглынуць як мага хутчэй. 

Памятаю, як на Беседзi мы лавiлi карасёў i ён вельмi расхваляваўся, што на таблеткi нiтраглiцэрыны пралiлася вада. Гэта была бяда не толькi для яго — бяда для ўсiх нас: яго брата Мiколы, двух сыноў — Максiма i Алёшкi, вядома, i для мяне. Алесь давяраў лякарству i ў той жа час баяўся бальнiцы, медыкаў. Ён нiколi не пераступаў парог палiклiнiкi, не было ў яго i медыцынскай карткi. 

Застаючыся адзiн на адзiн з часам (часцей ноччу), ён педантычна працаваў над тэмай, шлiфаваў яе, як адмысловы сталяр, прадумваючы кожнае слоўца, каб надзейна звязаць шаснаццатым радком усю сутнасць верша. 

«Рэчка  Беседзь,  рэчка  Сураў»

Беседзь — адна з самых найчысцейшых рэк на Беларусi. Далёкая ад прамысловых цэнтраў i густанаселеных гарадоў, яна захавала надзiва чыстую i празрыстую, аж да крынiчнасцi, ваду. Пра тое, што значыла для Алеся Пiсьмянкова Беседзь, наогул усё Прыбеседдзе, з яго «дочкамi» i «сынамi» (рэчкамi Алешня, Жадунька, Машоўка, Свiнка, Трасцянка, Чарняўка, Сураў, Зубр), ведаюць многiя прыхiльнiкi таленту паэта. Мне ж пашчасцiла бачыць Пiсьмянкова, калi ён быў адзiн на адзiн з ракой. Уражвала, як ён чэрпаў шырокiмi прыгаршчамi святую (так паэт лiчыў) ваду i няспешна пiў. Яшчэ больш захоплiвала, калi яго постаць па меры ўваходу ў ваду паступова хавалася, i толькi калi вада даходзiла да падбародка, ён пачынаў плысцi. 

Яго ўваход у рэчку, сустрэча з вадой, адчуванне яе халоднасцi i калючасцi, а потым свежасцi i цеплынi адбывалiся, калi глядзець збоку, рытуальна. Ён успрымаў раку, ваду, дрэвы, кусты, траву i кветкi, якiя  раслi на яе берагах, як жывыя iстоты. Размаўляў з iмi, прызнаваўся ў сваiх пачуццях, раiўся i дзякаваў за тое, што без iх ён нiколi не быў бы паэтам, што яны  заўсёды натхнялi i натхняюць яго на паэтычную хвалю, якая чароўнай музыкай i фiласофскiм напоем запаўняе душу i сэрца. 

Адна з важных рыс характару паэта — яго добразычлiвасць. Я неаднаразова бачыў, як ён бескарыслiва чытаў, уносiў праўкi, рэдагаваў чужыя вершы. У сааўтары, вядома, не напрошваўся, але ж пасля рэдагавання часцяком яму «дзякавалi». Аднойчы я не стрымаўся, выказаўся пра тых, хто абыходзiўся «ўдзячнай» гарэлкай, якая раз’ядала i без таго яго збалелае сэрца, хто марыў адплацiцца мiзэрным, у некаторых выпадках непатрэбным сабе. Аднойчы я па-зямляцку прысаромiў яго i выкiнуў у кошык для смецця чарку з налiтай бурдой. Мяне разбiрала злосць i лютасць на тых, хто выкарыстоўваў талент паэта, ацэньваючы яго нейкай барматухай. Ён не пакрыўдзiўся на мяне, наадварот, падзякаваў, сказаў, што нiколi пра гэта не задумваўся, проста шчыра аказваў дапамогу тым, хто прасiў. «Я не магу адмовiць людзям», — прызнаўся ён. 

У гэтых словах быў увесь Пiсьмянкоў! 3 яго добразычлiвым характарам, адкрытай душой i шчырым сэрцам. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter