Школа кліча, школа чакае. У верасні 1961 года ўпершыню гасцінна адчыніла свае дзверы СШ № 1 горада Нароўлі.

Сёлета школе спаўняецца паўстагоддзя. І тыя, хто прыйшоў першы раз у першы клас у новенькую навучальную ўстанову, вельмі хочуць сустрэцца праз 40 гадоў пасля яе заканчэння. Дапамагчы арганізаваць двойчы юбілейную сустрэчу просіць нас выпускніца 1971 года Таццяна Іванаўна Ядчанка (Логвін), якая цяпер жыве ў Маладзечне.

Сёлета школе спаўняецца паўстагоддзя. І тыя, хто прыйшоў першы раз у першы клас у новенькую навучальную ўстанову, вельмі хочуць сустрэцца праз 40 гадоў пасля яе заканчэння. Дапамагчы арганізаваць двойчы юбілейную сустрэчу просіць нас выпускніца 1971 года Таццяна Іванаўна Ядчанка (Логвін), якая цяпер жыве ў Маладзечне.

— У 1971 годзе ў нас было тры выпускныя класы. Я заканчвала 10А клас, — расказвае Таццяна Іванаўна. — Таму ў першую чаргу звяртаюся да сваіх аднакласнікаў, якіх з 28-мі засталося 19. Дарагія Люба Бардзілоўская, Раіса Гузман, Уладзімір Іваноў, Святлана Кажадуб, Валя Казакова, Коля Казароз, Васіль Ляхар, Тамара Мяжэнная, Оля Салавей, Аня Салавей, Ніна Стораж, Наташа Стораж, Іна Фінк, Лена Шаруха, Тамара Шашко, Дзіма Юшчанка, Марыя Юшчанка, Ніна Юшчанка, я вас усіх памятаю. А класным кіраўніком у нас была Тамара Мікалаеўна Лапіцкая, яна вяла фізіку. Выпусціўшы нас, яна перайшла ў школу № 2. Вельмі хочацца ўбачыць і Тамару Мікалаеўну.
Успаміны пра школу, пэўна, самыя памятныя. Таму, асабліва з часам, хочацца акунуцца ў свет дзяцінства і юнацтва, успомніць любімых настаўнікаў, смешныя выпадкі са школьнага жыцця, выпускны баль, нясмелыя позіркі ўпершыню закаханых юнакоў і дзяўчат.
— Наша школа была асаблівай, — лічыць былая вучаніца. — Першым яе дырэктарам была цудоўны чалавек, партызанка-разведчыца з атрада Каўпака Аляксандра Карпаўна Дзямідчык. Яна ў нас выкладала хімію, была строгай, але справядлівай. Затым на адказнай пасадзе яе змянілі Сцяпан Архіпавіч Козінцаў, за ім Віктар Іванавіч Кулаценка — добрыя матэматыкі і рэдкай душы людзі. На жаль, іх ужо няма сярод жывых. А мы чакаем на юбілей школы ўсіх, хто ўзначальваў яе ў розныя гады. Я звяртаюся да сённяшняга кіраўніцтва школы, да раённага аддзела адукацыі з просьбай аб дапамозе ў арганізацыі вялікай юбілейнай сустрэчы.
Такая дапамога сапраўды неабходная, бо страшная трагедыя на Чарнобыльскай АЭС раскідала былых аднакласнікаў і жыхароў гэтай шматпакутнай зямлі не толькі па ўсёй Беларусі, але і па розных краінах: у Расію, Латвію, ва Украіну. І цяпер іх трэба знайсці, сабраць разам.
— Я хачу звярнуцца да выпускнікоў 10Б класа Клавы Жданавай, Колі Міхальчанкі, Любы Краснабарод, 10В — Надзі Цырук, Тамары Карнейчык, Васі Буднічэнкі: займіцеся, калі ласка, арганізацыяй сустрэчы сваіх аднакласнікаў. Хочацца таксама, каб паспрыялі ў гэтай справе і выпускнікі іншых гадоў.
Як паведаміла наша чытачка, сустрэча павінна адбыцца 18—19 чэрвеня 2011 года ў Нараўлянскай сярэдняй школе. Збор у 10 гадзін каля будынка школы. На сустрэчу запрашаюцца выпускнікі ўсіх гадоў. З сабою пажадана прывезці матэрыялы (фотаздымкі або іх копіі) для школьнага музея.
Мы спадзяёмся, што сустрэча будзе сапраўды цёплай, чаканай, запамінальнай. Вы можаце звяртацца на праект “Помні імя сваё”, каб наладзіць трывалую даюбілейную сувязь, атрымаць дадатковую інфармацыю. Можна тэлефанаваць Таццяне Іванаўне Ядчанка ў Маладзечна (8-0176-76-13-75, МТС 8029-8709080) або Ніне Віктараўне Юшчанка ў Нароўлю (8-02355-2-58-24, МТС 8029-5309886), заходзіць на сайт “Аднакласнікі”.
— Прыязджайце ў сваю школу, — запрашае Таццяна Іванаўна. — Яна чакае нас. Да сустрэчы!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter