Сесці па чыну

Стол заўсёды з’яўляўся галоўным месцам завіхання гаспадароў. За сталом — штодзённым або святочным — у кожнага было сваё месца.
Гаспадар хаты  сядзеў на самым ганаровым месцы — у чырвоным куце, пад абразамі. Калі ў сям’і не было бацькі, яго месца займаў старэйшы жанаты сын. Калі сын быў яшчэ нежанаты, то лідэрства ў сям’і належала маці. Па баках ад гаспадара рассаджваліся старэйшыя мужчыны і жанчыны, а за імі малодшыя члены сям’і. Строга сачылі за тым, каб за сталом адначасова не сядзела трынаццаць чалавек.
За святочным сталом (на вяселлі, хрэсьбінах, улазінах) муж і жонка павінны былі абавязкова садзіцца побач, што сімвалізавала непарушнае адзінства заручанай пары. муж і жонка не павінны садзіцца цераз вугал стала (вугал, як і нож, здольны толькі падзяляць), так, каб паміж імі сеў нехта чужы. Асабліва недаравальна, калі ў такое становішча трапляюць толькі што заручаныя пары.
Памінальны (жалобны) стол быў выключэннем з агульнапрынятых норм звычайных і святочных паводзін і вымагаў асаблівых адносін да сябе. Усё, што было з ім звязана: і характар паводзін людзей, і асаблівасці сервіроўкі, і комплекс страў, якія гатавалі для памінальнай трызны — мела прама супрацьлеглую накіраванасць у параўнанні з вясельным або радзінным сталом і абрадамі. На памінальны стол абрус засцілалі левым бокам, а муж і жонка садзіліся цераз стол — насупраць адзін аднаго. Гэтым выключным па сваёй ідэйнай напоўненасці крокам нашы продкі вырашалі праблему, якая сфармулявана ў прыказцы “Не лезь паперад бацькі ў пекла”. Муж і жонка ў такім выпадку сімвалічна адначасова рухаліся па дарозе жыцця (уздоўж бакоў стала) да сваёй старасці. Пра такіх людзей казалі: “Во шчаслівыя людзі: у адзін дзень павянчаліся, у адзін і памерлі”.  На памінках старэйшыя першымі заходзілі за стол, а бліжэй да парога рассаджваліся маладзейшыя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter