Шчыры досвед пра свае карані

Прысвечана 50-годдзю беластоцкай “Нівы”
4 сакавіка 1956 года ў Беластоку выйшаў першы нумар першага ў пасляваеннай Польшчы беларускага перыядычнага выдання — тыднёвіка “Ніва”. Для мяне тая далёкая падзея добра запала ў памяць, бо, атрымаўшы ад кагосьці са знаёмых студэнтаў з Беласточчыны гэты нумар і прачытаўшы яго, адразу ж пайшоў у рэдакцыю “Літаратуры і мастацтва” і дамовіўся, што напішу хаця б невялікі агляд. І гэта быў першы водгук на выхад “Нівы” ў беларускім друку.

Сёлета, праз пяцьдзесят з лішкам год, атрымаўшы з Беластока грунтоўна выдадзеную кнігу (можна яе назваць і альбомам) “Ніва”: час і людзі. 1956–2006”, я з прыемнасцю канстатаваў, што там не забыты і той даўні факт.

Кніга адкрываецца прадмовай “Ніва”: тыднёвік беларусаў у Польшчы” Яўгена Вапы, галоўнага рэдактара і адначасова старшыні Праграмнай рады выдання. Тут мы знаходзім такія “праграмныя” радкі: журналісты “Нівы” на працягу пяцідзесяці год “выканалі рэч незвычайную — сталі летапісцамі пэўнай часткі беларускага народа, якому выпала жыць у сваёй Малой Айчыне — Беласточчыне. (…) Усе людзі “Нівы” за ўвесь яе перыяд стваралі беларускаму дому ў Польшчы цвёрды нацыянальны падмурак. Дзякуй Вам усім за гэта”.

А далей у кнізе-альбоме падрабязна, з цытаваннем, з фатаграфіямі апавядаецца пра “лю-дзей “Нівы”. Найперш гэта яе першы галоўны рэдактар Георгій Валкавыцкі (працаваў з 1956 па 1987гады), аўтар кнігі цікавых успамінаў. Потым — Вера Леўчук (Валкавыцкая), Міхась Хмялеўскі, Сакрат Яновіч, Ада Чачуга, Мікола Гайдук, Віктар Рудчык, Міраслава Лукша, славуты мастак Лявон Тарасевіч, Віталь Луба (цяпер намеснік галоўнага рэдактара), Яўген Мірановіч, Ян Максімюк, Ганна Кандрацюк, Алег Латышонак і многія-многія іншыя. Некаторых з іх, як, напрыклад, Георгія Валкавыцкага, добра ведаю асабіста. Іншых — па публікацыях у “Ніве”, якую чытаў на працягу ўсіх гэтых гадоў.

Ну і, вядома, у альбоме згадваюцца карэспандэнты “Нівы” на чале з Фёдарам Хлябічам, Дзядзькам Квасам і Мікалаем Панфілюком. Часцей за ўсё, гэта звычайныя сяляне, якія зацікаўлена ўглядаліся ў навакольнае жыццё і часам былі надзелены паэтычным дарам. Многія старонкі выдання прысвечаны “Зорцы” — развароту ў газеце, прызначанаму для дзяцей.

У сувязі з юбілеем “Нівы” выйшлі і таксама паступілі ў рэдакцыю яшчэ дзве кнігі, якія істотна дапаўняюць першую. Гэта “анталогія” допісаў у газету “Карэспандэнт праўду піша” (Беласток, 2006) і “Адгалоскі карэспандэнта” Міхася Куптэля (Сопат, 2006). Апошні аўтар адгукаецца на падзеі ў родным горадзе, Польшчы, Беларусі і свеце, жывучы на гданьскім узбярэжжы Балтыкі.

…А “Ніва” працягвае выходзіць, паступаць да нас. У апошніх нумарах змяшчаюцца артыкулы, прысвечаныя добрасуседскім узаемадачыненням Беларусі і Польшчы. “Арэнай” дзеянняў найчасцей з’яўляецца Падляскае ваяводства, Беласточчына, яе частка, населеная беларусамі. Так, па ініцыятыве Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Польшчы Паўла Латушкі ў Гайнаўцы, у Музеі беларускай культуры наладжана змястоўная выстава “Пясняр чыстай красы”, прысвечаная жыццю і творчасці Максіма Багдановіча. Апрача пасла Беларусі ў яе адкрыцці прынялі ўдзел паслы Азербайджана, Арменіі, Казахстана і Малдовы, дырэктар і вучоны сакратар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску Таццяна Шэляговіч і Ірына Мышкавец.

Павел Латушка таксама наладзіў сустрэчу паслоў з мясцовымі прадпрымальнікамі. А гайнаўскаму бурмістру Анатолю Ахрыцюку ён уручыў ліст з просьбай прысвоіць імя сёлетніх юбіляраў Янкі Купалы і Якуба Коласа вуліцам горада. Аўтарам артыкула Аляксеем Марозам ускладаюцца надзеі і на трэцюю “кандыдатуру” — Максіма Багдановіча.

Той жа аўтар у артыкуле “Пасябравалі з замежнымі суседзямі” расказаў пра сустрэчу вучняў дзевятай сярэдняй школы Брэста і компексу школ у Гайнаўцы, якая адбылася дзякуючы праекту “Супольна непрацёртым шляхам — культурны абмен і інтэграцыя моладзі”.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter