“Шчо хуторок, то говорок”.

Чаму жыхароў Лобчы Лунінецкага раёна называюць совамі і што значыць жартаваць “па-лабэцку”

Пабываўшы аднойчы ў вёсцы Лобча, падумала, што яе можна лёгка лічыць фальклорнай сталіцай Палесся. Не часта даводзіцца чуць у адным месцы столькі баек і песень, ды яшчэ на незвычайнай дыялектнай мове. І тым больш не часта шанцуе пазнаёміцца з такой гасціннай жартаўніцай і песенніцай, як Настасся Якавец, якая з хаты не выпусціць, пакуль не пачастуе традыцыйнымі стравамі ды... байкамі з песнямі ўласнага прыгатавання.

Кар’ера не ўдалася з-за... квасу

— То дідкі моі, шчо адзін, шчо другі, такі росказчыкі былы! Бывало, як почуеш, шчо рогочуць на сэлі, то знай і відай, што то дід Андрэй ці то дід Міша, — тлумачыць Настасся сваю здольнасць да творчасці на мясцовай, “лабэцкай” гаворцы.
Ды і маці Настассі Марыя Аляксандраўна тая яшчэ была спявачка — выступала нават у вядомым хоры Цітовіча, які заўважыў у простай вясковай дзяўчыне вялікі талент. Марыя і ў Маскве павінна была спяваць, але напярэдадні напілася халоднага квасу і ахрыпла. Цітовіч адправіў дзяўчыну ў родную Лобчу, каб тая здароўе паправіла ды з роднымі пабачылася. Бацькі так абрадаваліся, што дачка нарэшце вярнулася дахаты, і ў хор больш не пусцілі. На гэтым кар’ера Марыі і скончылася. Аднак талент яе перадаўся дачцэ, якая ўжо трэці дзясятак кіруе мясцовым калектывам “Лабчанка”.
— Калі сфарміраваўся хор, клуб наш якраз быў у аварыйным стане, усе рэпетыцыі праходзілі ў мяне ў хаце. Песні, танцы... да самай раніцы! — успамінае Настасся. — Спачатку толькі жанчыны выступалі, а пасля і мужыкоў сваіх прыцягнулі. Спявалі толькі мясцовае, што спакон вякоў захавалася. А пасля захацелася свае выступленні разнастаіць. Пачала сачыняць байкі, жарты. Ды так лоўка стала атрымлівацца!

Дзе жыве “кушка”?

Больш чым за дваццаць гадоў у Настассі сабралася ўжо з дзясятак тоўстых сшыткаў з сачыненнямі пра сябе, родную Лобчу і яе жыхароў. Усе байкі, песні, жарты напісаны і выконваюцца на мясцовай, “лабэцкай” гаворцы.
— На Палессі кожная вёска размаўляе па-свойму, — расказвае Настасся. — Вось у Луніне, напрыклад, размаўляюць падобна да нас. Але мова іх мякчэйшая. На кошку ў нас кажуць “кушка”, у іх — “кішка”. У Багданаўцы клічуць: “Воле, сюды ході”, у нас — “Голе, сюды ході”.
Ды і жыхароў вёсак на Лунінеччыне называюць па-рознаму.
— На Лунін кажуць волы, на Кажан-гарадок — машчане, на Вульку — свінні. Кому як повезе. А мы совы.
Пра тое, адкуль у жыхароў Лобчы з’явілася такая мянушка, Настасся нават байку напісала.
Шлі раз хлопцы болотом,
Гразь мэсілы постолом,
чоботом.
Сіна накосілі і пташку 
Ну таку хорошу зловылі.
У лозі сэділа,
Прама ў душу глэділа.
Сама лохмата, вочы лупаты,
Аж страшна у рукі узяты!
От і ўзялы за крыла,
Шчоб не ўкусіла.
Хочацца ж людям показаты!
І от самы шлі бродкамі,
А тую сову за крылы вэлы
кладкамі.
А назустрэч люді з чужога сэла:
“Эй! А чого-то у вас
у такой пошані сова?”
І лобчан моіх обсмаялі,
З тых пор нас совамі прозвалі.
Але на мэнэ як скажуць “сова”,
То моя не боліць голова.
І нэ злюса я ні на кога,
Бо ж хорошая пташка,
Ей-богу.

“І прочнулася я на діване...”

Байкі Настассі заўсёды ўспрымаюцца на ўра — і роднымі вяскоўцамі, і гараджанамі, і замежнымі гасцямі. Са сваімі творамі жанчына нават на “Славянскім базары ў Віцебску” выступала. І хоць напісаны байкі з песнямі на мясцовай гаворцы, разумеюць іх усе, таму што апавядаюць яны пра нас з вамі, пра нашы хібы і вартасці. Ды і гумарыстычных парад знойдзеш у Настассі: падкажа, як пару лішніх кілаграмаў скінуць, дзе водку ад “чоловіка” схаваць, як па п’яніцу ды гультаю галасіць (“цалую цэбэ в ручкi, шчо не прыносiлы мне получкi!”) і як на пенсію малую пражыць. Вось адна з самых любімых Настассіных баек:
Як у нас цэпер цяжко жыцы
 стало. Ну ў нас жэ ўсё е.
А нам ўсэ мало і мало. Вот
я не знаю, як у цэбэ,
А у мэнэ катострофічэскі грошэй
 не хватае.
От тую пенсію получу, а шчэ ж
 зарплату —
Чэрэз пару дней чорт іх мае.
Мне б самой хваціло, не ў гэтым
 діло.
Але ж попрыходзяць діці ў хату:
“Давай грошы, маты!”
Ты бачыш, сыну не хватае
на машыну,
Дачка на курорт ад’язджае.
О, брат, тая тожэ грошыкі
вымыгае.
А я ўжо шчо той ўюн на сковороді
кручуса,
За шчо толькі ні бяруса.
...І прысніўся Настассі “такі сон нехорошы”, дзе жанчыне за тысячу “зялёных” прапанавалі заняцца... стрыптызам. Выйшла на сцэну, пачала здымаць “чулкі” — “сталi падаць в обморок тыя мужыкi. А шчэ которые жывыя, до мэнэ ползуць і мні грошы ў карманы кладуць, кладуць... Думаеце, для чаго? Шчоб я далій не раздэвалася, а скорэй со сцэны ўбiралася”.
... І прочнулася я на діване
Без ўсялякіх грошай у кармане.

Вадзіца з роднай крыніцы

Аднак не толькі вясёлыя гісторыі гучаць у Лобчы. І мілагучныя песні тут спяваюць, і абрады ставяць. У многім дзякуючы “Лабчанцы” не паміраюць у вёсцы традыцыі святкавання Каляд, Шчадраца, Гукання вясны, Купалля, Ваджэння Куста, калі над усёй вёскай разносіцца:
Ой, да по сялу да по лобэцкаму
Да ішло войска жаноцкае.
Ніхто то войска ні б’е, ні карае,
А всі тому войску здороўя
жадаюць.
— Людзі ў вёсцы ведаюць, што ў гэтыя дні мы ходзім па хатах, віншуем іх, запрашаем на свята, — расказвае Настасся. — Ад нас і дзеці навучыліся. Таксама ходзяць калядуюць, песні традыцыйныя вучаць. Вяскоўцы іх чакаюць, спецыяльна купляюць цукеркі, пячэнне, пякуць пірагі.
Акрамя агульнавядомых ёсць у Лобчы і такія абрады, якіх не сустрэнеш ні ў якай іншай мясцовасці. Напрыклад, “З ралцам”. Настасся лічыць, што яго назва пайшла ад слова “ларац” і, хутчэй за ўсё, першапачаткова гэты абрад называўся “З ларцам”. Праводзяць яго звычайна на другі дзень Вялікадня.
— Парадзіха — жанчына, якая нарадзіла сёлета ці летась — ідзе да бабкі-павітухі з падарункамі, звычайна з хусткай ці кавалкам матэрыялу, — тлумачыць Настасся. — Бабка тая ведае, што яе павінны адведаць, таму таксама рыхтуецца да сустрэчы. Дык пасядзяць разам, пагавораць, яйкамі паб’юцца, кропельку вып’юць. Раней жа шмат не пілі, бутэльку куплялі, дык на 20 чалавек хапала. Трэба ведаць свае традыцыі. Нездарма кажуць: лепш напіцца вадзіцы з роднай крыніцы, чым за морам віна. Лепш праспяваць сваю песню і расказаць мясцовую байку, чым якія чужыя.
Гледзячы на такія вёскі, як Лобча, і такіх актыўных людзей, як Настасся Якавец, шчыра радуешся. Бо ведаеш: не памрэ тут традыцыя. І няхай дзеці ў вёсцы “па-лабэцку” амаль не размаўляюць, затое спяваюць і абрады праводзяць на гэтай унікальнай мясцовай гаворцы.

Настасся Якавец пра каханне

От шчо такэ коханне?
Шчэ б я знала, то і вам бы
росказала.
Як была я молода,
То не одному была коледа.
Была діўка на ўсэ сэло.
Хлопцы любылы, слідам ходылі.
А я выйду на вуліцу. Туды-сюды
гляну —
Одін нясе блінцы, другі смэтану.
А я з попэры робыла двэры,
Шчоб ходылы кавалеры,
А з хустанькі холодок,
Шчоб носылы мні мэдок.
Всі прысмакі поядала,
Да вот яка стала...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter