Шэры смутак Чырвонага Берага

У 1943-м амаль дзвюм тысячам малалетнiх чырвонабярэжцаў, хлопчыкаў i дзяўчынак  з iншых населеных пунктаў Гомельшчыны давялося  зведаць увесь жах нечалавечых пакут, створаных  прыхiльнiкамi “новага сусветнага парадку”... 

У 1943-м амаль дзвюм тысячам малалетнiх чырвонабярэжцаў, хлопчыкаў i дзяўчынак  з iншых населеных пунктаў Гомельшчыны давялося  зведаць увесь жах нечалавечых пакут, створаных  прыхiльнiкамi “новага сусветнага парадку”.  Малалетнiх вязняў з абсталяванага ў Чырвоным Беразе перасыльнага пункта адпраўлялi ў Нямеччыну, прымушалi працаваць на аднаўленнi пашкоджанай партызанамi чыгункi,  у гэтым месцы ў iх да поўнага знясiлення бралi кроў для параненых салдат вермахта. 

— Наша дзяцiнства адабрала вайна. У адзiн з чэрвеньскiх ранкаў гiтлераўцы ўварвалiся да нас у хату i, груба штурхнуўшы мацi, загадалi хутка сабраць мяне i старэйшую сястру Таццяну, — узгадвала на цырымонii былы малалетнi вязень  перасыльнага лагера, жыхарка Чырвонага Берага  Нiна Мiгай. — Таццяну адправiлi працаваць на чыгунку, мяне ж з iншымi дзецьмi агледзеў нямецкi ўрач, затым на шыi нам павесiлi кардонныя шыльдачкi i завялi ў барак. Кожную ранiцу некалькi дзесяткаў хлопчыкаў i дзяўчынак выводзiлi на здачу крывi. Многiя з iх назад не вярталiся... 

Нiне Мiкалаеўне, яе сястры i некалькiм дзесяткам iншых вязняў удалося ўцалець — у Чырвоны Бераг прыйшлi савецкiя воiны. Многiм жа былым вучням мясцовай  школы, малалетнiм жыхарам 186 населеных пунктаў  Беларусi, знiшчаных акупантамi, вязням сотняў канцлагераў i гета пашчасцiла значна менш. Устаноўлены i занатаваны на ветразi белага караблiка дзiцячай мары  (выява яго – адзiн з кампазiцыйных фрагментаў мемарыяла) толькi прозвiшчы 15 малых чырвонабярэжцаў, адпраўленых у незваротнае нямецкае рабства. Барыс Мацас, Тамара Снiткова, Зiна Жалудовiч, Жэня Плахоцкi, Надзя Шашкова... Выразным пратэстам фашызму i фашыстам  гучаць радкi пiсьма-запавету бацьку-чырвонаармейцу пятнаццацiгадовай Кацi Сусанiнай, якая скончыла жыццё самагубствам, не жадаючы цярпець катаваннi нямецкага бюргера. “...Тут мы нiкому не патрэбны, — пiсала перад смерцю Каця. — Дзецi днямi ходзяць галодныя, на iх нацкоўваюць аўчарак, кожны дзень iх забiваюць... Я парабчанка ў нямецкага барона. Працую шмат, а ем з карыта разам з Розай i Кларай, так клiчуць свiней гаспадара. Два разы я збягала, але мяне адшукваў дворнiк. Тады сам барон зрываў з мяне адзенне, бiў нагамi. Я губляла прытомнасць. Тады на мяне вылiвалi вядро вады i кiдалi ў падвал. Татачка, адпомсцi за мяне!” 

— На гэтым святым месцы ўвекавечання памяцi малалетнiх ахвяр вайны адчуваеш вялiкае ўзрушэнне. Патрэбны моцныя нервы, каб стрымлiваць эмоцыi, — адзначыў на цырымонii адкрыцця мемарыяльнага комплексу старшыня Гомельскага аблвыканкома Аляксандр Якабсон. – Ведаючы, што толькi на тэрыторыi Беларусi фашысты стварылi болей за 250 такiх канцлагераў i перасыльных пунктаў, яшчэ раз усведамляеш вялiзныя маштабы перажытай народам трагедыi... 

Усе, з кiм давялося сустрэцца пад час адкрыцця мемарыяла, былi аднадушнымi: аўтару праекта прафесару Мiжнароднай акадэмii архiтэктуры, заслужанаму архiтэктару Рэспублiкi Беларусь, лаўрэату Дзяржаўнай прэмii краiны Леанiду Левiну i творчаму калектыву скульптараў, мастакоў, будаўнiкоў з акцыянернага таварыства “Трэст № 40” удалося перадаць у метале, мармуры, каменi, шкле  галоўную iдэю помнiка: памятаючы пра страчаныя жыццi, людзям трэба быць пiльнымi, каб жахi вайны больш нiколi не скалыхвалi дзiцячыя i мацярынскiя сэрцы. 

У цырымонii адкрыцця мемарыяльнага комплексу “Дзецям — ахвярам вайны” бралi ўдзел Часовы Павераны Федэратыўнай Рэспублiкi Германii ў нашай краiне Фрыд Нiльзэн, першы сакратар Пасольства Украiны ў Рэспублiцы Беларусь Станiслаў Вдовенка, архiепiскап Гомельскi i Жлобiнскi Арыстарх. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter