Шаноўны мiсiянер!

Так звярталiся да заслужанага работнiка культуры Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiра Грома ўсе, хто падымаўся на сцэну Белдзяржфiлармонii са словамi вiншавання ў час вечарыны, прысвечанай 25-гадоваму юбiлею заслужанага аматарскага калектыву Рэспублiкi Беларусь “Крупiцкiя музыкi” i 35-годдзю творчай дзейнасцi яго нязменнага кiраўнiка.

I сапраўды, Уладзiмiра Мiкалаевiча нельга назваць звычайным культасветработнiкам. Акрамя таго што вось ужо на працягу 30 гадоў узначальвае Крупiцкi цэнтр культуры, ён — дацэнт кафедры духавых iнструментаў Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры i мастацтваў, аўтар музычных зборнiкаў фальклорных твораў, стваральнiк новых экземпляраў старадаўнiх музычных iнструментаў, рэстаўратар знойдзеных рарытэтаў. А нядаўна ансамблю “Крупiцкiя музыкi”, якому спадар Гром аддае, напэўна, большую частку сваiх намаганняў, указам кiраўнiка дзяржавы была прысуджана спецыяльная прэмiя Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь за вялiкi ўклад у прапаганду народнай творчасцi Беларусi за мяжой, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць.
На сваёй юбiлейнай вечарыне “Музыкi” паказалi ўсё самае лепшае, што было створана калектывам за апошнiя гады творчасцi. А потым са святам iх павiншавалi салiсты Нацыянальнага акадэмiчнага народнага хору iмя Г.Цiтовiча, Нацыянальнага акадэмiчнага народнага аркестра iмя I.Жыновiча, капэла народных духавых iнструментаў Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры i мастацтваў “Гуды”. Яны выканалi творы, аўтарам якiх з’яўляецца Уладзiмiр Гром.
“Крупiцкiя музыкi” за чвэрць стагоддзя паспелi запiсаць больш за 100 фанаграм музычных твораў, выдаць пяць кампакт-дыскаў, выступiць з канцэртамi ў дванаццацi еўрапейскiх краiнах i ў Японii. I сёння яны даюць больш за 50 канцэртаў у год: праз песнi, танцы, музыку паказваюць душу беларускага народа. Паспелi наладзiць сяброўскiя сувязi з жыхарамi Галандыi, Германii, з дапамогай якiх у вёсцы Крупiца Мiнскага раёна, дзе i “прапiсаны” фальклорны ансамбль, пабудавана новая амбулаторыя, якая пераняла вопыт урачоў сямейнай практыкi.
“Крупiцкiя музыкi”, акрамя ўсяго, займаюцца адраджэннем забытых беларускiх народных музычных iнструментаў. Гэты ансамбль можна лiчыць першым у Беларусi, якi пачаў выкарыстоўваць бытавыя прадметы. Уладзiмiр Гром i сёння з усмешкай успамiнае, як перад выступленнем у Крамлёўскiм палацы (гэта было ў 1998 годзе) музыкаў не хацелi пускаць на сцэну з-за таго, што яны былi... з касой.
Адметна таксама i тое, што ў саставе ансамбля, якi складаецца з аркестра, танцавальнай групы i вакалiстаў, людзi рознага ўзросту i прафесiй. Гэта настаўнiкi i медыкi, прадпрымальнiкi i работнiкi мясцовых прадпрыемстваў, студэнты. Ёсць сярод iх i сямейныя пары. Як прызнаўся мастацкi кiраўнiк, “раней iх было восем i нават дзесяць, а цяпер толькi дзве”.
“Да прысуджэння спецыяльнай прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь “Крупiцкiм музыкам”, да святкавання такiх юбiлейных дат мы аднеслiся з пачуццём радасцi, таму што нашы стараннi не засталiся незаўважанымi, прыемна, што ацанiлi нашу працу, што нас любяць i паважаюць, — прызнаецца Уладзiмiр Гром, — але таксама i з адчуваннем нейкай унутранай напружанасцi. Планка, якую мы ўзнялi за гэтую чвэрць стагоддзя, вельмi высокая — мы былi аднымi з першых, хто даў штуршок развiццю беларускай iнструментальнай музыкi. I вельмi не хочацца перарываць тое, што некалi было сшыта моцнымi нiткамi. Ансамбль — гэта частка майго жыцця!”
Аўтарытэтны даследчык беларускага фальклору лiчыць, што Беларусь можа ганарыцца сваiмi дасягненнямi ў культуры. “Зараз, як мне здаецца, культура ў нашай краiне знаходзiцца на пад’ёме, — гаворыць Уладзiмiр Мiкалаевiч. — Але разам з тым хацелася б, каб развiццю народнай творчасцi, мастацтву, яго прапагандзе, распаўсюджанню надавалася больш увагi”.
У творчых планах Уладзiмiра Грома — прадстаўленне грамадскасцi сваёй новай творчай работы “Балада пра зязюлю”, матэрыял для якой маэстра збiраў на працягу многiх гадоў. У аснову твора ляглi арыгiнальныя запiсы народных песень, легенды, сабраныя ў час фальклорных экспедыцый. Ансамбль рыхтуецца да новых выступленняў на сцэнiчных пляцоўках рэспублiкi, а таксама Галандыi, Германii, Францыi.
— Дзе б нi выступаў калектыў — у Беларусi цi дзе-небудзь за мяжой, ён становiцца першым, — адзначае намеснiк мiнiстра культуры Беларусi Валерый Гедройц. — Чаму? Напэўна, таму, што ён можа знайсцi, перапрацаваць беларускiя народныя творы так, што яны потым становяцца сапраўдным скарбам i, як ластаўкi, разлятаюцца па ўсёй краiне, трапляюць у рэпертуар нашых нацыянальных акадэмiчных калектываў. Праўду кажуць, што нацыянальнае мастацтва “сiлкуецца” народнай творчасцю. Гэты ансамбль — лепшы таму прыклад. Дзякуючы “Крупiцкiм музыкам” наша, можа, дагэтуль камусьцi малазнаёмая краiна становiцца цiкавай для многiх.
— Бывае, што Бог надзяляе аднаго чалавека мноствам талентаў, — гаворыць рэктар Беларускага дзяржаўнага унi-версiтэта культуры i мастацтваў Ядвiга Грыгаровiч. — Дык вось, спадар Гром — гэта музыкант, аранжыроўшчык, апрацоўшчык, даследчык народнай песнi, этнограф, выдатны педагог. Яго прыход ва унiверсiтэт асвяцiў шлях нашага ВНУ новай этналагiчнай плынню. Калi мы сем гадоў таму ўпершыню набiралi студэнтаў на спецыяльнасць “народныя духавыя iнструменты”, многiя ўсмiхалiся, не верылi ў поспех нашай справы. Маўляў, што можа паказаць Гром у тым сонме музычнай iнструментальнай культуры, якая ўжо ёсць? Уладзiмiр Мiкалаевiч надзелены вялiкай мiсiяй вярнуць нашаму народу памяць, што была некалi рассеяна ў сумятнi доўгiх гадоў. I той цiхi i ў той жа час узрушаны спеў, i вельмi далiкатны беларускi танец, i цудоўнае гучанне народных iнструментаў. Няхай дасць Грому Бог вялiкай сiлы i далей выконваць сваю мiсiю!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter