Шаноўная рагуля

Шматлікія народы свету ўшаноўвалі карову-карміцельку як чароўную, недатыкальную істоту. У славян да каровы было вельмі беражлівае, нават далікатнае стаўленне, яна заўсёды займала галоўнае месца сярод хатніх жывёлін: “Селянін скацінкай жывы”, “Карова на двары — ежа на стале”, “Сваё цяля лепшае, чым заморская карова”. На працягу стагоддзяў фарміраваліся своеасаблівыя правілы  ва ўзаемаадносінах паміж гаспадаром і каровай.

Шматлікія народы свету ўшаноўвалі карову-карміцельку як чароўную, недатыкальную істоту. У славян да каровы было вельмі беражлівае, нават далікатнае стаўленне, яна заўсёды займала галоўнае месца сярод хатніх жывёлін: “Селянін скацінкай жывы”, “Карова на двары — ежа на стале”, “Сваё цяля лепшае, чым заморская карова”. На працягу стагоддзяў фарміраваліся своеасаблівыя правілы  ва ўзаемаадносінах паміж гаспадаром і каровай.

“Карову палкай біць — малака не піць”.
“Карова ў цяпле — малако на стале”.
“Смятану любіць — кароўку карміць”.
Каб набытая карова не сумавала па старых гаспадарах, ёй трэба было даць новую мянушку; калі на працягу некаторага часу карова не рэагавала ні на адно імя, гэта было дрэнным знакам. Казалі так: “Карова без мянушкі — мяса, і яе неўзабаве зарэжуць”.
На працягу года ў дачыненні да каровы выконвалі шэраг ахоўных  дзеянняў. Так, на Вадохрышча яе абавязкова крапілі святой вадой; на Грамніцы абносілі падпаленай свечкай і прыпальвалі трохі поўсці на галаве; на Юр’я абносілі чацвярговай соллю і велікодным яйкам; у дні святкавання Сёмухі і Купалля на шыю каровы абавязкова вешалі вянок-абярэг з лекавай травы і крапівы; на Спаса абсыпалі асвячоным макам.
Як толькі карова ўпершыню пакідала межы двара, ёй на шыю вешалі званок, які быў для яе надзейным абярэгам.
Калі ў каровы знікала малако, гэта было бядой для сям’і. Таму некаторыя правілы выконваліся з асаблівай строгасцю. Так, калі карову даілі, побач не павінна было быць старонніх людзей; забаранялася ставіць даёнку на крэсла або цэбар.
Падчас цялення забаранялася прысутнасць чужых людзей; з хаты нічога не выносілі, не пазычалі на працягу трох дзён.
Адразу пасля таго як цяля з’явілася на свет, і яго, і карову апырсквалі святой каляднай вадой і абсыпалі чацвярговай соллю.
Каб быць з малаком, у той дзень (або на наступны), калі карова ацялілася, неабходна было да ўзыходу сонца ўзяць ваду з трох калодзежаў і памыць ёю вымя каровы.
Ёсць яшчэ адно правіла, якое ведае добрая гаспадыня. Пасля ацёлу каровы трэба ўважліва лічыць удоі. Толькі пасля 3-га ўдою да каровы падпускалі цяля, пасля 9-га — варылі “малодзіва” дзецям, а пасля 40-га ўжо можна было піць сырадой.
Пры першым выгане каровы ў поле ёй давалі пераступіць праз чапялу, прымаўляючы: “Як чапяла ад печкі не адыходзіць, так і скаціна ад двара хай бы не адыходзіла”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter