У вёсцы Семежава захоўваюць старажытны звычай сустрэчы Новага года, які ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Шчодры вечар з маляўнічым карнавалам

У вёсцы Семежава захоўваюць старажытны звычай сустрэчы Новага года, які ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА






Гэтую мясціну ведаюць аматары этнаграфіі многіх краін свету. На стары Новы год, па-беларуску “Шчодры вечар”, вёска Семежава Капыльскага раёна ператвараецца ў тэатр пад адкрытым небам, дзе адбываецца містэрыя, якая адсылае да часоў сярэднявечча, а можа быць, нават антычнасці - з маляўнічымі карнаваламі, шэсцем з паходнямі. Называецца абрад “Цары”. І мае ён таямнічую гісторыю.

- Цары ідуць! – гучыць навокал. Недасведчаны чалавек, якога выпадкова занесла ў вёску, можа падумаць, што недачуў. Але тут з-за рога хаты з’яўляецца мажная жанчына з венікам, якім расчышчае вуліцу ад снегу. А за ёй з ганарлівай выправай, з шаблямі на баку (праўда, бутафорскімі) і паходнямі выходзіць строй салдат.

Гэтыя ваяры і ёсць “цары”. Апранутыя яны ва ўборы, якія, строга кажучы, вайсковымі не назавеш. Але гусарскія шапкі пазнаюцца ў каўпаках, а ў агульных рысах касцюма -- уніформа расійскага войска XIX стагоддзя. У гэтым, на першы погляд, хаваецца адказ пра паходжанне “цароў”.

Кажуць, калядны звычай “Цары” прыйшоў у Семежава ад салдат таго часу, калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Але, мабыць, гэта ўсё ж легенда, хіба што з доляй праўды.

На самай справе, калі прыгледзецца, то акажацца, што апранутыя ўдзельнікі карнавалу у льняныя кашулі і штаны. Абутыя ў высокія боты, якія засталіся ад бацькоў і дзядоў з часоў службы ў савецкай або сучаснай беларускай арміі.

Падпяразаныя хлопцы традыцыйнымі беларускімі паясамі з геаметрычным арнаментам. А на каўпаках лунаюць стужкі, як… ва ўкраінскіх маладзіц. Такое змешванне стыляў цалкам нармальнае для тэатралізаванага прадстаўлення.

Адной з цэнтральных падзей “Шчодрага вечара” ў Семежаве становіцца інсцэніроўка драмы “Цар Максімільян”. Даўней яе разыгрывалі ў шмат якіх беларускіх вёсках, зрэшты, як і ў Расіі, Украіне. Сюжэт узыходзіць, імаверна, да біблейскіх часоў. У аснове дзеі - канфлікт антычнага тырана цара Максіміліяна з яго сынам. Бацька-язычнік патрабуе, каб сын кінуў хрысціянскую веру, але той рашуча адмаўляецца.

Пастаноўкі драмы былі папулярныя ў расійскай імператарскай арміі. Магчыма, з гэтым і звязана семежаўскага легенда аб узнікненні звычаю “Цары”: нібыта занеслі яго ў сяло царскія салдаты.

...Дробат барабанаў гучыць над вёскай апоўначы. Ніхто не спіць: усе гуляюць. Ходзяць у госці з хаты ў хату, частуюць “цароў”, якія пасля прадстаўлення збіраюць ад аднавяскоўцаў дары - “чым хата багата”. Падрабязнасці таго, што адбываецца ў чароўную ноч у вёсцы, расказала Таццяна Шаура, дырэктар Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу:

- Па вёсцы ходзяць два склады ўдзельнікаў абраду - па 12 чалавек. У кожнай групе 7 “цароў”, а таксама Пекар, Механоша, Музыкант і Баба з Дзедам. Персанажаў гэтых іграюць выключна нежанатыя хлопцы і мужчыны - у гэтым мы строга пільнуемся традыцыі. Даўней жанатых хлопцаў не выпускалі ў свята з дому, бо мужчыны заходзяць у хаты да дзяўчат... Сярод “цароў” ўсе сямёра выстройваюцца па росце: наперадзе самы высокі -- цар Максіміліян, за ім - Мамай і гэтак далей. Некалькі груп артыстаў ходзяць у нас па вёсцы ўжо некалькі год запар. А пачыналася адраджэнне звычаю з адной каманды. Колісь жа ў Семежаве на кожнай вуліцы быў свой “гурт”.

Цяпер цяжка ўявіць, што ў канцы 1990-х гадоў калядныя “Цары” лічыліся звычаем амаль зніклым.

У 1997 годзе, калі ў вёску прыехалі навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук, старажылы ўспомнілі пра свята. Тады і высветлілася, што больш нідзе ў свеце такога рытуалу няма. Дзякуючы ініцыятыве мінскіх навукоўцаў рэшткі былой традыцыі ўдалоўся па каліўцу сабраць і вярнуць да жыцця.

Цяпер за тым, каб традыцыя захоўвалася, сочаць у Семежаўскага цэнтры культуры і вольнага часу. Там працуе калектыў “Цары”, які ўганараваны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва за вялікую працу па вывучэнні, адраджэнні і захаванні народных традыцый.

Абрад “Цары” лічыцца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны, у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

“Калядныя цары” прымусілі семежаўцаў ганарыцца сабой. І ўзвысілі нацыянальную культуру ў сусветным маштабе.

Каляды ў Беларусі адзначаюць у кожнай мясцовасці па-свойму

- На другі дзень Божага Нараджэння (паводле праваслаўнага звычаю) у аграгарадку Малатковічы Пінскага раёна праходзіць раённае свята “Калядны фэст”. Жыхары Малатковічаў, пасёлка Садовы, вёскі Домашыцы цёпла сустракаюць гасцей з каляднай зоркай.

- Абрад “Жаніцьба Цярэшкі” праводзяць у Лепельскім раёне. Звычай цікавы тым, што дае магчымасць хлопцам і дзяўчатам знайсці сваё каханне з дапамогай гульняў. Традыцыя жыве адразу ў некалькіх населеных пунктах - Селішчы, Старым Лепелі, Вялікім Поўсвіжы. Абрад унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

- Вёска Пагост Жыткавіцкага раёна трапіла некалькі год таму ў рэйтынг тэлеканала CNN як адно з найлепшых месцаў для сустрэчы Новага года і Каляд. Госці тут могуць паглядзець, як народныя ўмельцы робяць саламянага павука і маскі, а таксама пакаштаваць куцці.

- Эксперыментальная пляцоўка, дзе рэгулярна адзначаюцца ўсе значныя беларускія народныя святы, знаходзіцца зусім побач з Мінскам, у Строчыцах. Тут размешчаны Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту – “скансэн”. Акрамя экскурсіі па драўляных хатах, супрацоўнікі прапануюць паўдзельнічаць у народных ігрышчах. Вы адчуеце сябе тут у аўтэнтычнай атмасферы беларускай вёскі XIX стагоддзя. Драўляныя пабудовы звезены сюды з усёй краіны, кожны дом - рэдкі прыклад дойлідства. Хаты, царква, касцёл, а за імі поле, лес - у такім антуражы Каляды не могуць не ўразіць. Гэта вабіць турыстаў з усяго свету.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter