Шалом, жыхары Беларусі!

Найлепшыя малітвы — праспяваныя разам У ансамблі яўрэйскай музыкі “Шаломчык”, які збіраецца выступіць на фестывалі ў Гродне, удзельнічаюць дзеці розных нацыянальнасцей. Калі займаешся агульнай цікавай справай, такая разнастайнасць толькі дапамагае.

На мове радасці

“Шмат дзяцей розных нацыянальнасцей жадае займацца ў дзiцячым  калектыве, і гэта вельмі радуе. Але няма такой магчымасцi, i мы выбiраем самых таленавiтых”, — расказвае мастацкі кіраўнік “Шаломчыка” Тамара Далжанская. Хоць усім і цікава, але на вялікую кампанію сіл аднаго педагога не хопіць. Таму ў ансамблі, які створаны ў Лідзе, удзельнічаюць толькі каля 15 дзяцей.
Але ў далейшым могуць спатрэбіцца і свежыя сілы. У межах праекта “Яўрэйскія святы як сродак міжнацыянальных зносін” плануецца паставіць шэраг музычна-паэтычных спектакляў — “ёнтэфшпiляў”. Іх удзельнікамі стануць дзеці розных нацыянальнасцей ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў. У сакавiку ўжо адбылася пастаноўка да свята Пурым. У блі-жэйшых планах — прадстаўленні, прысвечаныя Шабату і Сукоту. Пасля іх, напэўна, будуць і іншыя.
Народны ансамбль яўрэйскай музыкi “Шалом” (у перакладзе — “мір вам”), якiм кiруе Мiхаiл Дзвiлянскi,  i дзiцячы ансамбль “Шаломчык” спяваюць не толькi на iўрыце. У iх выкананнi гучаць песнi на беларускай, рускай і англiйскай мовах. Жыхары Мiнска, Брэста, Гродна, Полацка, Бярозаўкi, Свiслачы, Лiды, Мастоў неаднойчы з цеплынёй сустракалi артыстаў. Былі яны і за межамi Беларусi — у Расii, Украiне, Лiтве, Iзраiлі.
“У кожнай культуры ёсць нешта каштоўнае, значнае, iндывiдуальнае, — адзначае Тамара Далжанская. — Мы жывём у Беларусi, ведаем беларускую мову,  любуемся  прыродай, спяваем беларускiя песнi i вывучаем традыцыi і культуру яўрэйскага народа. I гэта цудоўна! Толькi ў згодзе i мiры людзi могуць быць шчаслiвымi, на якой бы мове яны не размаўлялi”.

Не будземабыякавымі!

Музычная творчасць — толькі частка жыцця нацыянальнай суполкі.
Рэгіянальнае мемарыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне горада Ліды, старшынёй якога з’яўляецца Тамара Далжанская, дзейнічае з 1996 года і аб’ядноўвае звыш 130 чалавек. Асноўныя задачы аб’яднання — захаванне памяці ахвяр халакоста часоў Другой сусветнай вайны, адраджэнне культуры, гісторыі, традыцый яўрэйскага народа, умацаванне міжнацыянальных сувязей.
У Лідзе таксама дзейнічае рэлігійная суполка прагрэсіўнага іудаізму, члены якой прытрымліваюцца рэфармісцкай плыні. Глыбіннае гучанне малітваў дапаўняецца сучаснай манерай іх выканання. Многія малітвы гучаць, як песні.
Школа выхаднога дня, якая працуе ў Лідзе, дае магчымасць вывучаць іўрыт, гісторыю і традыцыі яўрэйскага народа, далучыцца да нацыянальнай музыкі, песень і танцаў. Займаюцца дзеці і выяўленчым мастацтвам.
Яшчэ адна неад’емная частка жыцця суполкі — дапамога сталым людзям.
“Дзякуючы падтрымцы мясцовай улады мы можам не толькі развіваць свае нацыянальныя традыцыі, але і захоўваць тры мемарыялы пад Лідай, дзе былі пахаваны каля 8,5 тысячы ахвяраў халакоста”, — гаворыць Тамара Далжанская. Пра гэтую трагедыю мы не павінны забывацца, каб нашыя дзеці ніколі не былі ахвярамі, палачамі ці абыякавымі назіральнікамі.

Яднаючыя святы

“Нам пашанцавала жыць у мiры i згодзе разам з прадстаўнiкамi iншых нацыянальнасцей Беларусі, мець магчымасць захоўваць рэлiгiйныя i традыцыйныя звычаi, — шчыра гаворыць Тамара Далжанская. — Мы нарадзiлicя i выраслi ў гэтай краіне i ўдзячныя ўсiм тым, хто спрыяе развiццю культуры розных нацыянальнасцей i наладжванню міжканфесiйнага дыялога”.
У кожнага народа iснуюць свае традыцыi, неад’емнай часткай якiх з’яўляюцца  святы. Рошашана (яўрэйскі новы год), Сукот, Ханука, Пурым, Песах, Шабат, а таксама іншыя святы адзначаюць у яўрэйскай суполцы ў Лідзе. Шабат — сустрэча суботы, гэта той дзень, калi 20—50 удзельнікаў збiраюцца разам, каб далучыцца да традыцый свайго народа.

Розныяі прыцягальныя

Шматнацыянальная краіна — гэта добра. “Жывучы на гэтай зямлі шмат гадоў, — прызнаецца Тамара Далжанская, — я не адчувала якой-небудзь прынцыповай розніцы, якой нацыянальнасці чалавек. Канешне, ёсць людзі, якія па-свойму да гэтага ставяцца,  на мой погляд — гэта не правiльна.
— А чаму сярод яўрэяў так шмат медыкаў, дзеячаў культуры, бізнесменаў? — гэта пытанне цікавіла, напэўна, не толькі мяне.
— Так складвалася вякамi. У яўрэяў былі схільнасці да гандлю, медыцыны, педагогікі, мастацтва. Яўрэяў называлi народам кнiгi. Гэта было гістарычна абумоўлена, — прапанавала як адну з версій Тамара Далжанская.
— А чаму так шмат анекдотаў пра яўрэяў?
— А чаму так шмат анекдотаў пра рускіх? — пытаннем на пытанне адказала яна. — У кожнага народа ёсць свой менталітэт, культура, уклад жыцця — усё гэта і знаходзiць адлюстраванне ў такой форме, як анекдот. Ёсць чатыры тыпы тэмпераменту, але чалавека з пэўным тыпам, відаць, не сустрэнеш. Так і людзі адной і той жа нацыянальнасці бываюць розныя. У анекдоты ж трапляюць нейкія абагульненыя рысы. Анекдоты — люстэрка жыцця, можна сказаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter