Шклоў — беларускі Версаль

Якое дачыненне мае Шклоў да беларускага пісьменства? Самае непасрэднае! У 1631 годзе ў Куцеінскай і Магілёўскай друкарнях пабачыў свет першы на тэрыторыі Магілёўшчыны буквар, падрыхтаваны знакамітым асветнікам і друкаром Спірыдонам Собалем. Гэта выданне карысталася вялікім попытам у XVIII стагоддзі, а выхад яго быў аплачаны са сродкаў шклоўскіх гандляроў.

У Шклове таго часу быў вельмі распаўсюджаны гандаль. Не дзіва, што на гербе гэтага горада намалявана рука, якая трымае бязмен. Вы спытаеце, што тут цікавага і пры чым тут буквар? Гандлярскае саслоўе звычайна не шкадавала грошай на развіццё навукі на сваёй радзіме. Але справа ў тым, што менавіта ў шклоўскіх гандляроў была свая выключная асаблівасць. Яны ўсе да аднаго былі яўрэямі. І, скажам так, далёка не беднымі. Бо справы тут ішлі зусім нядрэнна для невялікага мястэчка. Асабліва ў плане кнігадрукавання. Ужо ў 1783 годзе ў Шклове была адчынена свая друкарня, а ў пачатку XIX стагоддзя — яшчэ дзве. Самая знакамітая — друкарня Марголіна, будынак якой і зараз знаходзіцца на вуліцы Дняпроўскай. А ўсяго да 1835 года з друкарняў Шклова выйшла больш за 200 найменняў кніг!
Традыцыі майстроў жывуць і дагэтуль. Папяровая фабрыка “Спартак” пабудавана яшчэ да рэвалюцыі, а вось першае, на што звяртае ўвагу падарожнік, набліжаючыся да Шклова з боку Мінска, — велізарны блакітна-белы завод газетнай паперы, увесь з прамых і ламаных ліній, шкла і бетону. Пасля трохгадзіннай дарогі сярод палёў і лясоў ён выглядае зусім як небаскроб у Шэрвудскім лесе. Але гэта ўжо практычна частка горада са сваёй уласнай інфраструктурай. Да афіцыйнай гарадской мяжы ўсяго нічога — яшчэ кіламетраў шэсць, і вы ўжо можаце любавацца архітэктурай зусім іншага кшталту. Адноўленую, а фактычна зноў пабудаваную гарадскую ратушу Шклова і гандлёвыя рады (таксама XVIII стагоддзя) не заўважыць проста немагчыма. Тут знаходзіцца гарадская агульнаадукацыйная школа № 1. Такім чынам, можна сцвярджаць, што гэты помнік цяпер мае самае непасрэднае дачыненне да пісьменства. Літаральна праз два крокі (у Шклове ўсё побач) у былым будынку універмага “Дзіцячы свет” працуе гісторыка-краязнаўчы музей, адзін з самых багатых па экспазіцыі на Магілёўшчыне. Трэба адзначыць, што ў гэтым плане гораду на самай справе пашанцавала.
Як Зорыч у Шклове грошы друкаваў
Упершыню Шклоў згадваецца ў 1535 годзе, калі ён быў спалены войскам Васіля Шуйскага. У розныя гады горад належаў магнатам Хадкевічам, Сіняўскім, Чартарыйскім. Гавораць, што менавіта адсюль пачаў свой паход на Маскву Грыгорый Атрэп’еў (будучы Лжэдзмітрый ІІ). У 1708 годзе тут кватаравалі шведскія войскі пад кіраўніцтвам генерала Левенгаўпа. З 1773 года горад стаў уладаннем князя Пацёмкіна. У 1778 годзе імператрыца Кацярына II падаравала Шклоў генерал-лейтэнанту Сямёну Зорычу, новы ўладар абраўся сюды на пастаяннае месца жыхарства. Дарэчы, сама расійская імператрыца гасціла ў Шклове ў маі 1780 года і нават сустракалася тут з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II.
Ці можна лічыць самога Зорыча асветнікам і мецэнатам Шклова? Наўрад ці была яму хоць якая-небудзь справа да беларускага пісьменства, але тым не менш культурнае жыццё ў мястэчку з яго прыбыццём яўна пайшло ўгору. Сямён Зорыч заснаваў вучылішча для 60 дваранскіх дзяцей, якое потым стала кадэцкім корпусам. У сваім маёнтку ён пабудаваў тэатр з балетнай і тэатральнай трупамі. Адной з “зорак” гэтага тэатра была прыгажуня Кацярына Азарэвіч. Пасля, ужо ў Санкт-Пецярбургу, яна стала знакамітай прыма-балерынай.
У пачатку ХХ стагоддзя ў Шклове знаходзілася рэзідэнцыя начальніка чыгункі Крывашэіна. Пасля рэвалюцыі ў драўляным палацы размяшчаўся клуб фабрыкі “Спартак”, але будынак гэты згарэў у 2004 годзе. Звернем увагу чытача на невялікае несупадзенне, якое можа зблытаць падарожніка. Помнік Сямёну Зорычу стаіць у гарадскім парку, насупраць спартыўнай пляцоўкі — месца, дзе стаяў палац Крывашэіна. А мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што маёнтак Зорыча быў на беразе Дняпра — фактычна на тым месцы, дзе цяпер пабудавана лыжаролерная траса. Менавіта тут і гасціла Кацярына II, аднак не толькі для сустрэчы з аўстрыйскім імператарам, але і па справах самога Зорыча. Яны датычыліся менавіта друкавання, але крыху іншага кшталту. Гавораць, што былы фаварыт гасударыні друкаваў, прычым вельмі добра друкаваў... фальшывыя грошы! Што тут зробіш — ён быў сынам сваёй эпохі і вялікім прайдзісветам таксама. Імператрыца магла закрыць вочы шмат на што, але гэта “прадпрыемства” падрывала эканоміку краіны. Канфлікт вырашылі ціха і палюбоўна, і на тым “друкарскія справы” Зорыча ў Шклове спыніліся.
Як на курорце...
“Пятачок” каля музея — адно з самых ажыўленых месцаў Шклова, асабліва ў вячэрні час. Пасля таго як горад значна паднавілі да “Дажынак” і Дня пісьменства, тут утварылася выдатнае месца для адпачынку. Рэстаран, два кафэ, царква і ратуша падсвечваюцца пражэктарамі і ліхтарамі. Вышэй па вуліцы — Палац культуры і старажытны парк, дзе ўвечары на вуліцы ўсё віруе. На дыскатэкі ў Шклоў прыязджае моладзь нават з Магілёва, не гаворачы ўжо пра навакольныя вёскі. А па частцы “музычнага суправаджэння” Шклоў, што называецца, “б’е як хоча” нават сталіцу. Тут прынята ладзіць на аўто такія моцныя стэрэасістэмы, што ад кожнай легкавушкі трасецца праезная частка і нават тратуар.
Улетку Шклоў нагадвае невялічкі курортны гарадок дзе-небудзь каля мора. Днём гарачыня — як у печцы. Па баках дарогі ў халадку ляжаць самлелыя ад спякоты сабакі, праязджаюць вяскоўцы на вазах — сваё павольнае правінцыяльнае жыццё. Надыходзіць вечар, і ўсё мяняецца ў імгненне вока — натуральны галівудскі бульвар! Тым больш што па фантазіі мясцовых камунальнікаў, таполі на галоўнай вуліцы падстрыглі “а-ля пальмы”. У Шклове ёсць дзве абавязковыя і адна не вельмі абавязковая рэчы для паспяховага развіцця турызму — вельмі смачнае марожанае, багаты выбар піва і добрая лазня. Варта пакаштаваць шклоўскі лаваш з цыбуляй і чабурэкі. У гэтым горадзе ў іх кладуць свежы і смачны мясны фарш. Акрамя таго, у кулінарыі каля рэстарана “Явар” прадаюцца чабурэкі з сырам. А сыру тут кладуць не шкадуючы!
Яшчэ адна асаблівасць Шклова — вяселлі з феерверкамі. Феерверкі, як сведчыць гісторыя, увайшлі тут у моду яшчэ пры Зорычу, які вёў такое ж “размашыстае” жыццё, як і ў Санкт-Пецярбургу. Шклоў той пары нават называлі “беларускім Версалем”: “Представления здешние превосходили по великолепию придворные спектакли русские, былые польские, императорские австрийские в Шенбрунне и французские спектакли в Версале”. А вось пасля смерці графа жыццё ў Шклове ўвайшло ў звычайную правінцыяльную каляіну. Пахаваны Зорыч быў у Шклове, але вось дзе яго магіла — невядома.
Тое, што ў горадзе праводзіліся “Дажынкі” і Дзень беларускага пісьменства, значна паспрыяла развіццю культурнага жыцця. Нельга сказаць, што раней яго не было. Наадварот — народныя ўмельцы і калектывы мастацкай самадзейнасці Шклова неаднойчы прадстаўлялі на розных фестывалях усю Магілёўшчыну. Гэты факт ужо сам па сабе значны.
А перад “Дажынкамі”, а потым і да Дня беларускага пісьменства  горад атрымаў “капітальны рамонт”, адноўленую ратушу, лыжаролерную трасу, помнік Зорычу, новы універмаг, музей, велізарныя маляўнічыя пано з выявамі беларускіх асветнікаў Францыска Скарыны і Сямёна Буднага і помнік агурку! Апошні — у сваім родзе унікальны.
Агурковы летапіс
Слава “агурковай сталіцы” прыйшла да Шклова яшчэ ў XVI стагоддзі, а ў XVII шклаўчанам удалося трапіць са сваімі “гадаванцамі” непасрэдна ў пісьмовыя помнікі, а калі быць дакладным, у... Баркалабаўскі летапіс! Як сцвярджае гэты сур’ёзны дакумент, улетку 1604 года Шклоў напаткала сапраўдная катастрофа — мароз пабіў усе агуркі “ў кветках”.
Помнік агурку ў выглядзе пупырчатага пузатага чалавечка (відаць, за прататып браўся агурок сорта “Раднічок”) вышынёй прыкладна з чалавечы рост, стаіць паміж Палацам культуры і ўваходам на рынак. Нягледзячы на малады ўзрост, ён ужо аброс традыцыямі, пра што сведчаць адпаліраваныя да бляску выступаючыя часткі — кветка ў правай руцэ, кішэня з грашыма і кошык з дробнымі агуркамі. Той, хто жадае поспеху ў бізнесе, павінен гладзіць ручку кошыка, маладыя  — кветку на шчасце і агуркі, “каб дзеткі былі”.
Яшчэ адно таямнічае месца Шклова — так званая “труба”. Гэта каменны тунель пад высокім, у некалькі дзесяткаў метраў чыгуначным насыпам. Прабілі яго менавіта ў час будаўніцтва самой чыгункі. Тут праходзіла, як сцвярджаюць, старадаўняя дарога на Магілёў, і ў “трубе” захавалася кладка са старых адшліфаваных часам камянёў. Стоячы ў гэтым імправізаваным “калідоры часу”, забываешся пра тое, што зараз ужо дваццаць першае стагоддзе. Адсюль відаць панарама невялічкага беларускага мястэчка — маленькія домікі пад каляровымі дахамі, купалы царквы і шпіль касцёла. А ўперад бяжыць дарога — да ўзгоркаў і лугоў, дзе, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, растуць дзіўныя, самыя прыгожыя ў свеце кветкі. Так заўсёды здаецца, калі гаворыш пра Радзіму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter