Мінская музычная школа мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава адзначае 45-годдзе

Школа, перапоўненая музыкай

Мінская музычная школа мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава адзначае 45-годдзе. Сёння гэта адна з вядучых устаноў у галіне музычнай адукацыі краіны, вядомая і далёка за яе межамі. Сярод былых і цяперашніх выхаванцаў школы нямала лаўрэатаў прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, юным выканаўцам апладзіравалі ў Японіі, Італіі, Германіі, Балгарыі...

Пра гісторыю і сённяшні дзень школы наша гутарка з яе дырэктарам, заслужаным дзеячам культуры Беларусі Тамарай Куніцкай (на здымку).

— Тамара Арцёмаўна, школа адкрылася ў 1971 годзе, вы ў ёй — з 1972-га, спачатку завучам, і вось ужо 40 гадоў дырэктарам. Як усё пачыналася?

— Вельмі сціпла, з некалькіх пакояў у Доме афіцэраў, усяго з 70 вучняў і двух інструментаў — баяна і фартэпіяна. Для параўнання: сёння ў нас 900 выхаванцаў і 23 інструменты — усе струнна-смычковыя, народныя, ударныя, духавыя, словам, паўнавартасны набор сімфанічнага аркестра.

— І будынак зайздросны, унікальны, адзін з найстарэйшых у Мінску.

— Так, гэта помнік архітэктуры XVII стагоддзя, былы жаночы ўніяцкі манастыр. Доўгія калідоры, скляпеністыя столі, таму выдатная акустыка. Тут сама атмасфера спрыяе творчасці, архітэктура — быццам застылая сімфонія. Дарэчы, і наша канцэртная зала ў суседнім будынку — памяшканне гістарычнае. Калісьці ў ім жыла сям`я знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі. Але да гэтага нам давялося нямала павандраваць па горадзе, працуючы не ў самых зручных умовах. У той час я казала калегам адно: абстрагуемся ад складанасцей і ідзём наперад, нарошчваем творчы патэнцыял. Таму, калі ў 1995-м перабраліся на вуліцу Энгельса, 1, у школе былі ўжо і моцны педагагічны састаў, і паспяховыя таленавітыя вучні, і свае хары, аркестры, ансамблі, якія адразу сталі атрымліваць ганаровае званне «Узорны калектыў».

— Сёння школа і яе выхаванцы добра вядомыя ў асяроддзі прафесіяналаў.

— З гонарам магу сказаць, што, напрыклад, сам маэстра Аляксандр Анісімаў не раз запрашаў іх у праграмы Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, якім кіруе, і прызнаваўся, што ў захапленні ад гэтага супрацоўніцтва.

Сальфеджыа — урок не сумны

У нас добрыя даўнія сувязі з саюзам кампазітараў. Многія з іх давяраюць нашым калектывам першае выкананне сваіх твораў. Больш за 20 гадоў мы ладзім праект «Музыка беларускіх кампазітараў у сэрцах нашых дзяцей», у яго канцэртах з вучнямі прымаюць удзел самыя знакамітыя маэстра — Ігар Лучанок, Эдуард Зарыцкі, Кім Цесакоў, Валерый Іваноў... У 2001 годзе менавіта за поспехі ў развіцці беларускай культуры школе было прысвоена імя выдатнага кампазітара, народнага артыста СССР і Беларусі Яўгена Глебава, што вельмі пачэсна.

— Дзе сёння запатрабаваны былыя вучні школы?

— У Маскве ў «Хоры Турэцкага» саліруе Алег Бляхарчук. У маладзёжнай трупе Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу спявае Марыя Галкіна. Там жа ў Валерыя Гергіева іграе скрыпачка Таццяна Гаркуш. Па Еўропе паспяхова канцэртуюць трубач Сяргей Лятэ і піяніст Сяргей Смірноў. У Прэзідэнцкім аркестры — віяланчэлістка Алена Дулебянец. У Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры — Юрый Сляпнёў. Ксенія Сітнік — пераможца дзіцячага «Еўрабачання» — таксама наша выпускніца. І гэты спіс можна працягваць. Многія выкладаюць. І самае галоўнае — 24 нашыя выпускнікі сёння працуюць у роднай школе. Гэта, дарэчы, асноўная стратэгія фарміравання нашага педагагічнага калектыву — абавязкова дачакацца сваіх вучняў і забраць іх у школу выкладчыкамі.

Школа ігры на віяланчэлі

— Мяркуючы па колькасці віншавальных «маланак», разме-шчаных на стэндах у школе, цяперашнія вучні не стамляюцца радаваць перамогамі ў прэстыжных конкурсах.

— Гэта праўда. Дзеці нашы надзвычай таленавітыя, працавітыя, ёсць сапраўдныя самародкі. Першым у гісторыі школы ўладальнікам Гран-пры стаў яшчэ ў 1994 годзе Мікалай Засценскі. З тых часоў штогод нашы юныя музыканты становяцца лаўрэатамі. Не буду пералічваць, каб нікога не пакрыўдзіць, гэта дзясяткі імёнаў, і школа ганарыцца гэтымі вучнямі. Наогул нашы дзеці вельмі любяць           удзельнічаць у конкурсах, канцэртах, робяць гэта часта і з задавальненнем. Выступаюць і сольна, і ў складзе хароў, аркестраў, ансамбляў. Мне, бывала, казалі: навошта столькі канцэртаў? Але ж канцэрт — гэта таксама школа для юнага выканаўцы. Дзіця не толькі іграе, а і вучыцца, як выходзіць на сцэну, як трымацца, што надзець. Гэта таксама важна.

— У чым сакрэт педагагічнага поспеху?

— Мая формула такая: абавязковае злучэнне вопыту, мудрасці, прафесіяналізму настаўнікаў і яркая, таленавітая, феерычная моладзь. І, вядома, трэба любіць музыку і дзяцей.

Фартэпіянны дуэт.

— Ці цяжка паступіць у вашу школу?

— Адбор ідзе, вядома. Але асабліва пакрыўджаных у нас не бывае. Мы імкнёмся не страціць ні аднаго захопленага дзіцяці. Для мяне самае цяжкае, калі дзеці не паступаюць і з-за гэтага плачуць. Таму ўжо больш за 20 гадоў пры школе працуе эстэтычны цэнтр, дзе навучаюцца музыцы ўсе жадаючыя, незалежна ад узросту. Акрамя таго, ёсць і падрыхтоўчая група ранняга развіцця для дзяцей з 3 гадоў.

— Школьны юбілей учора адзначаны грандыёзным гала-канцэртам на сцэне Дома афіцэраў, дзе з трыумфам выступілі і вучні, пачынаючы з самых маленькіх, і педагогі.

— І гэта далёка не ўсе нашы таленавітыя выканаўцы, якіх хочацца паказаць. Школа проста перапоўнена музыкай. Таму юбілейныя канцэрты працягнем. У лютым і красавіку, ужо з іншымі праграмамі, запланаваны выступленні ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter