Шчодры «намалот»

Пісьменнікі Гомельшчыны правялі «Літаратурныя дажынкі»

Пісьменнікі Гомельшчыны разам з калегамі з Расіі і Украіны падсумавалі дасягнутае на літаратурнай ніве на «Славянскіх літаратурных дажынках»

Свята «Гомельская літаратурная восень», больш вядомае як «Літаратурныя дажынкі», у шосты раз сабрала пад свае сцягі ў Гомелі як дзясяткі творцаў, так і каля 300 прыхільнікаў мастацкага слова, якiя прымалі ўдзел у мерапрыемствах абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Сёння з упэўненасцю можна канстатаваць: колішняе «вынаходніцтва» літаратараў рэгіёна, што напачатку задумвалася як традыцыйная творчая справаздача мастакоў слова перад чытачом, з цягам часу перарасло ў прыкметную культурную з’яву не толькі ў рэгіёне, але ў славянскім літаратурным рэчышчы. Вось і цяпер разам з пісьменнікамі-гамяльчанамі зрабіць творчыя справаздачы ў горадзе над Сожам палічылі за гонар майстры слова з некалькіх творчых суполак Украіны і Расіі: Браншчыны, Курска, Масквы, Чарнігаўшчыны, Сумшчыны... Значнасці ўдзелу надаваў лейтматыў мерапрыемства: сёлетні шырокі літаратурны фэст прысвячаўся 130-й гадавіне з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сам пералік тытулаў і вядомых у літаратурным асяроддзі суседніх краін імёнаў гасцей кажа пра многае. Аўтар шматтомнай анталогіі «Наше время» маскоўскі паэт, перакладчык і крытык Барыс Лукін, бранскія паэты Уладзімір Сарочкін і Віктар Валодзін, старшыня Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва з Украіны Анатоль Міроненка, галоўны рэдактар часопіса «Міжнародныя званы» Алег Саранскіх... Прынамсі, і стартаваў двухдзённы творчы фэст з урачыстасці, прысвечанай слынным беларускім пісьменнікам. З гэтай нагоды была адкрыта выстава рэдкіх выданняў класікаў, арганізаваная ў жамчужыне Гомеля — палацы Румянцавых — Паскевічаў работнікамі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна. Пра вызначальную для многіх паслядоўнікаў творчасць Купалы і Коласа расказаў тут удзельнікам літаратурнага свята — творцам, прадстаўнікам улад, навукоўцам, прадстаўнікам творчай моладзі — старшыня Гомельскага аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч. Сугучнай выказванням была і цудоўная канцэртная праграма, падрыхтаваная выкладчыкамі і навучэнцамі Гомельскага каледжа мастацтваў. Яркай падзеяй мерапрыемства ў Белай гасцінай палаца стала ўзнагароджванне пераможцаў абласных конкурсаў імя Кірылы Тураўскага на лепшы празаічны і паэтычны твор, што праводзілася рэгіянальным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў сёлета. Звыш 60 апавяданняў і вершаў было даслана на разгляд прафесіяналаў пяра. Нямала ўзнёслых эмоцый падчас цырымоніі атрымалі пераможцы дырэктар Рудня-Марымонаўскага СДК Тамара Курленка, яе апавяданне «Туман над поплавам» прызнана лепшым; супрацоўнік абласной бібліятэкі Юрый Рачынскі, пенсіянер Яўген Грыгарэнка з пасёлка Каранёўка Гомельскага раёна, пачынаючыя аўтары вершаў Зінаіда Фісюк з вёскі Кароткавічы Жлобінскага раёна, Алена Мінчук з Калінкавічаў...

Цэнтральная ж дзея «Славянскіх літаратурных дажынак» затым прыняла эстафету ў абласной унiверсальнай бібліятэцы імя Леніна. Сімвалам еднасці літаратурных сувязяў славянскіх краін сталі тры свечкі, запаленыя напачатку на сцэне кіраўнікамі творчых саюзаў. Пісьменнікі Гомельшчыны, а з імі калегі па пяры з суседніх славянскіх краін падзяліліся са шматлікiмi аматарамi літаратурнага слова сваімі творчымі набыткамі. Трэба сказаць, што творчы «каравай» гомельскіх літаратараў на «Славянскiх дажынках» атрымаўся даволі важкім. Свае новыя кнігі прадставілі чытачам як масцітыя аўтары, члены саюза — Васіль Ткачоў, Анатоль Караленка, Міхась Сліва, Алена Агіна, Генадзь Говар, Юрый Максіменка, Барыс Кавалерчык, так і проста аматары — пенсіянерка Любоў Арлова з Петрыкава, прадпрымальнік Валерый Вітошкін, студэнтка Анастасія Кацюргіна... А якое ж свята без падарункаў! Паднеслі іх сваім чытычам і пісьменнікі Гомельшчыны, перадаўшы ў дар школьным бібліятэкам Гомеля 150 кніг членаў Гомельскага аддзялення СПБ. Дадалі свае друкаваныя падарункі «ленінцы» (абласной бібліятэцы. — Аўт.) і госці «Славянскiх дажынак». Вобразна кажучы, не ўдарылі тварам у гразь маладыя, але дастаткова таленавітыя «парасткі» на літаратурным полі Гомельшчыны — удзельнікі створанай пры аддзяленні школы маладога літаратара. Цікавая прэзентацыя кніг і новых твораў творчай моладзі — Іны Спасібінай, Марыі Маліноўскай, Дар’і Дарошка, Уладзіміра Чараўхіна, Вольгі Астапенка, бардаў Аляксандра Сталярова, Анжэлікі Водчыц — адбылася напрыканцы першага дня ўжо ў іншым кніжным храме — гарадской бібліятэцы імя Герцэна.

Завяршыліся ж «Славянскія літаратурныя дажынкі» на другі дзень круглым сталом у рэдакцыі газеты «Гомельские ведомости». На ім літаратары трох краін не толькі вялі размову аб стане мастацкай літаратуры на постсавецкай прасторы, але і надалi значную ўвагу развіццю творчых кантактаў, наладжванню сумесных праектаў і літаратурных акцый у наступным годзе. Сумесна з бранскімі пісьменнікамі, напрыклад, дасягнута дамоўленасць аб аб’яўленні сумеснага літаратурнага конкурсу для маладых паэтаў і празаікаў Гомельшчыны і Браншчыны. Апагеем творчага саперніцтва стане, як задумана, вялікі літаратурны фестываль маладых творцаў.

На здымку: абмен думкамі працягваўся і ў кулуарах свята: (злева направа) гумарыст з Рагачова Міхась СЛІВА, пісьменнік Анатоль МІРОНЕНКА з Украіны, паэткі з Бранска Галіна КАРТАШОВА і Наталля МІШЫНА, мазырскі пісьменнік Аляксандр КАЛЯДА, бранскі творца Віктар ВАЛОДЗІН, гомельскі паэт Міхась БОЛСУН.

Фота: Мікалай ЖДАНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter