Сенсацыі з паверхні глебы

У школьным музеі ёсць экспанаты, якімі не можа пахваліцца нават Эрмітаж

У школьным музеі ёсць экспанаты, якімі не можа пахваліцца нават Эрмітаж

Краязнаўца Вітольда Ермалёнка інтуіцыя не падводзіць. Школьны настаўнік гісторыі разам са сваімі вучнямі сабраў 15 тысяч экспанатаў і адкрыў два музеі ў міёрскай СШ № 3. Унікальнага матэрыялу хопіць і на асобныя паўнавартасныя выставы па этнаграфіі, археалогіі ці нумізматыцы: 26 тэм на 26 гадзін вучэбнага працэсу! Гістарычны музей СШ № 3 Міёраў невыпадкова мае статус народнага. А нядаўна насуперак татальнай камп’ютарызацыi i вiдавочнаму знiжэнню цiкавасцi да кнiгi Ермалёнак адкрыў музей кнiгі i друку.

Ідзём па раллі
і збіраем камяні...
Яшчэ ў пачатку сваёй настаўніцкай дзейнасці Вітольд Ермалёнак стварыў археолага-краязнаўчы гурток “Арганаўты мінулага”. Грамадская ініцыятыва, калі пра адраджэнне спадчыны яшчэ і гаворкі не вялося, жыве вось ужо 33 гады і падмацоўваецца відавочнымі вынікамі. Разам са сваімі “арганаўтамі” настаўнік і стварыў археалагічную карту Міёршчыны, і распрацаваў пазвальна-турыстычныя маршруты, — іх ужо чатыры. Ды і наогул, усіх дыпломаў і ўзнагарод, што маюць Ермалёнак і яго гурток, не пералічыць. У 1999 годзе Вітольд Антонавіч стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за духоўнае адраджэнне.
— Пачынаў працаваць у Міёрах, мне ўсе гаварылі: месца малацікавае для гісторыка, маўляў, тут нічога няма, — прыгадвае Ермалёнак. — А зараз тыя ж людзі разводзяць рукамі — памыляліся. Наша зямля невычарпальная. На некаторых паселішчах бываеш і дваццаць разоў, як, напрыклад,  на Дубашынскім Двары, і кожны раз знаходзіш нешта новае.
Усе істотныя археалагічныя раскопкі “арганаўты” праводзілі пад кіраўніцтвам гісторыкаў Акадэміі навук. Пачыналі з Кублішчына ў 1977-м. Потым Пруднікі, Вята, Снегі, Леснае.
Неяк знаёмы прывёз з Казлоўцаў бранзалет і пярсцёнак, гаворыць, убачыў, калі пясок у калгасным кар’еры бралі. “Арганаўты” ўжо раніцай наступнага дня былі каля таго самага кар’ера. Вітольд Антонавіч адразу зразумеў: тут былі старажытныя могілкі X—XII стагоддзяў, прычым не звычайны курган, а пахаванне па хрысціянскім абрадзе. Настаўнік разам са сваімі вучнямі выратавалі ўнікальны помнік археалогіі, не дазволілі гаспадарнікам праводзіць будаўнічыя работы.
Няма ў Міёрскім раёне сцяжынкі, дзе б не ступала нага Ермалёнка і яго вучняў.
— Апошнія гады мы не капаем, рыдлёўкі нам не патрэбны, старажытныя рэчы проста самі трапляюць у рукі, калі ходзіш па свежай раллі, — гаворыць Вітольд Антонавіч. — Дзеці самі прыносяць  акамянеласці, якія сведчаць, што тут 200—300 мільёнаў гадоў таму было мора. Каралы ператварыліся ў акамянеласці. Вось — баявая сякера, якой два тысячагоддзі. А вось сякера каменная: вучань з бацькам абганяў бульбу на сваім агародзе і ўбачыў яе. Ёй каля пяці тысяч гадоў.
Нават шчупакі
пярсцёнкі маюць
Вітольд Ермалёнак упэўнены: знайці старажытную рэч лёгка, а вось даведацца пра гісторыю гэтай знаходкі куды цяжэй.
Аднойчы вучань прынёс драўляны крыж. Убачыў, што будаўнікі разбіраюць хату і крыж разам з друзам выкінулі. Пазней высветлілася, што гэты крыж да сярэдзіны мінулага стагоддзя стаяў каля вёскі Карпачова. Калі ж крыжы ўздоўж дарог загадалі ліквідаваць, веруючы чалавек схаваў яго у сябе дома. Цяпер крыж — ахоўнік школьнага музея.
Арыгінальных, брэндавых знаходак у Вітольда Ермалёнка шмат, паглядзець на іх едуць і апантаныя навукоўцы, і госці з іншых краін. За ўвесь час існавання школьнага гістарычнага музея яго наведалі 60 тысяч чалавек. Ёсць тут і адзіная знаходка на Беларусі — выява сабачкі на гліне, якой 4 тысячы гадоў. Прадметы мастацтва першабытных людзей  для археолагаў — амаль сенсацыя. А вось падвеска-браксiят — арабская манета, якой няма нават у калекцыі Эрмiтажа. Інтуіцыя прывяла краязнаўца і да месца са скарбам: у Міёрах ён знайшоў збан з манетамі Рэчы Паспалітай: трыста манет па аднаму злотаму.
Брэндам музея лічыцца пярсцёнак, зняты з жабраў шчупака. Яго перадалі настаўніку мясцовыя рыбаловы. Аказалася, шчупак праплаваў 110 гадоў. Гісторыя знаходкі такая. У 1884 годзе рыбак з Камянполля прынес пану малога шчупака. А той загадаў з манеты выбіць пярсцёнак, на якім напісаць год, закальцаваць жабры і выпусціць шчупака на волю.
Адкрыццё другога школьнага музея — кнігі і друку — асобная старонка дзейнасці міёрскага настаўніка-энтузіяста. Разам з настаўніцай працы Таццянай Міхайлаўнай Пацеенак і вучнямі яны зрабілі амаль немагчымае. На музейную справу яны не шукалі інвестыцый, усё зрабілі сваімі рукамі. Сапраўдныя энтузіясты сваіх сіл і ўласных рэсурсаў для захавання спадчыны не шкадуюць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter