На спаборніцтвы, арганізаваныя ў Віцебску, прыехала больш як сотня спартсменаў

Шчырасць — рыса моцных

На спаборніцтвы, арганізаваныя ў Віцебску, прыехала больш як сотня спартсменаў.
Японія многіх прыцягвае сваёй арыгінальнасцю. Іерогліфы і сумо, сушы і Фудзіяма, ікебана і гейшы… Гэтыя ды іншыя яе сімвалы, нібы магніт, вабяць падарожнікаў, а таксама тых, каму проста цікавая культура і лад жыцця людзей Краіны ўзыходзячага сонца. Вобраз японскіх самураяў, якія належалі калісьці да саслоўя бясстрашных воінаў, таксама добра вядомы ва ўсім свеце. Шмат у чым дзякуючы мастацкім фільмам. Такім як “Сем самураяў” рэжысёра Акіры Курасавы або “Апошні самурай”, дзе здымаўся Том Круз. Аднак каб бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і сакрэтамі баявога мастацтва самураяў, зусім не абавязкова адпраўляцца ў Японію. Такое адзінаборства, як спорт чанбара, якое вырасла з самурайскай традыцыі, папулярнае і прызнанае сёння ў многіх краінах. Нядаўна і ў Беларусі прайшоў першы чэмпіянат краіны па спорце чанбара. Або па спачане, як скарочана называюць гэтае фехтаванне на пнеўматычных мячах. 

На спаборніцтвы, арганізаваныя ў Віцебску, прыехала больш як сотня спартсменаў. А правесці іх дапамаглі дасведчаныя расійскія спецыялісты і трэнеры, якія ўжо выхавалі цэлую плеяду чэмпіёнаў свету і Еўропы па спачане.



“Фул кантакт” і адсутнасць траўм

Першапачаткова чанбара — гэта дзіцячая гульня, дзе хлапчукі, якія б’юцца на драўляных мячах, наследуюць воінам-самураям. Самурай Тэцунда Танабэ, майстар мяча, які заснаваў спачан у 1971-м, таксама ў дзяцінстве любіў такія забавы. А калі стаў уладальнікам буйной ахоўнай кампаніі, то вырашыў павысіць прафесійны ўзровень сваіх падапечных пры дапамозе фехтавання на пнеўматычных мячах. Унутры яны — полыя. Напампоўваюцца звычайнай помпай, нібы футбольны мяч. На першы погляд такая “зброя” падаецца мала прыстасаванай для вядзення бою. Аднак выбар снарада, запоўненага сціснутым паветрам, апраўданы на ўсе 100 працэнтаў. Бо фехтуючы з жалезнай або драўлянай зброяй, мы пазбягаем поўнага кантакту. Мы вымушаны абмяжоўваць хуткасць і сілу ўдару, каб не нанесці траўму партнёру. А вось ад самага моцнага ўдару пнеўматычным мячом застанецца хіба што сіняк. Для абароны вачэй і галавы спартсмены выкарыстоўваюць шлем-маску з празрыстым забралам. У іх ёсць кароткі 60-сантыметровы меч “кадачы”, метровы меч “цёкен”. Выкарыстоўваюцца таксама шчыт, кінжал, кап’ё і іншая зброя. На першы погляд, усё гэта падобна да гульні. Аднак адносіны да віду адзінаборства, запэўнівае масквіч Анатоль Ашхотаў, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі спорту чанбара, самыя сур’ёзныя:

— У Расіі спорт чанбара развіваецца з 2002 года. Я прыйшоў у яго з каратэ ў 2003. Спадабаліся свабодныя паядынкі, драйв, магчымасць наносіць удары ў поўную сілу. З тых часоў зборная Расіі ездзіць на розныя буйныя турніры. У Віцебск разам з намі прыехалі два чэмпіёны свету. Міхаіл Хабіраў і Максіміліян Маншын дапамогуць арганізаваць судзейства беларускім калегам, якія ў гэтым відзе спорту робяць першыя крокі. А таксама выступяць перад гледачамі і ўдзельнікамі з паказальным боем. 



“Fair play” па-японску

На чэмпіянатах свету, якія прахо­дзяць у Японіі, спартсмены спачатку б’юцца на кароткіх мячах, затым — на доўгіх і гэтак далей. Пасля таго як вызначацца пераможцы ва ўсіх відах зброі, яны сходзяцца паміж сабою ў фінале, дзе выяўляюць абсалютнага чэмпіёна. Або гранд-чэмпіёна. З адным з іх я пазнаёміўся ў Віцебску. Максіміліян Маншын, 25-гадовы інструктар аднаго з маскоўскіх фітнэс-клубаў, пагадзіўся правесці для мяне невялікі майстар-клас:

— У аснове ручкі знаходзіцца ніпель, падобны да ніпеля веласіпеднага кола. Устаўляем яго ў помпу і напампоўваем меч. Яго камера абаронена спецыяльнай абшыўкай. Праўда, бывае, пры працяглай эксплуатацыі або пры вельмі моцным удары яна можа лопнуць. Але ў маёй кар’еры такіх выпадкаў не было. 



Затое аднойчы ў паўфінале чэмпіянату свету Максіміліян сутыкнуўся з сапраўднай праявай самурайскага духу, які з’яўляецца асновай спачана. Напрыклад, перад паядынкам спартсмены кланяюцца адзін аднаму, суддзям і гледачам, праяўляючы павагу да саперніка, да месца, дзе спаборнічаюць. Яны таксама абавязаныя адмовіцца ад прымянення забароненых і подлых прыёмаў. А яшчэ яны павінны прызнацца суддзі, калі прапусцілі рэзультатыўны ўдар ад саперніка. Нават калі суддзі гэты ўдар не заўважылі! 

Андрэй Калістаў, кіраўнік Віцебскай школы спартыўнага ушу
Андрэй Калістаў, кіраўнік Віцебскай школы спартыўнага ушу

Цяжка паверыць, гаворыць Маншын, але так паводзяць сябе сапраўдныя майстры спачана:
— Сведкам такога ўчынку я стаў, калі змагаўся з сынам заснавальніка спачана — Кенам Танабэ. Суддзі не заўважылі, што ён прапусціў мой удар. Аднак Кен сам у гэтым прызнаўся!
Можна ўявіць, колькі сіл, перш за ўсё псіхалагічных, трэба мець, каб рашыцца на такое! Тым больш, калі паядынак доўжыцца да першага заліковага дзеяння! Але, лічыць трэнер зборнай Расіі Аляксандр Кім, менавіта псіхалогія — найважнейшы кампанент у спачане:

— Безумоўна, вітаецца, калі хлопчык ці дзяўчынка, якія прыходзяць да нас займацца, валодаюць добрай рэакцыяй і высокай хуткасцю. Але ім зусім не абавязкова мець за плячамі досвед іншых усходніх адзінаборстваў. Спачан тым і прывабны, што дэмакратычны. Ён падыдзе ўсім незалежна ад узросту, камплекцыі, фізічнай падрыхтоўкі. Калі чалавек рэгулярна і дысцыплінавана трэніруецца, ён даможацца добрых вынікаў ужо праз некалькі месяцаў. А праз два гады зможа выступаць у турнірах высокага ўзроўню. Дарэчы, мы спадзяёмся, што ў хуткім часе на чэмпіянатах і Кубках Расіі ўбачым сапернікаў з Беларусі. Цяпер яны робяць першыя крокі ў гэтым відзе спорту. Але ў іх добрыя перадумовы для росту. Чэмпіянат Беларусі прыемна здзівіў нас масавасцю і граматнай арганізацыяй.



Першыя крокі беларускага спачана

Гэтыя пахвалы смела можна аднесці на рахунак Андрэя Калістава, кіраўніка і трэнера Віцебскай школы спартыўнага ушу. Школа існуе ўжо 12 гадоў. За гэты час Андрэй атрымаў трэнерскі атэстат у Шаньдунскім універсітэце ў Кітаі. Яго выхаванцы заваёўвалі вышэйшыя ўзна­гароды традыцыйнага Еўрапейскага турніру па ушу. А школа падпісала дагавор з універсітэтам правінцыі Хэнань КНР аб супрацоўніцтве ў галіне спорту і турызму. Інфармацыю аб спачане, расказвае Калістаў, ён знайшоў у інтэрнэце і палічыў гэты від спорту цікавым і карысным:

— З шаблямі, палкамі і мячамі на трэніроўках мы фехтуем шмат. Аднак, каб падрыхтаваць спартсмена да спаборніцтваў ва ушу, дзе расцяжка і гнуткасць — аснова, спатрэбіцца 2-3 гады. А дзеці ж хочуць выступаць як мага хутчэй! Спачан, больш просты і дэмакратычны, здольны падтрымаць іх цікавасць да трэніровак. Да таго ж ён абсалютна не траўманебяспечны. Гэта вельмі важна. Бо не ўсе дзеці здольныя трываць боль ад удараў, да прыкладу, кулаком або нагой. У спачане, які даволі лёгка дазваляе падтрымліваць добрую спартыўную форму, такой праблемы не ўзнікае.
Пакуль Калістаў — адзіны беларускі трэнер па спачане, які мае сертыфікат Міжнароднай асацыяцыі. Яго ён атрымаў у Маскве. Але ўжо вырашана, што іншых беларускіх настаўнікаў спачана будуць рыхтаваць у Віцебску. Тут жа з’явіцца і афіцыйна аформленая беларуская федэрацыя гэтага віду спорту. Маскоўскія госці, якія прыехалі ў беларускі абласны цэнтр, не хавалі, што зацікаўленыя ва ўступленні ў Міжнародную асацыяцыю новых членаў. Але, акрамя ўсяго іншага, цяпер яны прыглядаюць месца, дзе можна было б правесці Першы адкрыты чэмпіянат СНД па спорце чанбара. Бо акрамя Расіі ён вельмі папулярны, да прыкладу, у Казахстане, Украіне, Латвіі, Эстоніі і Польшчы. Глядзіш, і беларусы хутка падцягнуцца. Так што Анатоль Ашхотаў не ўтойваў, што Віцебск — адзін з рэальных кандыдатаў, якому можа быць даверана права правесці такі прадстаўнічы і відовішчны турнір.

Сяргей Галеснік
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter