Шчодры каравай

Ва ўмовах сусветнага харчовага крызісу Беларусь здольная нарошчваць пастаўкі сельгаспрадукцыі ў Еўропу
Ва ўмовах сусветнага харчовага крызісу Беларусь здольная
нарошчваць пастаўкі сельгаспрадукцыі ў Еўропу.

Абвастрэнне сітуацыі на сусветным рынку прадуктаў харчавання выгадна для Беларусі. Такую думку выказаў намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле слоў акадэміка, харчовы крызіс у краінах Еўропы дасць магчымасць Беларусі нарошчваць пастаўкі сельгаспрадукцыі ў гэтыя дзяржавы, а значыць, прыцягнуць дадатковыя сродкі на развіццё нацыянальнай эканомікі. Уладзімір Гусакоў адзначыў, што сёння Беларусь поўнасцю забяспечвае сябе прадуктамі. Аднак іх структура ў меню беларускіх грамадзян патрабуе ўдасканалення. У прыватнасці, як лічыць вучоны, неабходна павялічыць колькасць бялковага складніка ў мясной прадукцыі.

Cельгаспрадпрыемствы Беларусі плануюць нарошчваць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі з палёў і фермаў, у тым ліку малака і мяса. “У перспектыве трэба павялічыць вытворчасці збожжа да 10 мільёнаў тон у год. Тады краіна поўнасцю зможа забяспечыць свае патрэбы ў збожжы для харчовых мэт і для жывёлагадоўлі, а таксама штогод атрымліваць 2-3 мільёны тон збожжа для экспарту”, — лічыць акадэмік.

Сёння многія краіны свету актыўна прымаюць меры па ўмацаванні нацыянальнай харчовай бяспекі. Узрастае падтрымка дзяржавамі сельскай гаспадаркі. Паводле слоў Уладзіміра Гусакова, так робіцца і ў Беларусі: штогод на гектар сельгасугоддзяў дзяржава выдаткоўвае ў сярэднім амаль паўмільёна беларускіх рублёў.

Вольга Бяляўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter