Шэдэўр у два сантыметры.

У Нацыянальным гістарычным музеі прадстаўлена рарытэтная манета часоў князя Вітаўта.

Срэбная манета ручной чаканкі, на адным баку якой размяшчаецца выкананы па крузе кірылічны надпіс неўстаноўленага зместу, на другім — малюнак льва з разяўленай пашчай, даўней называлася пенязь, або дынар. Такіх нумізматычных шэдэўраў у свеце засталося ўсяго два.

Падарунак мецэнатаў

Да моманту выяўлення рарытэту навуковая супольнасць мела інфармацыю толькі аб адзіным існуючым экземпляры манеты такога тыпу, знойдзеным у Віленскім Ніжнім замку ў 2001 годзе. Зараз гэты артэфакт захоўваецца ў Нацыянальным музеі Літвы. Спецыялісты яшчэ не праводзілі сур’ёзных даследаванняў, аднак запэўніваюць: наша срэбная манета датуецца 1380—1400 гг. і адносіцца да перыяду праўлення вялікага князя Вітаўта. Знаходка дазволіць праліць святло на гістарычную эпоху, калі манетная справа ў Вялікім Княстве Літоўскім толькі пачынала развівацца. Напрыклад, вядома, што ў гэты час з’яўвіўся новы тып манетнага злітка — трохгранны літоўскі рубель. Вага літоўскага дынарыя была менш як 0,3 грама з-за пастаяннага псавання манеты. Пры гэтым у краіне шырока абарачаліся пражскія грошы Карла і Вацлава IV, якія змяшчалі каля 1,8 грама серабра. Гэта прыкладна адпавядала зместу каштоўнага металу ў дзесяць пенязяў (дынараў) Вітаўта. Рубель жа важыў амаль 180 грамаў.
— Падобныя праекты не маглі быць рэалізаваны без дапамогі мецэнатаў, якія разумеюць: культура можа развівацца не толькі пры садзейнічанні дзяржавы, але і пры падтрымцы прыватных асоб і кампаній, — сказаў міністр культуры Павел Латушка, выказаўшы пры гэтым падзяку аднаму з найбуйнейшых беларускіх банкаў, які аказаў дапамогу ў набыцці дынара.
Цяпер Міністэрства культуры Беларусі працуе над нарматыўнымі актамі, якія будуць садзейнічаць развіццю мецэнацкай дзейнасці. У прыватнасці, новыя законы прадугледжваюць стварэнне апякунскіх саветаў пры вядучых установах культуры і ўдасканаленне падатковага заканадаўства ў гэтай сферы.

Дэтэктыў, ды і толькі!

Хто знайшоў артэфакт, за якую суму яго ўдалося выкупіць у калекцыянера, што праводзіў раскопкі, — таямніца за сямю пячаткамі. Ні кіраўніцтва музея, ні спонсары, якім набыццё маленькай несамавітай на першы погляд манеткі, напэўна, абышлося ў каласальную суму, не выдаюць інфармацыю як аб самой дэтэктыўнай гісторыі знаходжання скарбу, так і аб механізме яго набыцця. Асобнік быў знойдзены ў верасні 2009 года ў ваколіцах Навагрудка разам з іншымі рэдкімі манетамі, якія адносяцца да пачатковага перыяду гісторыі чаканкі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Сапраўднасць і гістарычная каштоўнасць манеты былі пацверджаны экспертным заключэннем міжнароднай групы спецыялістаў з Беларусі, Літвы і Расіі. Перамовы аб магчымасці яе набыцця пачаліся ў 2010 годзе. Барацьба за тое, каб анты-
кварны шэдэўр не пераправілі за мяжу, ішла амаль год. І вось нарэшце манета заняла сваё пачэснае месца ў музейных сценах. Праз некаторы час яе змогуць убачыць усе жадаючыя на трэцім паверсе музея. Пасля завяршэння рамонту будынка на вуліцы Фрунзе ў Мінску манету перавязуць у нумізматычны кабінет.

ДАРЭЧЫ
Спонсары ўжо не раз дапамагалі музею ў папаўненні калекцый. У 2008 годзе Нацыянальнаму гістарычнаму перадалі адзін з двух вядомых асобнікаў старадаўняй карты Вялікага Княства Літоўскага, складзенай па распараджэнні Мікалая Кшыштафа Радзівіла ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя. У 2009 годзе музею падаравалі калекцыю рэдкіх старадрукаваных кніг XVII—XVIII стагоддзяў, а таксама грошы на рэстаўрацыю дзвюх кніг “Апостал” XVI стагоддзя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter