Белорусские школы на «крэсах усходніх». Что об этом писала тогдашняя западно-белорусская пресса?

Шкадавалі бацькі, і плакалі дзеці

Беларуская школа ў шаркаўшчынскай Сталіцы праіснавала месяц і была зачынена польскімі ўладамі, іншыя не дазволілі адчыніць наогул

Чаму і як вучыць дзяцей? Гэта пытанне ва ўсе часы застаецца найважнейшым. Аднак у нашых продкаў, што апынуліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, не было мноства варыянтаў. Нават атрымаць першапачатковую адукацыю было праблемай, не кажучы пра выбар моў. Паводле Версальскага (1919) і Рыжскага (1921) мірных дагавораў правы нацыянальных меншасцей на адукацыю не павінны былі парушацца. На самай справе настаўнікі з беларускіх школ часта траплялі ў турмы, а ўрад рабіў на месцах усё магчымае для пашырэння ўплыву польскай адукацыі. Як гэта адбывалася, даведваемся з друкаваных выданняў таго часу, у прыватнасці з «Сялянскай нівы» 1925 года.


Першае паведамленне датычыцца працы беларускіх гімназій. Аўтар цытуе новы загад польскага міністэрства веравызнанняў і грамадскай асветы, згодна з якім «навука гісторыі і географіі агульнай у сярэдніх школах з няпольскім языком… павінна адбывацца ў мове польскай… Агулам у тыдзень гімназіі маюць 44 гадзіны лекцый з польскай мовай. Уводжанне ж яшчэ гісторыі і географіі агульнай у мове польскай давядзе да таго, што беларускія гімназіі будуць мець больш прадметаў у мове польскай, як у беларускай». Але ж гімназій і так было мала. У пачатку 1920-х працавалі шэсць такіх сярэдніх школ: у Вільні, Гродне, Нясвіжы, Навагрудку, Радашковічах, мястэчку Гарадок Вілейскага павета. Газета робіць вывад, што ўрад меў на мэце «не дапусціць да паўстання ні аднэй беларускае школы». І гэта пацвярджаецца ў мностве карэспандэнцый з розных мясцін: Радашковічаў, Слоніма, Савічаў, Сеткаўшчыны Слонімскага павета, Чэмяроў, Прудоў…

Для адкрыцця беларускамоўнай школы бацькі павінны былі падаць «дэкларацыі», але мясцовыя кіраўнікі, войты і старасты ўсяляк гэтаму перашкаджалі. Газета піша: «У сакавіку 1925 года сяляне вёскі Задвор’е гміны Казлоўшчына Слонімскага павету не раз звярталіся да войта гміны аб сцверджанні школьных дэкларацыяў у справе беларускае школы. Войт гміны адмовіўся сцвярджаць подпісы, а ўслед за тым паліцыя арыштавала солтыса вёскі Задвор’е В. Сіняка за ўдзел у працы над адкрыццём беларускае школы. Акрамя таго, паліцыя пачала дакучаць вучыцелю прыватнае беларускае школы Ал. Тарасюку, цягаючы яго на пастарунак…»

Яшчэ адна карэспандэнцыя стала падставай для маленькага журналісцкага расследавання. Чытаем: «13 сакавіка жыхары вёскі Барадзенічы гміны Іоды Дзісенскага павету, у сваім часе міма перашкод са стараны школьнае ўлады і адміністрацыі, падалі інспектару школьнаму ў Глыбокім дэкларацыі аб змене існуючай польскай школы на беларускую. Аднак дасюль школы беларускае няма, а насяленне пад прымусам кар грашовых змушана пасылаць дзяцей сваіх у польскую школу». Дзе шукаць вёску Барадзенічы або Ёды (сучаснае напісанне)? Высветлілася, што зараз першая знаходзіцца ў Браслаўскім раёне, другая — у Шаркаўшчынскім.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні і настаўнік гісторыі Ёдскай дзіцячага сада — сярэдняй школы Яўген Цітовіч стварыў краязнаўчы пакой, дзе захоўваюцца ў тым ліку дакументы, якія маюць дачыненне да адукацыі ў Заходняй Беларусі. Ніякіх сведчанняў пра беларускую школу часоў «крэсаў» не захавалася — толькі атэстаты польскамоўнай. Ён нагадаў, што па рашэнні Юзафа Пілсудскага ўрад вырашыў пабудаваць сотні польскіх школ для асіміляцыі насельніцтва на новых тэрыторыях. У наваколлі Ёдаў яны з’явіліся ў Слабадзе, Пашках, Бяльмонтах... Будынак у Шкунціках нават захаваўся да нашага часу. Бацька майго субяседніка Яўген Іванавіч два разы вучыўся ў першым класе: пайшоў у польскую школу ў вёсцы Лазоўка, а пасля ўз’яднання — у беларускую ў тым жа будынку.

Маршал Пілсудскі знакаміты фразай «Мая мара — дайсці да Масквы і на крамлёўскай сцяне напісаць: «Гаварыць па-руску забаронена!». На наша шчасце, не спраўдзілася.

Высветлілася, што прыклад прыватнай беларускай школы ў гэтых мясцінах усё ж існаваў. Але лёс яе таксама склаўся трагічна. Падрабязнасцямі падзялілася навуковы супрацоўнік Мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча ў вёсцы Германовічы Шаркаўшчынскага раёна Іна Пучынская.

Атрымалася так, што беларускі этнограф, мастак, пісьменнік, скульптар Язэп Драздовіч напярэдадні падзелу Беларусі прыехаў да хворай маці на малую радзіму. І… апынуўся за мяжой, да Мінска шлях быў адрэзаны. У 1921 годзе ён заснаваў беларускамоўную школу ў вёсцы Сталіца Шаркаўшчынскага раёна. Праіснавала яна толькі месяц і была зачынена польскімі ўладамі.


Вось што пазней Язэп Нарцызавіч пісаў у дзённіку:

«…У 1921 годзе быў першым ініцыятарам між сталічанамі, жадаючымі ўчыць дзяцей сваіх у сваёй роднай мове, і залажылі на Разаліным хутары парадкам абстаўленую беларускую школу, у якой мне якраз што і давялося быць першым і апошнім настаўнікам, бо праіснавала яна толькі ўсяго адзін месяц часу. Прыехалі і, як нелегалізаваную, закрылі… Жалелі бацькі, і плакалі дзеці — нішто не памагло… А вучыліся па майму асабіста апрацаванаму метаду, «без пастрах і кары», а на разуменнях, што ёсць добра і нядобра, прыгожа і непрыгожа — як на дзіва! Не бачыў я, каб каторы з іх друг дружку чым-небудзь пакрыўдзіў або змарнаваў вольны час на непрыстойную шаласць і дуры. Слухаліся мяне не як «пана» ці «гаспадзіна ўчыцеля», а як «дзядзьку настаўніка». Апроч чытання, лічэння ды пісання, яны і рысавалі, і пяялі, яны і дэкламавалі, у геаграфічных картах разбіраліся адно аднаму на перарывах беспамылкова. А гімнастыкай у вольны час, асабліва ж на трапецыі, уладалі, як акрабаты».

У польскай школе парадкі былі зусім іншымі. Пра гэта таксама захаваліся ўспаміны сведкаў. Жыхарка вёскі Германавічы Ірэна Янаўна Пучынская ўзгадвала: «Апранаць не было чаго, каб хадзіць у тую школу. Усе настаўнікі гаварылі толькі па-польску». Яе аднавясковец Іван Ралькевіч успамінаў: «У школе быў парадак. Бо калі дзеці парушалі дысцыпліну, іх каралі: ставілі ў вугал на гарох, лупцавалі».

Шмат фактаў з газеты сведчаць пра гвалтоўную паланізацыю нават пачатковай адукацыі на «крэсах усходніх». Людзей ашуквалі і прымушалі падпісваць дэкларацыі за польскае навучанне, як у вёсцы Расахі Пружанскага павета. «Сялянская ніва» піша, што бацькі «злажылі школьным уладам 412 камплектаў школьных дэкларацыяў, гэта знача на 412 беларускіх школаў на 1925/26 школьны год… А ці адчынена хоць адна?.. Не, ні адна беларуская пачатковая школа не паўстала дзякуючы «дабрадзейству» ўставадаўства польскага…» Бацькам і дзецям заставалася чакаць вызвалення.

yasko@sb.by

Фота з архіва Яўгена ЦІТОВІЧА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter