Почему снижаются объемы потребления хлебной продукции

Шчасце з цёплай скарыначкай

Мы — вялікія едакі разнастайных відаў хлебабулачных. Жаданым гасцінцам, пра які гавораць з прыдыханнем мае сябры за мяжой, з’яўляецца менавіта жытні беларускі хлеб. «Прывязі, перадай, не забудзься» — так просяць аб смачным падарунку, значыць, яго шануюць, а не проста паважаюць. Але ці па-ранейшаму цёпла ставімся мы да галоўнага багацця сёння, ці шмат ужываем, як змяніліся нашыя густы ў выбары гатункаў сучаснага хлеба і выпечкі? Карэспандэнт «Р» наведала найстарэйшы ў Мінскай вобласці хлебазавод, каб даведацца пра тэндэнцыі ў спажываннi народнага прадукту.

З мадэрнізацыяй вытворчасці плануецца праца па падаўжэнні тэрміну прыдатнасці хлеба.

Па слядах хлебных крошак

Марыя Сінькевіч, галоўны маркетолаг прадпрыемства «Барысаўхлебпрам», адзначае тэндэнцыю: аб’ём спажывання хлебнай прадукцыі насельніцтвам за апошнія гады некалькі знізіўся:

— Справа ў тым, што адбылося пераразмеркаванне вытворчасці хлеба: у мас-маркеце, рэтэйле, прыватных пякарнях. Плюс у сем’ях сталі купляць хлебапечкі і старанна сачыць за сваiм здароўем, выпякаюць вырабы самастойна. Заводскі хлеб па-ранейшаму ў пашане, яго любяць і ў нас, і за мяжой. Кажучы пра папулярнасць жытнёва-пшанічнага хлеба, трэба замовіць слова і пра яго карыснасць. Урачамі адзначаны цікавы факт: у аматараў жытніх вырабаў значна радзей сустракаюцца захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы і ішэмічная хвароба. Ён ратуе ад малакроўя, бо змяшчае на траціну больш калію і на 50 працэнтаў — магнію, чым у белым хлебе. Гэта ўнікальны прадукт, якім можна паабедаць і наесціся.

Насамрэч мы, як жыхары гарадоў, сталі больш распешчанымі ў выбары ўсяго мучнога. Сёння назіраецца хлебны бум у гандлёвых сетках, дзе прадстаўлены шырокі выбар уласнай выпечкі і некалькі ўрэзаны асартымент прадукцыі хлебазаводаў. Мітуслівае жыццё прывяло і да значных змен у справе ўпакоўкі хлебабулачных вырабаў. Спажывец сёння разгультаіўся, як кажуць на хлебазаводах, ён не хоча займацца нават нарэзкай хлеба, валтузнёй з пакетамі. Купіў, хутчэй распакаваў, з’еў і забыўся. Таму сёння ўсе вытворцы прадукту нумар адзін імкнуцца здзівіць асартыментам і ўнікальнасцю вырабаў.

Ключ да поспеху хлебапёкаў

Дзіўна, якой толькі няма хлебабулачнай прадукцыі на паліцах у крамах… Гэта боханы хлеба на любы густ са светлым і цёмным мякішам, з рознымі дабаўкамі: сухафруктамі, семкамі, салам і іншым. Для прыхільнікаў здаровага спосабу жыцця — папулярная лінейка хлебабулачных вырабаў без выкарыстання прасаваных дражджэй, дыетычнага (дыябетычнага) і прафілактычнага харчавання, узбагачаныя вырабы. 

Акрамя таго, у барацьбе за пакупніка наступае на пяткі нашым вытворцам велізарны паток расійскай і іншай замежнай прадукцыі. Канкурэнты часцяком прывабліваюць нашых пакупнікоў нізкімі цэнамі і арыгінальнай формай. Мяркуючы па этыкетцы, імпартнае печыва з тваражком чамусьці можа мець тэрмін прыдатнасці паўгода. Маладым бацькам варта падумаць пра тое, ці купляць маленькаму дзіцяці ці сабе такую смакату пралангаванага дзеяння.

Пацікавілася ў галоўнага тэхнолага і начальніка вытворча-тэхналагічнай лабараторыі хлебазавода Галіны Целеш, адкуль жа спецыялісты чэрпаюць новыя ідэі для выпуску рознай прадукцыі, каб ісці ў нагу з часам.

— На аснове вывучэння вопыту папярэдніх пакаленняў і сучасных тэндэнцый і тэхналогій, паездак за мяжу, вопыту зносін з калегамі распрацоўваюцца свае цікавыя рэцэптуры прадукцыі. Так з’явіліся фірменны заварны хлеб на жытніх і хмелевых заквасках, хлебныя боханы на кісламалочных зброджаных заварках.

Дарэчы, наша хлебабулачная прадукцыя запатрабаваная ў Расіі, яе можна ўбачыць на паліцах вядомых гандлёвых сетак Смаленска, Масквы, іншых гарадоў. Ва ўсiм свеце экспартаваць гатовы хлеб неяк не прынята, лiчыцца, што мясцовыя хлебапёкi здольныя зрабiць яго самi. Але нашы заводы закрываюць блiжэйшыя да нас рэгiёны краіны-суседкi. З мадэрнізацыяй вытворчасці плануецца работа па падаўжэнні тэрміну прыдатнасці хлебабулачных вырабаў, што дазволіць пашырыць геаграфію паставак і аптымізаваць лагістычны ланцуг дастаўкі хлеба да канчатковага спажыўца: як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Для любога пакупніка, які жыве ў шумным мегаполісе і ў маленькім пасёлку, купіць раніцай свежы і духмяны хлеб будзе прасцей.

ТОЛЬКI ЛIЧБЫ

Рынак хлеба і хлебабулачных вырабаў у краіне прадстаўлены вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Вытворчасцю займаюцца 11 хлебапякарных прадпрыемстваў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, 6 хлебазаводаў КУП «Мінскхлебпрам», 66 — Белкаапсаюза і 41 — камунальнай формы ўласнасці, а таксама гандлёвыя і іншыя арганізацыі, якія маюць свае пякарні.

Паводле звестак Белстата, больш за ўсё спажываюць хлеб расiяне (117 кг у сярэднім на душу насельніцтва), палякі (102 кг) і ўкраінцы (101 кг). Але і беларусы не адстаюць: 81 кілаграм ужылі ў сярэднім на душу насельніцтва па вынiках мінулага года.

shimuk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter