Шчодры вечар – багаты год.

Беларускія зімовыя традыцыі ў пашане нават за мяжой.

У гісторыі кожнага народа знойдзецца нямала цікавых і ўнікальных свят. А колькі іх у беларусаў! Напэўна, ведаем мы не ўсе: штосьці забылася, штосьці стала неактуальным... Але толькі не зімовыя традыцыі і звычаі, на якія так багаты наш народ. Навагоднія святы заўсёды карысталіся найбольшай папулярнасцю. Раней, магчыма, таму, што іх звязвалі з будучым ураджаем і багаццем. А сёння, можа, таму, што проста здорава гэта – марозным дзяньком ці вечарам, адарваўшыся ад камп`ютараў і тэлевізараў, выйсці з калядоўшчыкамі на вуліцу, завітаць да суседзяў з навагоднімі віншаваннямі, паваражыць ды паспяваць калядкі і шчадроўкі. Цікава, што ў асобных рэгіёнах нават свае ўнікальныя абрады захаваліся, як, напрыклад, “Цары” ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна. Калядны абрад увайшоў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, а калектыў, які яго захоўвае і выконвае, летась стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі. Думаем, чулі вы і пра іншыя нашы народныя звычаі святкавання Новага года і Каляд. Пра некаторыя з іх мы распавядалі ў праекце “Сем цудаў Беларусі”. А штосьці вы, напэўна, на свае вочы бачылі ці нават удзельнічалі ў іх. Бо большасць гэтых традыцый жыве і сёння, як, напрыклад, “Шчадрэц” у вёсцы Рог Салігорскага раёна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter