Сенненскія далягляды. Найлепшы далягляд на Сянно адкрываецца з самай высокай кропкі — салдацкай горкі.

На беразе маляўнічага Сенненскага возера раскінуўся, як на далоні, горад. “Паедзем за сенам у Сеннае”, — казалі нашыя продкі. Славілася павятовае мястэчка сваім сенным кірмашом. Менавіта з ім і звязваюць паходжанне назвы райцэнтра Сянно, ці па-ранейшаму Сенна, Сеннае.

На беразе маляўнічага Сенненскага возера раскінуўся, як на далоні, горад. “Паедзем за сенам у Сеннае”, — казалі нашыя продкі. Славілася павятовае мястэчка сваім сенным кірмашом. Менавіта з ім і звязваюць паходжанне назвы райцэнтра Сянно, ці па-ранейшаму Сенна, Сеннае. Першае ўпамінанне пра Сянно датуецца 1442 годам (часы праўлення Вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Казіміра ІV Ягелончык). У свой час валодалі Сянно вядомыя беларускія роды: Астрожскія, Сенскія, Друцкія, Курчы, Сапегі, Агінскія. Сенненшчына заўсёды была пляцам для войнаў. Падчас Паўночнай вайны быў спалены (шведамі) сенненскі замак, пабудаваны Дзмітрыем Сапегам у 1573 годзе. Не прайшлі міма напалеонаўскія орды маршалаў Віктора, Даву, Удзіно. Пра Вялікую Айчынную і казаць няма чаго. І тое, што зараз тут захавалася, ужо можна лічыць цудам.

Паміж эпох,
Невыразных і шэрых,
Сярод пакутнікаў і герояў
У Беларусі было
найвялікшых трое:
Каліноўскі, Купала,
Машэраў.
Наўрад ці сенненскі хлапчук марыў, што сучаснікі і нашчадкі паставяць яго імя ў адзін рад з імёнамі такіх найвялікшых беларусаў. Вёска Шыркі Машканскага сельсавета Сенненскага раёна месціцца на рацэ Абалянка. Пасярэдзіне вёскі стаяла невялікая сялянская хата Мірона і Дар’і Машэравых. 13 лютага 1918 года тут нарадзіўся хлопчык Пеця — будучы Герой Савецкага Саюза, кіраўнік Беларускай Рэспублікі Пётр Міронавіч Машэраў. Акрамя яго ў сям’і выхоўвалася яшчэ сямёра дзяцей. Вучыўся спачатку ў Грыбаўскай пачатковай школе, потым скончыў Машканскую сямігодку. Тут, дарэчы, юнак і вызначыўся з прафесіяй. Вельмі ж падабаўся хлопцу мясцовы настаўнік матэматыкі. Бацькоўскі дом у Шырках да нашага часу не захаваўся. На яго месцы ўсталявана стэла. А вось пры Машканскай школе працуе музей знакамітага земляка. Ды і мясцовая гаспадарка — адна з наймацнейшых у раёне — носіць яго імя.

Найстаражытнае свяцілішча

Вёска Пярэспа, Беліцкі сельсавет. У самым гушчары непралазнага лесу, сярод багнаў схавана найстаражытнейшае паганскае свяцілішча. Капішча ўяўляе сабой круглую пляцоўку, у цэнтры якой узвышаецца магутны дуб у чатыры абхваты. Каля дрэва выкладзена ахвярнае вогнішча — “Жыжай”. Найбольшую ўвагу прыцягвае галоўны ідал — чатырохвугольны каменны слуп вышынёй 70 сантыметраў з высечанай зверху галавой. На камянях, што ляжаць побач з ім, добра відаць салярныя знакі. Уверсе — сонца, а ўнізе — зямля. Па меркаванні, ідал азначае бога Сонца Ярылу. Капішча адноўлена археолагамі згодна са старажытным абрадам.

Ад Ваньковіча да Купалы

Класік беларускай літаратуры не абмінуў сваім візітам Сенненскі край. Малады Янка Купала пачынаў свой шлях у паэзію на тутэйшых абшарах. У 1903—1904 гадах Іван Луцэвіч служыў малодшым прыказчыкам у канторы маёнтка Свяцкіх. Па ўспамінах старажылаў, малады чалавек замест таго, каб загадваць, чытаў свае вершы сялянам, чым выклікаў незадавальненне начальства. На жаль, сшыткі з першымі купалаўскімі творамі згубіліся.
Не менш выбітная і сама сядзіба — адна з багацейшых на Беларусі, вядомая яшчэ з ХVI стагоддзя. Мураваны беліцкі палац —  помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў пачатку ХІХ стагоддзя, ён пашыраўся і перабудоўваўся на працягу стагоддзя. У 1907—1911 гадах была дабудавана васьмівугольная вежа работы познаньскага архітэктара Ул.Мячкоўскага. У параўнанні з велізарнымі даходамі яго гаспадароў (маёнтак быў вялікім прамысловым цэнтрам з броварам, мукамольняй і крупадзерняй), інтэр’ер вылучаўся адноснай сціпласцю. Галоўным багаццем была калекцыя карцін беларускіх і польскіх мастакоў. З устанаўленнем савецкай улады, падчас паўстання Доўбар-Мусніцкага ў 1918 годзе, гаспадары Беліцы вывезлі ўсю маёмасць у Польшу.

Жывая вада

Хто б ні ехаў, ні ішоў па Віцебскай шашы, ніхто не абміне крынічку-каплічку. Абавязкова напоўніць бутлю гаючай вадой ці, паставіўшы далонь пад студзёны струмень, спатоліць смагу і падмацуе здароўе. Вада ў ёй — асаблівая! У свой час яе лекавыя ўласцівасці апісаў заснавальнік рускай мінералагічнай школы акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук Васіль Севяргін: “...вода имеет серопеченочный (сероводородный) запах, облегчает грудь, когда пьют оной стакана два по утру”. Пры крынічцы была пабудавана капліца. З’явілася яна, хутчэй за ўсё, адразу пасля ўвядзення ў мясцовасці хрысціянства. Збудаванне было драўлянае. Па меры яго старэння аднаўлялася гаспадарамі горада. У 1937 годзе каплічку разбурылі. Але слава аб крынічцы засталася і па сённяшні дзень.

Італьянскае барока ў беларускім мястэчку

Касцёл Святой Тройцы сапраўды рэдкі па прыгажосці, адзін з лепшых прыкладаў позняга барока не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. Велічнасць будынка дасягалася гульнёй свету дзякуючы складаным профілям карнізаў і паглыбленняў. Уражанне ад інтэр’ера ўзмацнялі распісны купал, шматлікія скульптуры анёлаў і святых, каштоўныя матэрыялы ўпрыгожванняў і жырандолі, дзівосны гук аргана. Фундатарамі будаўніцтва каталіцкай жамчужыны ў 1768—1772 гадах выступілі тагачасныя ўладары Сянно Тадэвуш і Ядвіга Агінскія, архітэктарам — знакаміты віленскі дойлід Іоган Вільгельм Фрэзэр. Працаваў касцёл да 1937 года. І, перажыўшы сталінскае ліхалецце і Вялікую Айчынную, быў узарваны ў 1962 годзе. Сёння ад касцёльнага комплексу застаўся толькі кляштар францысканцаў — самы стары будынак райцэнтра. Тут месціліся першая школа і бібліятэка ў Сянно. Апошнім святаром сенненскага касцёла з’яўляўся беларускі паэт, сябра Купалы і Коласа Андрэй Зязюля.

Чорнае лета 1941-га

6—10 ліпеня 1941 года на Сенненскай зямлі адбылася вялікая па маштабах танкавая бітва на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Яна стала асновай так званага Лепельскага контрудару 20-й арміі, мэтай якога было не дапусціць 3-ю танкавую групу генерала Г.Гота да Віцебска.
Жорсткія баі за Сянно ішлі тры дні, тры разы горад пераходзіў з рук у рукі. Нашы страты ў людзях і тэхніцы перавысілі 60 працэнтаў. Апошнімі абаронцамі Сенненшчыны была група невядомых байцоў, якія доўга ўтрымлівалі невялікі ўчастак дарогі Орша—Віцебск. Некалькі разоў гітлераўцы спрабавалі зняць абарону, але змаглі прайсці толькі тады, калі нікога з чырвонаармейцаў у жывых не засталося. Гэтая бітва паслужыла сюжэтам для карцін “Бой пад Сянно” народнага мастака БССР В.Волкава і “Танкавы бой пад Сянно” М.Назарчука. Першая карціна захоўваецца ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, другая — у Сенненскім краязнаўчым музеі.

Камень-кравец

Нідзе няма такой колькасці валуноў, як на Сенненшчыне. Самы вядомы ляжыць ля вёскі Вароніна Нямойтаўскага сельсавета. Чортаў камень — другі па велічыні валун на Беларусі. Яго даўжыня — 10,2 метра, шырыня — 6 метраў, вышыня — 4 метры. Калі ўважліва ўгледзецца ў паверхню валуна, можна заўважыць выявы нажніц, іголак і манет. Згодна з паданнем, у балоце каля каменя жыў чорт. Адрозніваўся ён ад сваіх супляменнікаў добрым стаўленнем да людзей і здольнасцю да кравецкай справы. Месцічы клалі на камень палатно і грошы, а назаўтра забіралі гатовае аддзенне. Таму камень называлі яшчэ Краўцом. Неяк жыхары вырашылі памераць дно чортавай дрыгвы. Звязалі разам дзве вялізныя жардзіны, але так і не дасталі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter