У Мінску пачалі працаваць 15 школьных кірмашоў

Школьны дрэс-код

Учора ў Мінску пачалі працаваць 15 школьных кірмашоў. Пашыраны асартымент    адзення для школьнікаў таксама можна знайсці ў 50 магазінах горада, яшчэ 385 арганізацый гандлю прадаюць асобныя віды канцылярскіх тавараў. Для зручнасці пакупнікоў аформлена 70 куткоў для першакласнікаў. Карэспандэнт «Р» даведалася, колькі грошай спатрэбіцца бацькам, каб сабраць дзіця ў школу.


У першы дзень пашыранага школьнага гандлю ў мінскім ЦУМе наведвальнікаў значна прыбавілася. Маці з дзецьмі асабліва шмат ля прылаўкаў канцылярскага аддзела. Анастасія Ложачнік з сынам Валерыем купляюць усё строга па спісе: дзённік, сшыткі, вокладкі для кніг... Рабіць пакупкі да школы яны спецыяльна прыехалі з Дзяржынска. 

«Матэматычны набор не забудзь. Вось за 30 тысяч рублёў бяры», — папаўняе карзіну прадбачлівая маці. Прызнаецца: толькі ў гэтай секцыі магазіна на збор трэцякласніка яна патраціць каля 500 тысяч рублёў, а яшчэ трэба купіць школьны касцюм і туфлі.

Паводле ацэнак галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, экіпіроўка школьнікаў малодшых класаў абыдзецца ў суму ад 1,5 да 5,8 мільёна рублёў. Зборы старшакласнікаў будуць даражэйшыя — ад 1,9 да     7 мільёнаў. За гэтыя грошы бацькі набудуць неабходныя швейныя і трыкатажныя вырабы, штодзённы, выхадны і спартыўны абутак, школьныя прыналежнасці.

Наталля Цімашэнка, намеснік загадчыцы секцыі канцтавараў ЦУМа, дапамагае пакупнікам адшукаць якасныя, але недарагія рэчы. «Вось дзённік. Глядзіце, ёсць за 7 тысяч рублёў, а можна і за 17 тысяч купіць, — дэманструе самы хадавы тавар. — І так практычна па ўсіх таварах». Таму, калі трохі пастарацца, можна зэканоміць дастаткова вялікую суму, запэўнівае Наталля Віктараўна.


У секцыі салона «Мужчынскае адзенне» сустракаю Алену Ездакову, якая скрупулёзна выбірае сыну касцюм. «Варыянтаў шмат, аж вочы разбягаюцца. Штаны з пінжаком можна купіць за 400 тысяч, але ёсць і за 600, і за 700 тысяч», — мама глядзіць, як шасцікласнік Ваня круціцца ля люстэрка. Дапамагчы з выбарам пакупнікам спяшаецца Таццяна Зыгмантовіч, намеснік загадчыцы секцыі: «Часта бяруць камплект: штаны і камізэльку. Каштуе ён ад 315 тысяч рублёў. А можна асобна толькі штаны ўзяць — абыдзецца гэта ў 180—200 тысяч. І кашулю, і джэмпер падбяром — за 200 тысяч можна купіць».

Як заведзена, больш складана з выбарам адзення для школы ў дзяўчынак. То колер не падабаецца, то форма не тая. Заўважаю, як вельмі стомлены бацька ўгаворвае дачку ўсё ж такі вызначыцца з сарафанам. «Вось жа выдатны які, глядзі! Яго за 200 тысяч купім і блузку за 150 тысяч да яго», — Пётр Янкоўскі не здаецца. Але сямігадовая Каця па-ранейшаму сумняваецца, можа, выбраць адразу касцюм: спадніцу і жакет? Праўда, абыдзецца гэта ўжо крыху даражэй — ад 385 тысяч.

Засталася справа за малым — і хлопчыкам, і дзяўчынкам для завяршэння школьнага вобразу патрэбныя туфлі. Іх, расказвае Ларыса Чопчыц, намеснік загадчыцы секцыі «Дзіцячы свет», велізарны выбар. Цана прыблізна ад 300 тысяч рублёў.


У галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама інфармацыю аб шырокім асартыменце тавару пацвярджаюць: «Крамы прапануюць пакупнікам больш за 240 мадэляў адзення для дзяўчынак, звыш 220 мадэляў для хлопчыкаў усіх узроставых груп. Адзенне дзелавога стылю для школьнікаў шыюць з паўшарсцяных і полівіскозных тканін, мікравельвету, тканін з вялікай колькасцю віскозы, што робіць вырабы паветрапранікальнымі, мяккімі і зручнымі». 

Асартымент дзіцячага абутку налічвае каля 95 мадэляў для хлопчыкаў і 86 мадэляў для дзяўчынак. Для заняткаў фізкультурай і спортам на прылаўках прадстаўлена 39 мадэляў абутку айчыннай вытворчасці. Таксама ў гандлёвай сетцы прапануецца звыш 100 мадэляў ранцаў і рукзакоў, якія выраблены з трывалых, лёгкіх і воданепранікальных матэрыялаў з абавязковай прысутнасцю святлоадбівальных элементаў.

ДАРЭЧЫ

Усяго ў ліпені—жніўні ў Мінску запланавана правесці больш як 120 выстаў-продажаў і пашыраных продажаў, 25 дэманстрацый мадэляў     адзення, абутку, школьнай галантарэі з удзелам прадпрыемстваў-вытворцаў, уручэннем прызоў і падарункаў. Таксама з 21 па 30 жніўня на экспазіцыйных плошчах Нацыянальнага выставачнага цэнтра «Бел-  экспа» адбудуцца 9-я Міжнародная спецыялізаваная выстава-кірмаш тавараў і паслуг для дзяцей «Нашым дзецям» і 16-я спецыялізаваная выстава-кірмаш «Прывітанне, школа!». 

Па традыцыі ў канцы жніўня, калі адзначаецца найбольшая актыўнасць пакупнікоў, на пляцоўцы каля Палаца спорту пройдзе кірмаш «Прывітанне, школа-2015!», у якім прымуць удзел арганізацыі-вытворцы, гандлёвыя арганізацыі нехарчовай і харчовай сеткі, прадпрыемствы грамадскага харчавання.

Юлія ПАПКО

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter