Шчырыя размовы, актуальныя прапановы

На Вiцебшчыне завяршыўся першы этап адказнага манiторынгу

Кiраўнiк мiжведамаснай рабочай групы Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта па Вiцебскай вобласцi, дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Алег Краўцоў паведамiў карэспандэнту «Р» аб завяршэннi першага этапу адказнага манiторынгу. Ён прадугледжвае вывучэнне на месцах арганiзацыi работы дзяржаўных органаў кiравання з грамадзянамi. Асаблiва строгая ацэнка даецца разгляду iх зваротаў у структуры мясцовай улады, рэальнаму вырашэнню праблем насельнiцтва.

Папярэднi аналiз сведчыць, што для жыхароў Паўночнай Беларусi найбольш актуальнымi ў вырашэннi застаюцца пытаннi дзейнасцi прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркi, становiшча спраў у жыллёвым сектары: забеспячэнне вадой, добраўпарадкаванне тэрыторый i гэтак далей. Iншымi словамi, тое, чым спрадвеку жыве большасць людзей.

Першы, калi так можна сказаць, «дэсант» рабочай групы па даручэннi кiраўнiка дзяржавы на мiнулым тыднi працаваў з насельнiцтвам горада Оршы, Талачынскага i Вiцебскага раёнаў. Працэдура адносiн з грамадзянамi склалася надзвычай дэмакратычная. Любы чалавек, якi меў нейкiя праблемы цi прапановы, мог без папярэдняга запiсу звярнуцца да членаў мiжведамаснай рабочай групы, зайсцi на прыём цi пазванiць па тэлефоне «гарачай лiнii».

Трэба сказаць, што па ўсiх адрасах жыхары Вiцебшчыны актыўна адгукнулiся на прапанову прадстаўнiкоў улады i далучылiся да шчырай размовы. У Вiцебскiм райвыканкаме некалькi дзесяткаў чалавек асабiста прыйшлi на прыём цi патэлефанавалi членам рабочай групы. Звыш 40 грама­дзян у Аршанскiм гарвыканкаме выказалi свае заўвагi да мясцовай улады, расказалi аб эфектыўнасцi яе працы з насельнiцтвам. У Талачынскiм раёне на прыёме пабываў 21 грамадзянiн, а 23 вялi тэлефонны дыялог.

Членаў мiжведамаснай камiсii задаволiла, што людзi не толькi скардзяцца, але i выказваюць слушныя заўвагi, прапановы да органаў мясцовай улады i кiравання. У прыватнасцi, нямала гаварылася аб неабходнасцi паляпшэння медыцынскага абслугоўвання ў рэгiёне: нельга апраўдваць тое, што нiбыта з-за рамонтаў устаноў аховы здароўя прыкметна пагоршылася якасць медыцынскiх паслуг.

Напрыклад, няўжо да прыезду прадстаўнiчай рабочай групы са сталiцы нiхто з мясцовых органаў улады не ведаў аб праблеме медустановы «Рэспублiканскi цэнтр медыцынскай рэабiлiтацыi воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў»? Амаль што на 13 гадоў расцягнуўся тэрмiн будаўнiцтва другога корпуса гэтай вядомай лячэбна-аздараўленчай установы. Галоўны ўрач цэнтра Аляксандр Шчуко са сваiм калектывам робiць усё магчымае, каб у дадзеных умовах забяспечваць людзям якасныя медыцынскiя паслугi. Але ж сорамна за «даўгабуд» на тэрыторыi цэнтра.

Падчас правядзення манiторынга на месцах былi вызначаны i iншыя недахопы. Цяпер уся атрыманая iнфармацыя дэталёва вывучаецца, сiстэматызуецца i абагульняецца. Другi этап вывучэння дзейнасцi органаў улады i мясцовага кiравання запланаваны на 6—9 лiпеня. Дарэчы, прыём заяў, скаргаў i прапаноў ад грамадзян працягваецца, што дазволiць у будучым зрабiць глыбокую аналiтычную справаздачу аб стылi i метадах работы з насельнiцтвам рэгiянальных уладаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter