Народнае свята Шчадрэц (Стары Новы год) у Беларускай грамадзе Малдовы адзначалі за багатым сталом, з песнямі ды танцамі

Шчадраванцы ладзяць танцы

Сябры нашай суполкі любяць збірацца разам, асабліва па святах. Так было і 15 студзеня: мы адзначалі Шчадрэц, альбо Стары Новы год. Раней, сцвярджаюць даследчыкі, дзень Новага года быў вядомы як Васілле. Бо паводле праваслаўнай хрысціянскай традыцыі 1 студзеня (па свецкім календары гэта 14 студзеня) — дзень святога Васіля Вялікага. У беларусаў-хрысціян раней напярэдадні, 31 снежня (цяпер 13 студзеня) ладзілі Васільеў вечар: са шчодрым і багатым сталом. Там павінны былі быць стравы са свініны, бо святы Васіль у нашых продкаў лічыўся заступнікам хатняй гаспадаркі ды свіней, свінаводаў. Вечар перад Новым годам, пішуць фалькларысты, на Беларусі называюць яшчэ: Шчодры вечар, Шчадруха, Шчадрэц, Багатуха, і яшчэ тоўстай, шчодрай, мясной, Багатай Куццёй. А ўсяго ў беларусаў было ў Калядна-Навагоднюю пару ажно тры Куцці, ды кожная мела свае адметнасці. Пра тое можна пачытаць і ў інтэрнэце.

У святочнай зале спявае хор “Зоранькі”

Моладзь у Шчодры вечар хадзіла шчадраваць. У некаторых мясцовасцях выбіралі самую прыгожую дзяўчыну, яе называлі Шчодрая, апраналі ў святочнае адзенне ды йшлі па хатах спяваць шчадроўкі. Звычайна ў песнях велічалі ўсю сям’ю разам, ці асобна  гаспадара, гаспадыню, дачку, сына. Жадалі ўдачы гаспадарам у доме, у хляве, на полі, на пасецы. Знаходзім у фалькларыстаў і такія запісы: “На Калядныя святы прыходзіў да беларусаў і Бог балявання і бяседы Шчадрэц. 3 ім беларусы весяліліся некалькі дзён. Шчадрэц з’яўляецца да людзей па вечарах. Гэта дзяцюк высокага росту. У руках Шчадрэц  трымае тоўстае жазло, якое аздоблена рознакаляровымі тасёмкамі. Шчадраца сустракае вялікі карагод хлопцаў, апранутых у розныя строі. Яго саджаюць госця на спецыяльна зроблены дзеля таго вазок, абвешаны стракатымі шматкамі тканіны і званочкамі. Вазком кіруе абраны з хлопцаў Шчадранец, астатнія хлопцы-шчадраванцы суправаджаюць іх. Гэты стракаты гурт пад iгpy музыкаў і спевы ходзiць па вуліцах і спыняецца ля кожнае хаты. Шчадраванцы разам са Шчадрацом наведваюць усіх вяскоўцаў, а потым застаюцца ў аднаго з іх і да раніцы весяляцца”.

Мы ў Кішынёве не шчадравалі, а рэстаран заказалі: каб разам адзначыць свята, згадаць традыцыі, абрады бацькоў і дзядоў. Сабралася больш за 60 сяброў! Былі й госці: з Амбасады Беларусі ў Малдове, старшыня Беларускага культурнага цэнтра Ганна Бабіна, старшыня Рускай суполкі Малдовы Людміла Лашчонава ды іншыя. Спачатку былі прывітанні-віншаванні, тосты ў гонар суполкі ды ўсіх беларусаў. Потым вакальны ансамбль суполкі “Зоранькі” хораша выступаў. А яшчэ мы развучвалі танцы. Першы — “Свінні ў рэпу”: традыцыйны народны беларускі. Яго, кажуць, раней танцавалі на вячорках на пачатку: каб моладзі была магчымасць пазнаёміцца і пабачыць, хто на што здольны і які спрытны. Танцоры стваралі круг-кола, як сімвал Сонца, ды з прытоптаваннем, з плясканнем у далоні танцавалі па крузе. А музыкі гралі так, што тэмп узрастаў, і важна было — яго вытрымаць. Карацей: вясёлы тэста на вынослівасць… Мы ж “кола” с сябрамі ўтварылі вялікае, але да канца танца вытрымалі не ўсе. Што ж, год яшчэ толькі пачынаецца: будзем трэніравацца.

А другім быў вяселы танец “Ойра”. Гэта, падказвае інтэрнэт, народны танец альбо песня ў многіх народаў, галоўным чынам Усходняй Еўропы. Танец — парны, танцуюць і яго па крузе, з пастукваннем партнёраў адзін аднаго па назе, плячы, бядры з воклічам “Ойра!”, пры тым дзяўчына-танцорка пераходзіць да іншага кавалера. Кажуць, танец — яўрэйскага паходжання, і што ў Беларусі яго раней не танчылі. А цяпер ён пайшоў па краіне, і многім, асабліва моладзі, вельмі палюбіўся. І беларусам Малдовы прыйшоўся даспадобы.

Вось такі ў нас быў Шчадрэц, Шчодры вечар. Са свята разыходзіліся ўсе вясёлыя і задаволеныя.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter