Сэрца Розы, якая пабудавала каплiцу i iграе на балалайцы

Роза i Iосiф з роду Барысевiчаў з вёскi Мiкалаёва, шчырыя беларусы сталага ўзросту, прывыклi да сваiх iмёнаў у рускамоўным варыянце. Стала жывуць на правым беразе Заходняй Дзвiны, у глыбiнцы Прыдзвiнскага краю, дзе спакон веку жылi iх дзяды i прадзеды, гавораць на роднай мове, вядома ж, слоўца матчына мiлагучней i цяплей.

— Мацi давала iмёны нам па ксёнжцы, у гонар тых святых, чые iмянiны адзначалiся ў дзень народзiнаў, — гаворыць Роза Людвiгаўна i пералiчвае ўсiх братоў i сясцёр: Ян, Вiнцэнт, Альжбэта, Павел, Юзэф, Ганна.
Разалiя маладзейшая за ўсiх, у гэтым годзе ёй спаўняецца 80 год. Па-рознаму склаўся лёс яе родных. Мацi памерла, калi Розе было ўсяго 8 месяцаў. Старэйшага брата арыштавалi ў 1937-м i на трэцi дзень расстралялi, бацьку забралi праз год, расстралялi ў Курапатах пад Мiнскам. Нацярпелася, напрацавалася Роза за ўсё жыццё. I толькi вось зараз, гаворыць, адчула радасць ды асалоду жыцця, але ж век чалавека нядоўгi... Яна i не сумуе, вялiкая аптымiстка, а яе стваральнай энергii хопiць на некалькi чалавек. Як цудоўная ружа — найпрыгажэйшая кветачка ў квiтнеючым садзе, Роза Людвiгаўна шчаслiвая, калi ў дзяцей усё добра, i дома парадак. У Барысевiчаў чацвёра дзяцей i восем унукаў. Самая маладзейшая дачка Галiна жыве з зяцем побач. Яна — сакратар Ульскага пасялковага Савета. Астатнiя дзецi — у Вiцебску, Наваполацку i нават на Далёкiм Усходзе. Дарэчы, пяць гадоў таму Роза ездзiла ў госцi да iх. Цягнiк вёз яе сем дзён туды i восем назад. Але ж галоўнае — пабачылася з дзецьмi.
Пакуль мы з Розай Людвiгаўнай глядзелi фотаздымкi з сямейнага альбома, надышоў час Рагулю даiць.
— Дзядулька, мiленькi, — звяртаецца яна ласкава да мужа. I той без слоў усё разумее, накiроўваецца сам справiцца па гаспадарцы. Яны заўсёды дапамагаюць адзiн аднаму. Разам i пчол даглядаюць, i сена сушаць, грыбы, ягады збiраюць. Ды цi ж мала ў вёсцы працы, асаблiва ўлетку. Раней неяк пчолы ў iх не вялiся, гiнулi ўзiмку. Але Роза пераканалася — за iх малiцца трэба, i пчолы самi сталi прылятаць да iх, кожную вясну — новая сям’я.
Мiкалаёва раскiнулася ўздоўж Заходняй Дзвiны, на самай мяжы Шумiлiнскага раёна. На другiм баку ракi — пасёлак Ула, гэта ўжо тэрыторыя Бешанковiцкага раёна. Але тутэйшыя жыхары не прызнаюць адмiнiстрацыйных падзелаў: мiкалаёўскiя людзi шукаюць працу ў Уле, а ўльскiя, калi што, наведваюцца ў Мiкалаёва. Балазе, мост нядаўна праз Дзвiну пабудавалi, раней паромнай пераправай карысталiся. Цяпер з моста добра праглядаюцца дзвiнскiя пляжы i астравы. Рака ў гэтым месцы незвычайна прыгожая.
— Я верыў, што мост з’явiцца, — гаворыць Iосiф Iванавiч, — таму далей ад дарогi ставiў хату, а перад ёй лiпы, бярозы садзiў. Зараз яны выраслi i служаць нам цудоўнай абаронай ад транзiтнага транспарту. Праз гэты мост дарога з Шумiлiна на Мiнск блiжэйшая. 
Яшчэ нядаўна слава пра Мiкалаёва iшла на ўсю краiну. У 60-я гады тут быў арганiзаваны птушкагадоўчы саўгас. А праз 15 год пад апекай Белптушкапрама тут пачалi будаваць племрэпрадуктар. З’явiлiся новыя карпусы, сховiшчы, кацельня, лазня, сталоўка, дзiцячы садок, жылыя дамы i цеплатраса. Мясцовыя жыхары ганарылiся сваёй фабрыкай: пяцiгодку — за чатыры гады! Дарэчы, Барысевiчы працавалi на ёй: яна — птушнiцай (стала ветэранам працы), ён — экскаватаршчыкам. Нават падумаць тады не маглi, што лёс гэтага прадпрыемства будзе такi незайздросны. У лютыя маразы 2003 года размарозiлася цеплатраса, а сродкаў у нерэнтабельнай гаспадаркi не было. Памяшканнi фабрыкi апусцелi, яна зачынена. Як нi старалася мясцовае кiраўнiцтва рэанiмiраваць прадпрыемства, усё дарэмна. Балiць душа ў ветэранаў, былых работнiкаў птушкагадоўлi. Не ведаюць ужо да каго звяртацца цi ў якi цуд верыць... Няўжо нельга пабудаваныя карпусы выкарыстаць для якой добрай справы, пытаюцца яны. Накiроўвалi пiсьмы ў самыя высокiя iнстанцыi, але Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi спасылаецца на розныя формы ўласнасцi, i ў перадачы будынкаў фабрыкi адмаўляе.
Роза Барысевiч нiколi не была ў баку ад грамадскага жыцця сваёй вёскi. У размове пра лёс сваёй сям’i час ад часу прыгадвала i гэтую праблему сучаснай занятасцi насельнiцтва. Як не стала працы, дык i жыццё вёскi пайшло быццам на спад. У Мiкалаёве толькi за гэты год нарадзiлася 8 чалавек, а памерла 21. Два гады таму зачынiлi сярэднюю школу, засталася пачатковая.
Роза нарадзiлася на хутары Гайдамакi (на гэтым месцы потым птушнiкi паставiлi). Бацька Людвiг Нячай, калi стварылi калгас, быў конюхам. Насельнiцтва пераважна хадзiла ў касцёл, дубовы, ён стаяў ля могiлак. Роза памятае, як яе маленькую бацька заўсёды браў у храм Божы. Яна ведае: падняць дзяцей пасля смерцi мацi дапамог ксёндз. Але i яго арыштавалi да вайны. Калi касцёл разабралi, у Шумiлiне з яго бярвёнаў склалi пошту, жыхары з усяго наваколля пачалi прасiць брата Розы — Яна, якi адзiны ездзiў на калгаснай машыне, каб той паслаў тэлеграму ў Маскву з просьбай вярнуць касцёл. На пошце пры адпраўленнi гэтай тэлеграмы Яна i затрымалi супрацоўнiкi НКВД. 
Пасля i бацьку абвiнавацiлi ў арганiзацыi шпiёнскай дзейнасцi. У 1956-м рэабiлiтавалi, пасмяротна. Браты ваявалi з нямецкiмi захопнiкамi. Павел загiнуў пад Беластокам. Вiнцэнт дастаўляў прадукты ў блакадны Ленiнград па Ладажскiм возеры.
Роза разам са старэйшай Аняй у вайну заставалiся ў бацькоўскай хаце. Хавалiся ад немцаў. Толькi ўсё роўна ў 1944-м iх абедзвюх адправiлi ў Германiю. Спачатку цягнiком, потым — морам.
— Нас з сястрой было не разлiць вадой, — гаворыць Роза Людвiгаўна. — Ганна памерла сем год назад. У 1999 годзе нас прызналi пацярпелымi ад палiтычных рэпрэсiй.
У пачатку 90-х, калi ў Мiкалаёва прыйшла радасная вестка, што тутэйшыя вернiкi могуць больш не хаваць сваiх рэлiгiйных пачуццяў, Роза першая пачала клапацiцца, каб пабудаваць каплiцу. Месца для яе выбралi каля могiлак. Вельмi дапамог тады мiкалаёўцам i былы старшыня Шумiлiнскага райвыканкама Я.С.Ганчароў.
Роза Барысевiч кiравала сцiплай новабудоўляй, грошы на яе збiрала, свае ўкладвала. Некаторыя аднавяскоўцы часам ёй казалi, не бярыся за гэта, Роза, ты забылася, што было з братам тваiм i бацькам, маўляў, i з цябе спытаюцьi А яна не баялася, таму што верыла. Узгадвала, як ездзiлi вянчацца з Iосiфам аж у Латвiю, на матацыкле. Бо блiжэй касцёла не было.
— 200 кiламетраў да Даўгапiлса, у вёсцы Пустыня, i павянчаў нас ксёндз, ранiцай наступнага дня мы ўжо дамоў вярнулiся, — расказваюць Барысевiчы.
Нiколi не забудзе Роза Людвiгаўна той дзень, калi ў Мiкалаёве з’явiўся ксёндз. Людзi, якiя чакалi святара некалькi дзесяцiгоддзяў, плакалi i жагналiся. Цяпер у Мiкалаёве ўсе ведаюць Розу, якая пабудавала каплiцу.
А яшчэ на свята клiчуць Людвiгаўну сыграць на балалайцы ў мясцовым клубе. Ведае яна пяць кален кадрылi i выконвае iх з асаблiвым iмпэтам. Балалайка ў яе з даваенных часоў. Бацька навучыў яе музыцы, як i астатнiх дзяцей. Браты iгралi на гармонiку, Павел — на мандалiне i скрыпцы, Ганна — на гiтары. Грошай на музычныя iнструменты ў сям’i Людвiга Нячая не шкадавалi. Магчыма, таму, што калi гучыць музыка ў доме, значыць, ён радасцю напаўняецца.
Сэрца поўнiцца любоўю i дабрынёй, калi сустракаеш у жыццi такiх людзей, як Роза i Iосiф Барысевiчы. Ён сцiпла маўчыць, былы севастопальскi марак, якi ў мора хадзiў на тарпедных катэрах, дазваляе больш выказацца жонцы. А яна, цудоўная Роза Людвiгаўна, упершыню з журналiстам мела размову, хацела паспець усё расказаць, ды так хвалявалася...
Жывiце доўга, дарагiя!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter