Шчыруе “пчолка” на духоўнай ніве

З кандыдатам гістарычных навук Лідзіяй Кулажанка мы амаль дзесяць год працавалі разам ў Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Францыска Скарыны пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. Разам удзельнічалі ў розных канферэнцыях. Лідзія Кулажанка вылучалася працавітасцю і сціпласцю. Адна зарубежная госця, пазнаёміўшыся з ёю, захоплена сказала: “Шчыруе, як пчолка...”
Лідзія КулажанкаЗ кандыдатам гістарычных навук Лідзіяй Кулажанка мы амаль дзесяць год працавалі разам ў Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Францыска Скарыны пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. Разам удзельнічалі ў розных канферэнцыях. Лідзія Кулажанка вылучалася працавітасцю і сціпласцю. Адна зарубежная госця, пазнаёміўшыся з ёю, захоплена сказала: “Шчыруе, як пчолка...”

Лідзія Кулажанка часам заходзіць у “Голас Радзімы”. Звычайна спяшаецца. Але на гэты раз знайшла з гадзіну, каб расказаць пра свае справы.

— Як мне прадставіць вас чытачам “Голасу Радзімы”?

— Як вядучага навуковага супрацоўніка Беларускага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка.

— І якую ж тэму вам там зацвердзілі?

— “Стан рэлігійнай свядомасці насельніцтва Беларусі ў пасляваенныя гады”.

— Вельмі цікава. А якія ж вашы вывады, калі іх выказаць у некалькіх сказах? Рэлігійнасць усё ж захоўвалася ў часы масавай атэізацыі?

— Уявіце сабе, захоўвалася. Народ, найперш сялянства, заставаўся ў сваёй масе рэлігійным. Толькі рэлігійнасць прыняла іншыя формы: пераважна скрытыя. Але былі і публічныя. Часам нават (на Случчыне) — адкрытыя пратэсты супраць закрыцця храмаў. Маўляў, гэта нашы дзяды і прадзеды будавалі іх…

— Сёння сітуацыя, вядома, істотна змянілася да лепшага. Але ці не здаецца вам, што цяпер рэлігійнасць стала ў нечым больш павярхоўнай?

— У некаторых выпадках так. Але затое сёння чалавек можа свабодна вызначаць, з дабром ён ці са злом. Вядома, ужо само знаходжанне ў царкве патрабуе напружання сіл, інтэлекту чалавека.

— У Скарынаўскім цэнтры вы падтрымлівалі цесныя сувязі з брацтвам Трох Віленскіх Пакутнікаў пры Петрапаўлаўскім саборы на Нямізе. Цяпер яны працягваюцца?

— Безумоўна. Па-ранейшаму даследую царкоўную гісторыю, рэдагую літаратуру ў выдавецтве, якое існуе пры саборы. Пачыналі мы з царкоўных календароў на беларускай і рускай мовах. У іх прыведзены ўвесь гадавы круг царкоўных святаў, звод імёнаў святых. У дадатку ж абгрунтоўваецца, зыходзячы з асветніцкіх пазіцый, святасць беларускай зямлі. Штогод выдаем па-беларуску часопіс, дакладней альманах “Праваслаўе”. Акрамя беларусаў там удзельнічаюць аўтары з Польшчы, ЗША, Канады. Вядомы царкоўны гісторык Генадзь Шэйкін надрукаваў у нас “Гісторыю Полацкай епархіі”, самай старажытнай у Беларусі. Яго пяру належыць і гісторыя Мінскай епархіі. А яшчэ на нашым дадатным рахунку — “Вянок беларускіх святых”, збор твораў Плакіда Янкоўскага, святара і пісьменніка, пахаванага ў Жыровіцкім манастыры, які, дарэчы, паўдзельнічаў у фінансаванні кнігі. Ну, і, вядома, мы ганарымся беларускім выданнем усіх чатырох Евангелій пад адной вокладкай, фундаментальных даследаванняў “Праваслаўныя святыні на Беларусі”, “Архірэі Мінскай епархіі”, розных богаслужбовых тэкстаў, скажам для абраду вянчання ці хрышчэння — многія хочуць правесці яго па-беларуску.

— А як ваша брацтва ўшаноўвае памяць Трох Віленскіх Пакутнікаў?

— У 1993 годзе з віленскага Свята-Духавага манастыра былі перанесены ў Мінск, у іконе, часцінкі мошчаў трох віленскіх пакутнікаў. Кожную сераду ў нас адпраўляецца ім акафіст. Штогод, 26 ліпеня, мы адпраўляемся ў паломніцтва да іх пахавання ў Вільнюс, дзе знаходзяцца іх нятленныя целы. Прыгадаю, што ў Першую сусветную вайну іх мошчы былі вывезены ў Маскву, знаходзіліся ў храме Васілія Блажэннага. Потым трапілі ў Музей атэізму. І толькі ў 1946 годзе, у выніку шматлікіх лістоў вернікаў, мошчы былі самалётам вернуты ў Вільнюс. Культ трох пакутнікаў вельмі моцны не толькі ў Літве, але і ў Беларусі. Цяпер іх імёнамі названы адноўленыя храмы ў Смаргоні, Ваўкавыску, Валожынскім раёне.

— А як развіваюцца вашы міжнародныя кантакты?

— Плённа. Сёлета, як вы ведаеце, год Канстанціна Астрожскага. Сумесна з праваслаўнымі Польшчы мы правялі ў Супраслі, на Беласточчыне, разам з іх брацтвам Кірыла і Мяфодзія міжнародную навуковую канферэнцыю, адкрылі памятны знак. Разам прэзентуем новыя кнігі, падбіраем беларускія мастацкія тэксты, якія змяшчаюцца ў падручніках для ліцэяў на Беласточчыне. Намі таксама рыхтуюцца артыкулы па беларускай тэматыцы для Праваслаўнай энцыклапедыі, якая выдаецца ў Маскве.

— Карацей, з Божай дапамогай праца спорыцца. Я рады за вас.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter