Шчаслівы білет Жлобіна

Беларусь урачыста адзначыла свята ўраджаю «Дажынкі-2013»

Беларусь урачыста адзначыла свята ўраджаю, паспяхова завяршыўшы чарговы сельскагаспадарчы год

«Не каждому дано так щедро жить — друзьям на память города дарить» — словы гэтага савецкага шлягера 60-х сталі сімвалічнымі длясучаснай Беларусі. Менавіта ў краіне, якая сёння ўпэўнена крочыць у XXI стагоддзе, паводле ініцыятывы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі быў адноўлены гэты старажытны народны абрад: урачыста адзначаць завяршэнне жніва — дажынкі. Разам з тым штогод дзякуючы святу хлебаробаў паступова атрымліваюць новае аблічча беларускія гарады.

Сёлета гонар віншаваць перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці па ўборцы ўраджаю ў Беларусі атрымала Гомельшчына і адзін з яе буйнейшых раённых цэнтраў — Жлобін. Высакаякасную прадукцыю горада айчынных металургаў зараз ведаюць у 107 краінах свету.

Цэнтральныя падзеі рэспубліканскіх «Дажынак-2013» разгарнуліся на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы каля Палаца металургаў, дзе прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод лепшым хлебаробам рэспублікі з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. 

Як падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы: «Сямнаццаць гадоў таму, адраджаючы «Дажынкі», мы пастараліся не толькі захаваць старажытныя звычаі, але і надаць ім новае дыханне. Сёння галоўнай па-дзеяй фестывалю-кірмашу становіцца ўзнагароджванне герояў жніва, якія сваімі працавітымі рукамі, майстэрствам і самаадданай працай здабываюць беларускае золата, імя якому — хлеб».

Беларускі лідар запэўніў прысутных, што «гэтаму святу, якое так палюбілася вяскоўцам, быць», і прапанаваў разам падумаць аб яго далейшым фармаце. Магчыма, «Дажынкі» будуць праводзіцца ў кожным раёне, у адным з аграгарадкоў. Такім чынам, калі кожны год будзе добраўпарадкаваны да рэспубліканскіх стандартаў адзін аграгарадок, то ўжо праз 10—15 гадоў у краіне будзе вялікая колькасць уладкаваных па самаму апошняму слову сельскіх населеных пунктаў. Так можна абнавіць і знешні выгляд раённых цэнтраў. «Таму трэба падумаць аб новай сістэме правядзення свята», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаю, што рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі-2013» прайшоў у горадзе на Дняпры 27—28 верасня. Жлобін вітаў гасцей урачыстых мерапрыемстваў значна абноўленым і памаладзелым. А зроблена тут сапраўды многа. Па сутнасці, райцэнтр перажыў другое нараджэнне. За справу ўзяліся з імпэтам і па-зітывам. Далучыліся ўсе зацікаўленыя: рэспубліканскія ведамствы і банкі, будаўнікі, шматлікія прадпрыемствы Гомельшчыны і Жлобіна. Вялікую дапамогу роднаму гораду на штотыднёвых суботніках аказвалі яго жыхары. Паводле слоў старшыні Жлобінскага райвыканкама Генадзя Суздалева, сярод знакавых будынкаў — новая дзевяціпавярховая гасцініца «Дняпроўская жамчужына» на 114 месцаў. Атэль і новы шматфункцыянальны спорткомплекс на 1,5 тысячы месцаў сталі сапраўдным падарункам для багатага на спартыўныя традыцыі Жлобіна. Спадабаўся ўдзельнікам і гасцям «Дажынак» і новы парк Прыдняпроўскі, які ўзнік на месцы раней непраходнай багны.

Трэба адзначыць, што асноўным пры падрыхтоўцы да сёлетняга свята хлебаробаў была не столькі будоўля новага, колькі рэканструкцыя і рамонт дзеючых аб’ектаў. Такім чынам кардынальна змянілі свой знешні выгляд Палац культуры і бульвар Металургаў, кінатэатр «Радзіма», тутэйшы гісторыка-краязнаўчы музей. Сучасны арыгінальны выгляд атрымаў новы вакзальны комплекс, у які ўвайшлі чыгуначны і аўтавакзал. Да таго ж беларускія чыгуначнікі ў гэтыя дні завяршылі электрыфікацыю магістралі на ўчастку Бабруйск — Жлобін, што дае магчымасць жыхарам райцэнтра хутка і зручна на сучасных электрацягніках дабірацца ў Бабруйск і Мінск. Былі адрамантаваны і добраўпарадкаваны амаль усе школы, 11 аб’ектаў аховы здароўя, жылыя дамы, з’явілася шмат новых парковак. У горадзе поўнасцю абноўлена асфальтавае пакрыццё вуліц (26 кіламетраў), уладкавана дарожная інфраструктура. Адным словам, у Жлобіне рэканструявалі і пабудавалі каля 300 розных аб’ектаў. На гэтыя мэты з бюджэту накіравана больш за трыльён рублёў.

Не абышлі ўвагай і старую частку горада. У пачатку абноўленага бульвара Металургаў з’явіўся герб Жлобіна — медны човен амаль у натуральны памер. Скульптурная кампазіцыя сімвалізуе імкненне горада з мінулага ў будучыню.

Уразіў маштаб урачыстых мерапрыемстваў: каля пяці кіламетраў гандлёвых радоў, больш за 400 павільёнаў і вулічных кафэ на 8,5 тысячы месцаў гасцінна частавалі наведвальнікаў. Усю гэтую шматлікую дзею абслугоўвалі каля 200 гандлёвых арганізацый з усёй Беларусі.

За мінулыя дні ў Жлобіне пабывалі некалькі тысяч гасцей, якія, безумоўна, знайшлі для сябе ў горадзе «Дажынак» шмат пазнавальнага. Асаблівай папулярнасцю ў прысутных карысталіся гарачыя бульбяныяаладкі на свяце «Дзеруны-фэст», святочны канцэрт майстроў мастацтваўдля пераможцаў жніва, конкурсы і канцэрты прафесійных і сама-дзейных артыстаў на розных пляцоўках горада, арыгінальная цыркавая праграма, шумлівыя падворкі прадпрыемстваў спажывецкай кааперацыі Гомельшчыны ды яшчэ шмат чаго цікавага. Вялікую ўвагу наведвальнікаў выклі-кала выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, дзе прадставілі найноўшыя беларускія камбайны, трактары і іншыя сельгасмашыны. Кожны з яе наведвальнікаў, як дарослы, так і маленькі, імкнуўся сфатаграфавацца на фоне моцнай айчыннай тэхнікі.

…Вось і адгулі-адпелі чарговыя «Дажынкі». На гэты раз жлобінскія. Сталі здабыткам нашай гісторыі. Але галоўнае ў тым, што пасля свята ўсё зробленае засталося людзям, паслужыла развіццю рэгіёна і далейшаму росквіту роднай Беларусі.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter