«Старшыня — што тое дрэва. Калі яно глыбока сядзіць каранямі ў зямлі, век стаяць будзе, ніякія буры яму не страшныя…»

Шчодрая ралля Уладзіміра Ралько

«Старшыня — што тое дрэва. Калі яно глыбока сядзіць каранямі ў зямлі, век стаяць будзе, ніякія буры яму не страшныя…»


Старшыня ордэна Леніна калгаса «Аснежыцкі», двойчы Герой
Сацыялістычнай Працы, ганаровы грамадзянін Пінскага
раёна Уладзімір Антонавіч РАЛЬКО (у цэнтры) каля бюста,
усталяванага ў яго гонар.


ТАК разважаў легендарны кіраўнік калгаса «Аснежыцкі» Пінскага раёна двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір РАЛЬКО аб значэнні абранай прафесіі. Сорак два гады ён кіраваў гаспадаркай, за гэты час сямі працаўнікам калектыву было прысвоена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Яшчэ сорак пяць сталі ардэнаносцамі. Факт унікальны не толькі для Беларусі, але і для ўсіх рэспублік былога СССР. І невыпадкова слава пра той «Аснежыцкі» захавалася да сённяшніх дзён, а Уладзіміра Ралько, якога ўжо амаль дзесяць гадоў няма з намі, у пасёлку ведае кожны. 

І ЗАРАЗ Аснежыцы — адзін з самых прыгожых і добраўпарадкаваных населеных пунктаў Піншчыны. Нават у зімовы час аграгарадок выглядае ўтульным і па-святочнаму ўбраным. 

— Такая традыцыя з часоў Уладзіміра Антонавіча, — тлумачыць цяперашні кіраўнік гаспадаркі Валерый Кулішэвіч. — Мы стараемся яе працягваць. 

На цэнтральнай плошчы пасёлка —  бюст легендарнаму старшыні. Ля яго заўсёды свежыя кветкі. Сённяшнія работнікі ААТ «Аснежыцкае» разумеюць, што падмурак для стабільнага, паўнацэннага жыцця быў закладзены пры Уладзіміры Ралько. У мясцовай школе вучні знаёмяцца з гісторыяй роднага краю. Асобная старонка ў ёй — ваенная і працоўная біяграфія былога старшыні. 

Нарадзіўся ён у 1922 годзе ў вёсцы Падарэссе Старадарожскага раёна. Калі пачалася вайна, у дзевятнаццацігадовым узросце стаў курсантам Краснадарскага авіяцыйнага вучылішча. З 1942 года — у дзеючай арміі. Быў стралком-радыстам цяжкага бамбардзіроўшчыка ЦБ-3. Аднойчы пры выкананні баявога задання над Крымам фашысты збілі самалёт. Разам з іншымі членамі экіпажа Уладзімір Ралько апынуўся ў лагеры ваеннапалонных у Ровенскай вобласці. Неўзабаве яму ўдалося ўцячы, і сотні кіламетраў ён з таварышамі прайшлі пехатой, хаваючыся ў лясах і балотах, пакуль не сустрэлі байцоў партызанскага атрада Васіля Каржа, які ваяваў з ворагам на Беларускім Палессі. У атрадзе Ралько спачатку быў кулямётчыкам, потым камандзірам аддзялення, узвода. 

ПАСЛЯ вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Уладзімір Антонавіч застаўся на Піншчыне. Працаваў загадчыкам зямельнага аддзела райвыканкама, а калі ў 1950 годзе жыхары чатырох вёсак, размешчаных паблізу ад горада над Пінай, аб’ядналіся ў калгас, менавіта яго абралі старшынёй. 

— Вяскоўцы добра ведалі Ралько, — прыгадвае адна са старэйшых жыхарак Аснежыцаў Герой Сацыялістычнай Працы Кацярына Ляснічая. — Ён, як кажуць, дняваў і начаваў у вёсках, вырашаў пытанні, якія хвалявалі людзей, меў аўтарытэт. Назву калгасу — «Аснежыцкі» — далі па населеным пункце, дзе размяшчалася цэнтральная сядзіба. З таго часу гаспадарка перажыла шмат пераўтварэнняў, але ніколі не мяняла сваё імя. 

Толькі што скончылася вайна. Паўсюль разруха, голад. Не ўсім падабаліся калектыўныя гаспадаркі. Але Кацярына Парфір’еўна ўспрыняла іх з усёй душой. Разам з іншымі жывёлаводамі даглядала статак, карміла і паіла кароў, спяшалася на дойку, цягала паўнюткія вёдры сырадою. Пра выхадныя або водпуск, як і іншыя працаўнікі, ніколі не думала. 

— А якім старшынёй быў Ралько? 

— Не столькі строгім, колькі патрабавальным. Ён умеў настроіць людзей на працу, падбадзёрыць, пераканаць, што ўсё абавязкова атрымаецца. І атрымлівалася! У нас і паляводы, і жывёлаводы, і механізатары, і будаўнікі дасягалі выдатных вынікаў. Бо кожны не лічыўся з часам, хатнімі клопатамі. Мы былі маладымі і не сумняваліся, што горы можам звярнуць. 

— Якая працоўная ўзнагарода для вас самая дарагая? 

— Канечне, Зорка Героя Сацыялістычнай Працы. У нашай гаспадарцы такія ж адзнакі атрымалі і Васіль Майсеевіч Гарошка, які шмат гадоў адпрацаваў галоўным аграномам, а потым узначаліў гаспадарку. І Людміла Мікалаеўна Журбіла — брыгадзір комплекснай брыгады. І даяркі Любоў Ціханаўна Мазоль, Любоў Іванаўна Канановіч, Таісія Парфір’еўна Шпакоўская. А сам старшыня такой высокай узнагароды быў удастоены двойчы. 

— Вы так добра ўсё памятаеце…

— А як жа! Шмат гадоў адпрацавала з гэтымі цудоўнымі людзьмі. На вялікі жаль, амаль нікога ўжо не засталося ў жывых. Але я ўсіх помню. У «Сельской газете», дарэчы, пра наш дружны калектыў часта пісалі. І ў нас яе выпісваў амаль кожны. 

Самой Кацярыне Ляснічай званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоілі ў 1966 годзе. Напярэдадні яна атрымала самы высокі ў раёне надой ад каровы за год — 7555 кілаграмаў малака. Неўзабаве высветлілася, што гэта рэкордны вынік не толькі для Піншчыны, але і для ўсёй рэспублікі. Лепшая даярка «Аснежыцкага» на ім не спынілася. На наступны год паказчыкі ў яе былі яшчэ вышэй. За поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадарцы, яна і стала Героем. Кацярына Парфір’еўна ўспамінае, што шмат пачула тады цёплых слоў ад кіраўнікоў розных узроўняў, таварышаў, але ж самая дарагая пахвала была ад Уладзіміра Ралько: «Малайчына! Гэта па-нашаму!» 

Здаровы дух спаборніцтва ў Аснежыцах панаваў на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Людзі старанна працавалі, а калгас пастаянна паляпшаў умовы працы, будаваў жыллё, аб’екты сацыяльнай сферы. Штогод шчаслівыя сем’і спраўлялі наваселлі. 

Пасёлак стаў адным з самых сучасных і добраўпарадкаваных у вобласці. Вытворчая база гаспадаркі дазваляла значную ўвагу надаваць не толькі ўкараненню перадавых на той час тэхналогій, але і паляпшэнню ўмоў жыцця людзей. У 1966 годзе калектыў калгаса «Аснежыцкі» за добрую працу ўзнагародзілі ордэнам Леніна.

Аб гэтым добра памятае мясцовая жыхарка Людміла Журбіла, якая ў «Аснежыцкім» узначальвала комплексную брыгаду. 

— Уладзімір Антонавіч Ралько быў чалавекам, які не пакідаў без увагі ні адну цікавую ідэю, — расказвае Людміла Мікалаеўна. — Нават калі нехта сумняваўся ў выніку, ён абгрунтавана даказваў, што той ці іншы гатунак раслін найбольш прыгодны для палескіх умоў, а для атрымання высокіх надояў жывёле патрэбны збалансаваныя кармы. Наперад глядзеў і думаў наш старшыня. Таму працаваць з ім было вельмі прыемна. А гультаёў у наш калектыў не прымалі. Гэта скажа кожны, хто шчыраваў у калгасе ў тыя гады. 

Брыгада Людмілы Журбілы на неўрадлівай глебе атрымлівала выдатныя ўраджаі. Збожжа, напрыклад, з кожнага гектара збіралі па 55—60 цэнтнераў. На асобных участках на круг намалочвалі па 70—72 цэнтнеры. Паказчыкі таго часу  неверагодныя. Настолькі, што ў іншых гаспадарках не адразу ў іх верылі. Але потым, калі прыязджалі за вопытам і бачылі налітыя, схіленыя да зямлі каласы, шчыра выказвалі сваё захапленне. Лідарам не толькі ў сваім раёне, але і ва ўсёй рэспубліцы «Аснежыцкі» быў і ў вырошчванні цукровых буракоў. Ураджайнасць у 550—600 цэнтнераў з гектара тут лічылася звычайнай. Вытворчасць малака і мяса з кожным годам павялічвалася. У адзінаццатай пяцігодцы (1981— 1985 гады) калгас стаў лепшым у жывёлагадоўчай галіне.

— Працавалі, канечне, не дзеля ўзнагарод, — заўважае Людміла Мікалаеўна. — Проста калі трэба было выходзіць у поле, нарыхтоўваць кармы, даглядаць статак, даіць кароў, атрымліваць прыплод, ніхто не заставаўся ўбаку, не жаліўся на дрэннае самаадчуванне, не прасіў выхадны, а далучаўся да агульнай талакі. 

У 1973 годзе Людміле Журбіле таксама прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Яна і сёння лічыць, што гэта была заслуга ўсёй брыгады, заслуга Уладзіміра Ралько, які ўмеў згуртаваць людзей. 

ЦК КПБ рэкамендаваў вопыт «Аснежыцкага» для шырокага вывучэння і ўкаранення ў іншых гаспадарках. Многія сённяшнія вядомыя старшыні ў свой час вучыліся ў Ралько. Ветэраны сельгаспрадпрыемства прыгадваюць, што ў 1983 годзе ў самую вядомую пінскую вёску прыязджаў нават Міхаіл Гарбачоў, які ў той час займаў пасаду сакратара ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы. Напрыканцы 70-х гадоў на нарадзе праўлення калгаса ўдзельнічаў першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў. Ён гутарыў з Уладзімірам Ралько і спецыялістамі «Аснежыцкага» аб тым, па якім шляху трэба развіваць аграпрамысловы комплекс рэспублікі і якімі тэхналогіямі ў гаспадарцы маглі б падзяліцца. 

Аграномы, інжынеры, ветурачы і іншыя спецыялісты ў перадавым калгасе набіраліся вопыту. Потым нярэдка самі ўзначальвалі асобныя прадпрыемствы. У іх усё атрымоўвалася. 

Сам Уладзімір Антонавіч быў абраны членам Брэсцкага абкама і ЦК КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета СССР. Але, займаючы такія высокія пасады, ён паўсядзённа клапаціўся пра дабрабыт сяла, паляпшэнне ўмоў працы людзей. Усё перадавое і новае стараўся ўкараняць у палескім краі. 

АДКРЫТАЕ акцыянернае таварыства «Аснежыцкае» і праз гады застаецца адным з лепшых сельгаспрадпрыемстваў Піншчыны. А школа Уладзіміра Ралько, на якую шмат увагі звяртала «Сельская газета», працягвае дзейнічаць у многіх гаспадарках Брэстчыны. Бо не пералічыць вучняў легендарнага старшыні. 

kurec.a@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter