У Мінску прайшла ўрачыстасць з нагоды 90-х угодкаў Анджэя Станіслава Цеханавецкага, які ў свой час падарыў Беларусі вялікую каштоўнасць — Слуцкі пояс

Шчыры нашчадак

У Мінску прайшла ўрачыстасць з нагоды 90-х угодкаў Анджэя Станіслава Цеханавецкага, які ў свой час падарыў Беларусі вялікую каштоўнасць — Слуцкі пояс

Людміла Малей

Моцныя родавыя беларускія карані — гэта рэальная сіла, а не проста прыгожыя словы. Пацвярджэннем таму лёс юбіляра. Ён нарадзіўся ў Варшаве, дактарат абараняў і першую кніжку выдаў у Германіі, цяпер жыве і па-ранейшаму энергічна працуе ў Лондане. І ў той жа час Анджэй Станіслаў — шчыры патрыёт зямлі беларускай. Вось прыклады. Ён клапоціцца пра палац у Бачэйкаве на Віцебшчыне, дзе некалькі стагоддзяў шчыраваў ягоны род. Часта бываў у Нясвіжы і дапамагаў там аднаўленню палаца ды крыпты ў падзямеллі Фарнага касцёла, дзе пахаваны яго суродзічы Радзівілы. Дапамагаў у выданні важкага генеалагічнага даследавання, прысвечанага беларускай арыстакратычнай эліце, найперш князям Мсціслаўскім і Заслаўскім, прамым і апошнім нашчадкам якіх Анджэй Цеханавецкі і з’яўляецца.

Анджэй Станіслаў Цеханавецкі — нашчадак знакамітых беларускіх князёў

Анджэй Станіслаў Цеханавецкі — нашчадак знакамітых беларускіх князёў


Урачыстасць з нагоды 90-х угодкаў нашага суродзіча прайшла ў Беларускім дзяржуніверсітэце, ганаровым прафесарам якога ён абвешчаны. Ладзілі пасяджэнне, апрача ўніверсітэта, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, суарганізатарам якой ён быў і ганаровым сябрам застаецца, Мінскі сход нашчадкаў шляхты і дваранства, Беларускі фонд культуры пры ўдзеле прадстаўніка Міністэрства замежных спраў, гасцей з Віцебска, Нясвіжа і Варнян Астравецкага раёна: адтуль родам маці юбіляра. Сардэчныя прывітанні на адрас пасяджэння даслалі дарадца Пасольства Польшчы ў Беларусі пані Уршуля Дарашэўска і, вядома ж, сам юбіляр.

Анджэй Цеханавецкі шмат зрабіў для краіны, у якой не жыве, але адкуль бяруць пачатак яго карані. Старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, акадэмік, доктар гістарычных навук, прафесар Міхаіл Касцюк, адкрываючы ўрачыстасць, адзначыў: цяжка нават пералічыць усе рэгаліі гэтага чалавека. Доўгі час ён быў ганаровым старшынёй Беларуска-польскай урадавай камісіі па супольнай культурнай спадчыне. Кавалер многіх ордэнаў і медалёў розных краін свету, у тым ліку беларускага ордэна Дружбы народаў і медаля імя Францыска Скарыны. Аўтар кніжак пра культурнае жыццё Нясвіжа і Слоніма. Арганізатар канферэнцый пра беларуска-італьянскія культурныя сувязі (Падуя і Венецыя), беларуска-літоўскія ўзаемаадносіны (Мінск і Гервяты на Гродзеншчыне).

Ад рэктарата БДУ выступіў намеснік дэкана філфака па навуковай рабоце Павел Навойчык. Ён нагадаў, што  больш 20 гадоў Анджэй Цеханавецкі — ганаровы прафесар гэтай старэйшай беларускай навучальнай установы, і тое вельмі для яе ганарова. Гэта вядомы польскі навуковец, беларусіст, заснавальнік Фундацыі імя Цеханавецкіх у Варшаве, віцэ-прэзідэнт Англа-беларускага таварыства ў Лондане. Хоць юбіляр — грамадзянін Вялікабрытаніі, але належыць да магнацкага роду з Бешанковіцкага раёна Віцебшчыны. Ягоныя продкі дбалі пра эканамічнае і культурнае развіццё гістарычнай сядзібы ў Бачэйкаве, адзін з іх дапамог Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу выдаць “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча ў беларускім перакладзе, другі першым у Беларусі завёў галандскую пароду кароў. Іх слаўны нашчадак клапоціцца пра адраджэнне музея ў гэтай сядзібе.

Цікава расказваў пра юбіляра ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, доктар навук, прафесар Адам Мальдзіс. Згадваў асабістыя сустрэчы і кантакты з Анджэем Цеханавецкім, якія распачаліся ў 1982 годзе. Падкрэсліў: менавіта ён, вучоны і мецэнат, падараваў Беларусі вялікую каштоўнасць — чатырохбаковы Слуцкі пояс. Ягоныя дары — гэта і невядомы раней краявід Нясвіжа, рэдкія кнігі і рарытэты з радзівілаўскай калекцыі. На ягоныя сродкі выкуплены для Нясвіжскага музея ў замку адзін з арыгіналаў радзівілаўскай карты Тамаша Макоўскага, выдадзенай у 1648 годзе.

Начальнік упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі звярнуў увагу на вялікую ролю, якую адыграў спадар Анджэй у рэстаўрацыі замкаў у Нясвіжы і Міры. На пасяджэннях экспертнай беларуска-польскай камісіі па іх аднаўленні ён працаваў канструктыўна: прыслухоўваючыся да розных меркаванняў, выказаных у ходзе дыскусій, знаходзіў найбольш рэальныя рашэнні, а слушнасць іх пацверджваў час. Можна сказаць, што менавіта дзякуючы Цеханавецкаму Нясвіжскі замак быў уключаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, атрымаў шырокую вядомасць у Еўропе і свеце.

Вядомы дыпламат, былы старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА і пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі Уладзімір Шчасны распавёў пра асабістыя кантакты з юбілярам, прэзентаваў некалькі яго фотаздымкаў. Успаміны, паказ здымкаў прадоўжыў старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп. Намеснік дырэктара па навуцы знакамітага Нясвіжскага замка-музея Зміцер Яцкевіч паведаміў, як цяпер дапамагаюць у рабоце музея каштоўныя парады Анджэя Цеханавецкага. Пра тое, што цяпер робіцца ў Бачэйкаве і Варнянах, месцах, звязаных з родам Цеханавецкіх, распавялі госці з Віцебшчыны і Гродзеншчыны Уладзімір Правілаў і Аляксандр Юркойць.

Удзельнікі ўрачыстасці накіра­ва­лі віншаванне юбіляру.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter