У сельскім Доме культуры рэпеціруюць «Шчадрэц». За гэтым простым словам — векавы калядны абрад

Шчодры вечар

Сонца хаваецца за небасхіл, пачынаюць зіхацець акенцы вясковых хат. «Устань, послушай, што ў хмары гудзе/ Прочыстая йдзе, трох госьцей ведзе», — глухую зімовую цішыню парушае жаночае рознагалоссе. У сельскім Доме культуры рэпеціруюць «Шчадрэц». За гэтым простым беларускім словам — векавы калядны абрад, што з пакалення ў пакаленне перадавалі жыхары Восава і сумежных з ім вёсак Салігорскага раёна. Цяпер за захаванне традыцыі адказны народны фальклорны ансамбль «Палескія крыніцы». 


Галосіць гармонік, бумкае барабан. «Алена, ты, гляджу, увесь год фізкультурай займалася, — падколвае сяброўку ружовашчокая жанчына. — Спадніца, у якой мінулай зімой шчадравала, сядзіць ідэальна».

— Раніцай агарод, увечары гаспадарка — фітнес, — на адно слова ў Алены Ілюшыц дзесяць у запасе.

Зала заліваецца рогатам. Жаночы батальён супакойвае Сяргей Каваленя, дырэктар СДК. Сёння ён сур’ёзны: у калектыву генеральная рэпетыцыя «Шчадраца». У ноч з 13 на 14 студзеня артыстам трэба абысці 110 восаўскіх хат, пажадаць усім шчаслівага года. Ідуць калядоўшчыкі па сонцы з усходу на захад, мінаючы хаты, дзе летась хтосьці памёр. Сяргей Іванавіч чытае сцэнарый: «Дзеці стукаюць у акно…». «Баба Таня, дзе вашы куры нясуцца?» — дружна падхопліваюць тры дзяўчыны-школьніцы. Яны, дарэчы, тут самыя маладыя. Астатнім дзевяці ўдзельнікам абраду крыху пад... ну, скажам, два разы па дваццаць пяць, а дзеду-барабаншчыку Васілю — ўсе 84. 

На жаль, адкуль узяўся «Шчадрэц», не памятае нават ён. Кажа, калядаваць пачаў яшчэ малым ды з бабкай. Ходзіць і цяпер, калі сам ужо даўно дзедка. Дату называе толькі адну — 2009 год, калі абрад занеслі ў Спіс нематэрыяльных каштоўнасцей краіны. 

За дзецьмі ў дзею павінен уступаць Дзед-продак. «Куды ён па-дзеўся?» — злуецца дырэктар. «Тут я, пераапранаюся», — выходзіць з суседняга пакойчыка Аляксандр Дубіцкі. На галаве ў яго маска, на плячах — кажух навыварат. «Добры вечар, шчодры вечар», — ужываецца ў ролю Дзед-продак. Заўважае мае цікаўныя вочы, забывае пра спектакль: «Продак сярод калядоўшчыкаў галоўны. Некалі гэтую ролю выконваў старэйшы мужчына вёскі, а шэсць гадоў таму назначылі мяне». З валёнкамі 45-га памеру ад папярэднікаў новаму Продку перайшоў і сакрэт вырабу берасцянай маскі. Яна ўнікальная і робіцца толькі ў Восаве. Лічыцца, гэткая рэч засцерагае дом ад вядзьмарак і злых духаў. У руках у Дзеда-продка кій. «Раней, калі дабро хавалі на гарышчы, спевакі стукалі ім над галавой — шукалі гаспадарскі скарб. Раптам грошы пасыпяцца», — успамінае традыцыі Аляксандр Леанідавіч. 

— А зараз хіба толькі пабелка, — смяюцца жанчыны. — А калі ў доме еўрарамонт, то і сам на грошы трапіць можаш.

На шчасце, гэткая бяда «Палескія крыніцы» пакуль абыходзіла. Вяскоўцы іх удзельнікаў звычайна чакаюць. Для артыстаў рыхтуюць стол, для іх Каня — авёс, для Бусла — сподак і збаночак, для Казы — сала, каўбасу, гарбузікі, а калі і самагонкі бутэльку. 

«Ой над рэкаю, над глыбокаю», — заводзяць жанчыны. Песня, дарэчы, асаблівая і спяваецца толькі ў хатах, дзе ёсць нежанатыя хлопцы. Каб хутчэй маладую прывёў. Гэткая ж замова маецца і для дзяўчат. 

У сілу калядных абрадаў жыхары Восава вераць. І нават самі іх падтрымліваюць. 7 студзеня, напрыклад, курэй кормяць з кола. Раней яго бралі з воза, цяпер, калі гэткі транспарт амаль выйшаў з ужытку, з веласіпеда. Робяць так, каб куркі ў суседскія хлявы несціся не бегалі. Хоць у большасці выпадкаў чубатых дурніц нічога стрымаць не можа. А яшчэ ў гэты дзень жывёлу кормяць толькі з рук. Ніякіх вілаў, бо гаспадарка весціся не будзе. 

І, канешне, сяляне ўпэўнены, што толькі той у новым годзе будзе шчаслівы, хто спевакам добра па-дзякуе. Як пайшла размова пра пачастункі, дзед Вася таямніча адышоў убок. На вуснах Сяргея Іванавіча з’явілася ўсмешка: «Перачаставаўся дзед крыху ў мінулым го-дзе, не здужаў да апошніх хат барабан данесці. Прыйшлося разам з гасцінцамі ўскідваць на плечы і яго. У жыцці ўсё здараецца. На гэты раз возьмем санкі». 

Дырэктар клуба, успамінаючы гэтую гісторыю, з дзеда нярэдка кпіць, бо роля таго, хто мех з падарункамі цягне, выпала яму — Каваленю. На гэты раз торбу з нашчадраваным таксама ён панясе. 

— А з пачастункамі што робіце? — працягваю.

— Ну дык… на наступны дзень пасля «Шчадраца» ў нас выхадны, — загадкава ўсміхаюцца жанчыны. 

Эмоцыі ў пеўчых шчырыя, а строі падобныя: чорныя вышываныя спадніцы і шубкі-плюшаўкі. Кажуць, яшчэ ў 1960-х іх у вёсцы маглі сабе дазволіць толькі багацейкі. Ды і апраналі яны іх выключна ў святы. Збяруцца, здаралася, на вяселле — і ўсе ў аднолькавым. Сучасных прыгажунь такі б расклад засмуціў, а тады радаваліся: грошы ў сяле водзяцца.

— Шукалі такі элемент касцюма па ўсёй вёсцы. У нас дома, напрыклад, рэч гэтая яшчэ ад бабкі засталася, — успамінае Сяргей Каваленя. — У плюшаўку яна не толькі прыбіралася, але і зберажэнні хавала. У адну кішэню цукеркі, у другую — пенсію. 

«Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць/ Дзе каза рогам, там жыта стогам», — вяртаецца да абраду Алена Ілюшыц. У ансамблі яна ўжо восем гадоў, але весці Казу ёй даверылі толькі мінулай зімой. «З ёй у дом прыходзяць дабрабыт і шчасце. У мяне, вунь, дачка пад вянец пайшла».

— Гэта ж я табе наваражыла, — падміргвае артыстцы-каляжанцы Ніна Каваленя. — Я ў ансамблі ўжо шэсць гадоў за цыганку. Мае карты не памыляюцца: пікі выпадуць — багацце свеціць, хрэсці — шчасце, чырва — каханне. 

Жанчына ў імгненне раскідвае карты, будучыня ўсіх прысутных у яе — як на далоні. «А вам, дзеўкі, — звяртаецца яна да мяне і школьніц, — у ноч на стары Новы год з сяброўкамі трэба напячы аладак, знайсці ў двары сабачку і пачаставаць яго. Чый першы з’есць, тую вяселле і чакае. Ну а калі ж шчасце не знойдзеце, то хоць гатаваць на-вучыцеся».

Зноў рогат. У Восаве, дарэчы, з пачуццём гумару добра ва ўсіх. Кажуць, калі раней хто з калядоўшчыкаў вырашаў, што вясковыя хлопец з дзеўкай падабаліся адзiн аднаму, то ў Шчадрэц спевакі мянялі дзверы ў іх хатах. 

«Ой, нуце, нуце, /Скарэй дарыце, /Кароткі світкі, /Памерзлі лыткі», — цягнуць новы куплет артысты. 

«Жадаем гаспадарам добрага Новага года і сыходзім у іншую хату», — перагортвае апошні сцэнарны ліст дырэктар. 

Расцягнулася сёння рэпетыцыя. Ноч цёмная, хоць вока выкалі. Вецер вее, свішча. «Зарадзі, Божа, жыта-пшаніцу, /Жыта-пшаніцу, усяку пашніцу», — бы ў падпеўку яму заводзяць жанчыны. Непагода, што можа выпасці на Шчадрэц, нікога не пужае. «Продкі праз вякі захавалі для нас гэты абрад. Хіба ж мы не пера-адолеем сцюжу, каб данесці яго ў кожны дом?» — пытаецца Сяргей Каваленя. «3 каласка — жменька, а са снапка — мерка», — запал артыстаў мацнейшы за віхуру. А значыць, нягледзячы ні на што, ноч з 13 на 14-га жыхароў Восава чакае вясёлая.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter