Шлях ад Вішнева да Iерусаліма

На доме, дзе нарадзіўся Шымон Перэс, адкрыта памятная дошка

Памятная дошка адкрыта на доме ў беларускай вёсцы, дзе нарадзіўся прэзідэнт Iзраіля Шымон Перэс

Гэта падзея адбылася пры вялікім прадстаўніцтве. У рамках міжнароднай адукацыйнай канферэнцыі «Арт Лімуд Беларусь» у краіне з візітам зараз знаходзіцца замежная дэлегацыя. Мерапрыемствам у Вішнева, што на Валожыншчыне, форум і распачаў сваю дзейнасць.

Як зазначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал, галоўная мэта канферэнцыі — даваць яўрэйскай моладзі, якая нарадзілася ў розных краінах, уяўленне аб свеце, і сёння гэтыя людзі адкрываюць для сябе Беларусь.

Ізраільскую дэлегацыю, у складзе якой прадстаўнікі палітычных і дзелавых колаў, дзеячы мастацтва, гасцінна сустракалі ў Вішнева, дзе амаль 90 гадоў таму нарадзіўся іх прэзідэнт. А традыцыйны хлеб-соль з пачуццём прыняла дачка Шымона Перэса прафесар філалогіі Цвія Вальдэн. Было заўважна, як хвалявалася і радавалася яна, ступіўшы на сядзібу, дзе нарадзіліся яе продкі. Праўда, уласна ад таго старога дома застаўся толькі фундамент. Дом адбудаваны, і там зараз жыве сям’я. Засталася і старая студня, адкуль браў ваду і Шымон Перэс у час свайго наведвання гістарычнай радзімы. «Сёння я, дачка свайго бацькі, унучка свайго дзеда, праўнучка свайго прадзеда, дачка яўрэйскага народа і грамадзянка свету, шчыра дзякую за тое, што адбываецца тут. Гэта тая частка гісторыі, якая шмат гадоў была ў нас на слыху і ў сэрцы. А зараз яна перад вачыма», — сказала Цвія Вальдэн у час адкрыцця памятнай дошкі. На ёй выгравіраваны надпіс: «Тут 2 жніўня 1923 года нарадзіўся Шымон Перэс, сын Сары і Ісаака Перскіх, нобелеўскі лаўрэат, прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль». Затым госці каштавалі халодную ваду са студні, гутарылі і фатаграфаваліся з сям’ёй, якая зараз жыве ў доме.

Ля памятнага знака ахвярам фашызму адбыўся мітынг-рэквіем. Там, дзе ў чэрвені 1942 года былі спалены больш за дзве тысячы мірных жыхароў, гучалі малітвы і прамовы. «Адносіны, што ўсталяваліся паміж Беларуссю і Ізраілем, з кожным годам робяцца ўсё больш трывалымі. У многім гэта адбываецца дзякуючы таму, што ўзначальвае гэту блізкаўсходнюю краіну ўраджэнец нашых краёў. На цырымоніі прынясення прэзідэнцкай прысягі Шымон Перэс у сваім звароце да парламента заявіў аб неабходнасці для Ізраіля выконваць міратворчую місію. Гэта і стала вызначальным у яго палітычнай кар’еры», — адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Юшкевіч. У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал падкрэсліў: «У час Вялікай Айчыннай вайны было знішчана 800 тыс. беларускіх яўрэяў. Сярод іх і члены сям’і прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса. Ахвяры вайны, боль вайны яднаюць ізраільскі і беларускі народы. Гэта памяць нашых сэрцаў. Але мы хочам ведаць не толькі тое, як нас забівалі, але і тое, як жылі нашы дзяды і бацькі».

У той дзень адбылося яшчэ шмат падзей. Адна з іх — адкрыццё ў Вішнеўскім сельскім Доме культуры фотадакументальнай экспазіцыі «Шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішнева да Прэзідэнцкай вуліцы ў Іерусаліме». Праект «Лімуд», Пасольства Ізраіля ў Беларусі, Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын падрыхтавалі і перадалі ў дар жыхарам вёскі цікавую калекцыю фотаздымкаў, на якіх Шымон Перэс у розныя перыяды свайго жыцця. А на дзверы пакоя, дзе размешчана экспазіцыя, была прымацавана мязуза — пергаментны світак са словамі малітвы.

Для гасцей з канцэртнай праграмай выступілі музычная капэла «Санорус» Мінскай вобласці, заслужаны аматарскі калектыў, фальклорны ансамбль «Гасцінец» Ракаўскага Дома фальклора Валожынскага раёна.

Увогуле ж у рамках міжнароднай канферэнцыі «Арт Лімуд Беларусь» запланавана шмат мерапрыемстваў. Гэта экскурсіі, канцэрты, трэнінгі, сустрэчы, выставы і лекцыі. Па некалькі дзён госці правядуць у Мінску, Віцебску і Брэсце.

На здымку: хлеб-соль з пачуццём прынялi дачка Шымона Перэса прафесар філалогіі Цвія ВАЛЬДЭН i Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф ШАГАЛ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter